Шклярафф і інкунабула

Калекцыянэр Шклярафф мог і душу прадаць за патрэбную яму кнігу. Я так думаю, але доказаў пра продаж душы ня маю. Зразумела, шмат хто хацеў бы мець падобныя доказы, але дзе ж ты іх возьмеш?! А вось тое, што Шклярафф ажаніўся дзеля атрыманьня інкунабулы, ведалі многія. У вясковай цёткі была старажытная кніга. Шклярафф да гэтай цёткі і з аднаго боку падкотваўся, і з другога пад’яжджаў, а яна інкунабулу не прадавала і не праменьвала. «Ну што ты хочаш за сваю рэліквію?» — пытаўся азартны зьбіральнік старызны. «Хачу, каб ты маю дачку замуж узяў. Як возьмеш дачку, я табе на вясельлі кнігу і аддам!» Аддала баба інкунабулу, а Шклярафф з бабінай дачкою пражыў доўгае жыцьцё, і дзеці ў іх панараджаліся разумныя.

05.06.2005, 14:44

Цішын і шэсьце

Тысяч 50 ідзе па вуліцы Багдановіча. Па краі калёны Цішын шыбуе. «Ты што тут робіш?» — «Калі выходзіла 5 ці 10, я не ішоў. Калі вываліла 50, як можна не далучыцца? Раптам адбудзецца пераварот, а я не пабачу яго на свае вочы! Такое нельга прапусьціць мастаку. Такое трэба глядзець!» — «Зьбіраеш матэрыял на карціну «Рэвалюцыя ў Менску»?» — «Не!!! Рэвалюцыі на палотнах мяне больш не натхняюць. Прайшло, сплыло, прамінула… Сонечны хаос. Касьмічны антыпарадак. Каляровая бязьмежнасьць і графічная матэматычнасьць… Гэта мяне захапляе. Тутака грамадзянскі доўг, ці як яго назваць? Ты пісьменьнік, ты і называй, а я пайду наперад, там будзе цікавей…» Ён прысьпешыў хаду. Грамадзянскі доўг і свабодны мастак, абсурднае злучэньне заўсёды перамешвалася ў Цішыне.

09.02.2005, 15:58

Кашкурэвіч і дамовы

Дамаўляцца зь Ігарам Кашкурэвічам цяжка, бо дамовіцца зь ім немагчыма. У нейкай ступені паразумецца можна, але толькі ў той ступені, у якой ён сам захоча таго паразуменьня. «Што гэта за мастак, калі ён не свабдны, калі ён малюе елку пад дыктоўку? Мастак мусіць захоўваць і ахоўваць сваю свабоду, інакш ён не мастак!» — «Ты ж выконваеш замовы?» — «Толькі тыя, што захачу. А не захачу і ня выканаю». — «Ты ж ніколі нікому не адмаўляеш?» — «Проста я не прагаворваю адмову ўголас. Я адмаўляю пра сябе. Ціха так шапчу сабе пад нос «а пайшлі вы да д’ябла», а ўголас кажу «так, усё зраблю, усё выканаю, ніякіх праблемаў»… Калі з чалавекам можна дамовіцца, ён ужо не мастак. Мастак — цалкам свабодны чалавек. Мастак — апошняя ў сьвеце прафэсія, якая дазваляе спазьняцца на працу. Прафэсія, якая ўзаконіла абавязковасьць натхненьня і свабоды».

10.02.2005, 15:20

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0