У Мастацкай галерэі Полацку адбываецца пэрсанальная выстава Алеся Ксяндзова «Нараджэньне Вэнэры».

Мастак прывёз у старажытны горад дзьве вялікія сэрыі жывапісных прац «Нітка жэмчугу» і «Арлекіна» і сэрыю жаночых партрэтаў. Нягледзячы на пачатак летняга сэзону, на вэрнісаж сабралася багата народу.

Ксяндзоў — модны мастак. Карціны з сэрыі «Нітка жэмчугу» найбольш адпавядаюць запатрабаваньням моды — на іх у розных паставах намаляваны аголеныя жаночыя фігуры з жамчужнымі каралямі. Яны намаляваны ў адмысловай напаўасьветленай манеры, са стылізаванай прарысоўкай абрысаў фігурыстых целаў. Гэтай майстэрскай стылізацыяй яго карціны і адрозьніваюцца ад мастацкіх здымкаў у якім-небудзь адмысловым глянцавым часопісе, накшталт «Плэйбоя».

Быць модным — гэта ня толькі ўмець эпатажаваць публіку, выклікаць у яе павышаную цікавасьць, але й быць вельмі непаўторным. Найвялікшае майстэрства непаўторнасьці — калі яно дасягаецца мінімалісцкімі выяўленчымі сродкамі, літаральна некалькімі рысамі, двума-трыма мазкамі. Ксяндзоў — менавіта з такіх непаўторных.

Пасьля афіцыйнай часткі мастак адказваў на пытаньні. Выглядаў ён імпазантна — у пінжаку і гальштуку жоўтага колеру, як сапраўдны актор, які ведае, што падабацца — гэта вялікая, няпростая навука.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0