Ніхто ня кажа Скрабцу: трэба галадаць да вызваленьня. Няма каму. Ніхто ня мае маральнага права.

Быкаў меў бы, напэўна. Быкаў, які застаецца пунктам адліку. Мы спыталі чалавека, які сам галадаў, адседзеўшы 8 гадоў у савецкай турме — Яўгена Сьверсьцюка. Як дзейнічалі ўкраінскія дысыдэнты ў падобнай сытуацыі? Ён проста апавядае пра свой досьвед. Але сытуацыя Скрабца і ўсіх нас неяк адразу робіцца ясьнейшай.

СМІ хапаюцца за паведамленьні, што Скрабец спыніў галадоўку. А ён не спыняе. Ня хоча гніць у турме. Хто б думаў летась, калі «дэпутаты набіралі вагу», што будзе такі дубль два.

Непаваротлівы наш палітыкум. Галадоўка — а «ўсё ідзе па пляне». Галадоўка! А ніводнай акцыі салідарнасьці. Не прадугледжана «стратэгічным плянаваньнем».

Чым яшчэ запомніўся мінулы тыдзень? Як міліцыя, пажарныя і КДБ млява, але арганізавана заміналі праводзіць раённыя сходы па вылучэньні дэлегатаў на Кангрэс дэмакратычных сілаў. Цырк прыехаў у райцэнтры. От дэмакратыя — нават вылучыць альтэрнатыўнага кандыдата не даюць.

Антыпод Лёліка Ушкіна, Алесь Белы, спыняе ўвагу на судзе над актывістамі беларускага руху Беласточчыны. «Лёс беларусаў Падляшша важны як знак. Калі сківіцы польскай бюракратыі разжуюць і выплюнуць іх, тады ўсе нашы спадзяваньні на Эўропу марныя». «Муштарда».

«Апошняе пакаленьне дробнай шляхты сьвяткавала Тройцу, як не сьвяткуюць нават Вялікдзень ці Купальле». Не прамініце, калі ласка, сьветлае эсэ Тацяны Барысік «Тройца. Зелянец. Пяцідзясятніца».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0