«Мову ні ў якім разе нельга рабіць палітычным чыньнікам», — папярэджвае гісторык Мікола Нікалаеў.

Падчас Чацьвертага кангрэсу беларусістаў зь ім гутарыў Сяргей Богдан.

«НН»: Як вы ацэньваеце вынікі апошняга кангрэсу беларусістаў?

Мікола Нікалаеў: Арганізацыйна кангрэс быў складаным: адыходзіць адно пакаленьне беларусістаў, прыходзіць другое. Многае ў Асацыяцыі трымалася на Адаму Мальдзісу, таму хваляваліся, ці зможа Асацыяцыя працягваць працу. Аднак у Менску ёсьць маладыя энэргічныя дасьледнікі, калі, канешне, Генадзя Сагановіча можна лічыць такім. Па-другое, за 14 гадоў МАБ суполкі сталі самадастатковымі і могуць самастойна працаваць, нават калі Асацыяцыя распадзецца. Былі і навуковыя вынікі Кангрэсу. Сёлета было менш грамадзка-палітычных тэм, а больш навуковых, навукова-палітычных. Былі даклады, у тым ліку заходніх прафэсараў, дзе зазначалася: кепска, калі правапіс нейкай мовы неўнармаваны, але нашмат горш, калі ёсьць два ўнармаваныя правапісы.

Зьмена палітычнай лініі

«НН»: Якая сытуацыя зь беларусазнаўствам у Расеі?

МН: У СССР беларусістыкай займаліся толькі ў Беларусі, у расейскіх ВНУ беларуская мова не выкладалася. Пытаньне ўзьнікла пасьля паўстаньня незалежных дзяржаў. Мне прапанавалі ў Санкт-Пецярбурскім ўнівэрсытэце скласьці праграмы беларусістыкі. Я зрабіў на ўзор сэрбістыкі, але новы кіраўнік Беларусі заняў прарасейскую пазыцыю. А калі мова не выконвае дзяржаўных функцый, дык і рыхтаваць спэцыялістаў накладна. Хоць сёньня ў СПУ выкладаюцца ўсе афрыканскія, азіяцкія і эўрапейскія мовы. У Маскоўскім унівэрсытэце чытаецца курс беларускай мовы, але беларусістыкі як спэцыяльнасьці няма і там. Ёсьць энтузіясты-беларусы, што адкрываюць курсы, як Рудакоў у Сібіры. Мы ў Пецярбургу штогод ладзім канфэрэнцыю «Санкт-Пецярбург у беларускай культуры» і пасьля выдаём «Беларускі зборнік». Часы Імпэратарскага геаграфічнага таварыства, калі дасылаліся экспэдыцыі, фінансаваліся выданьні Шэйна, Сержпутоўскага, мінулі.

У Пецярбурзе куды ні ткніся — беларусы

«НН»: Няма грамадзкай зацікаўленасьці ці існуюць нейкія перашкоды?

МН: Расея вывучае саму сябе.

«НН»: Расейская навука пакутуе на аўтаркію?

МН: У гістарычнай навуцы няма абсалютнага імпэрскага імпэратыву. Зыходзяць з існаваньня сучаснай краіны Беларусь і яе гістарыяграфіі. Вядома, ёсьць і тэндэнцыі, выпрацаваныя да рэвалюцыі. Але калі прыедзеш у Беларусь, дык убачыш у кнігарнях праваслаўнай літаратуры перавыданьні чарнасоценных дарэвалюцыйных кніжачак, якія распальваюць, скажам, варожасьць да каталікоў, што было актуальна для мураўёўскай Расеі XIX ст., але не для сёньняшняй.

Жыцьцё вымагае перамоў

«НН»: Якія станоўчыя тэндэнцыі цешаць Вас у разьвіцьці беларускай культуры за апошнія гады?

МН: Перадусім разьвіцьцё беларускай музыкі, непараўнальна большае, чым гадоў 20 таму, калі былі толькі «Песьняры». Паўстала школа жывапісу, не спыняецца дзейнасьць «Беларускай энцыкляпэдыi».

«НН»: А што з нэгатыву?

МН: На жаль, Беларусь пазбаўленая беларускіх кніг. Менск — гэта горад, за межамі якога пачынаецца Беларусь. Я рэгулярна бываю ў Наваградку — у тамтэйшых крамах няма беларускіх кніжак. Яшчэ на радыё і тэлебачаньні працуе мала інтэлігентных людзей, якія рыхтавалі б культурныя праграмы. Даўней да нас прыяжджалі беларускія тэлевізіёншчыкі, здымалі пра беларускі Пецярбург. Раней я нават адбіваўся быў ад іх, каб гэтыя кнігі мне не замулілі, і іншым разам даваў муляж для здымак ці менш каштоўную кнігу. Цяпер проста не прыяжджаюць.

«НН»: Такім чынам, у беларускай культуры Вам бракуе…

МН: …беларускага кіно, тэлебачаньня, радыё. У літаратуры мне хацелася б мець пераклады, напрыклад, усяго майго любімага Германа Гэсэ. Перакладчыкі ўжо вывесілі асноўныя вехі, асноўных аўтараў пераклалі, але ўсё па адным-двух творах. Але я ня бачу праблемы з тым, што літаратурных часопісаў паменела. На халеру іх шмат? Хай бы лепш яны былі добрыя. Да таго ж, калі знойдзецца чалавек дваццаць энэргічных хлапцоў, якія захочуць стварыць часопіс, то яны яго створаць! Калі ў Беларусі чалавек сто аматараў літаратуры захочуць прасоўваць нейкі напрамак, выпрацуюць кампазыцыю, дык і грошы знойдуцца, і папера.

Менск завалены мураўёўскімі кніжкамі

«НН»: Дзе выйсьце для пасьпяховага разьвіцьця нацыянальнай культуры?

МН: Выйсьце ў супольнай працы ўсёй інтэлігенцыі ў адным напрамку, узорам якой можа быць Літва перад І сусьветнай вайной, калі яны ўсе выступалі адзіным фронтам. Беларусы ж не змагаюцца калектыўна за свае прыярытэты, а сварацца паміж сабой альбо ўносяць нейкае непаразуменьне паміжсобку. Патрэбная грамадзкая згода. Асобна падкрэсьлю, што мову ні ў якім разе нельга рабіць палітычным чыньнікам. Сёньня ў нас ёсьць раскол, у тым ліку і ў правапісе. Прынамсі, для мяне гэты падзел мае вельмі важнае значэньне. Тыя ж летувісы — усе пісалі толькі «Нямунас» і «Вільнюс».

Я адмоўна стаўлюся да існаваньня двух правапісаў адначасова. Я лічу тарашкевіцу лепшай, але ёсьць сыстэма адукацыі, пабудаваная на наркамаўцы, і разбурыць гэтую сыстэму лёгка, а стварыць новую цяжка.

Неабходная супраца з Акадэміяй навук. Якой бы ні была Акадэмія навук Беларусі — гэта Акадэмія Навук. Грамадзкай згодай была б супраца наватараў, якія кажуць у цэлым правільныя рэчы, разам з усімі астатнімі. Маё арганізацыйнае бачаньне гэтага працэсу — ён павінен ісьці не ў рэвалюцыйных выданьнях, а ў кантакце з Акадэміяй навук.

Калі ёсьць дзяржава, дык, якую б яна ні праводзіла палітыку ў сфэры нацыянальнай культуры, чыньнікам будзе інтэлігенцыя. Дзяржава павінна рацыянальна арганізоўваць, а інтэлігенцыя — мець здольнасьць дамовіцца паміж сабой наконт базавых падстаў. Пакуль гэтага няма, беларусы маюць пэрспэктыву паўтарыць лёс лужыцкіх сэрбаў.

І кадэбэшнік беларус, і Лукашэнка беларус, і я беларус. І міліцыянты, і Лукашэнкі, і Пазьнякі, і беларусы замежжа — усе вельмі розныя і жывуць у розных абставінах. Але ўсім можа быць за апору інтэлігенцыя. Адукацыю для сваіх дзяцей, далучэньне да літаратуры, мовы, гісторыі нашай беларускай супольнасьці — усё гэта атрымаем толькі праз інтэлігенцыю. А яна мусіць дасягнуць грамадзянскай згоды. Іначай чалавек, які карыстаецца якой хочаш чужой (небеларускай) мовай, атрымае маральнае права называць сябе дзеячам беларускай культуры. Жыцьцё вымагае грамадзянскай згоды людзей культуры. Жыцьцё вымагае перамоваў зь іншым бокам.

«НН»: Грамадзянская згода зь цяперашняй уладай?

МН: Я казаў пра грамадзянскую згоду людзей культуры.

«НН»: Але часам іншы бок проста ніяк ня хоча сябе праявіць, група па ўнармаваньні правапісу ні перад кім дзьвярэй не зачыняла, проста ніхто не прыходзіў…

МН: Падчас кангрэсу я адзін вёў круглы стол беларуска-расейскага супрацоўніцтва, бо дырэктар Інстытуту мовазнаўства, мой сустаршыня, не зьявіўся. І дакладу не прачытаў, а я хацеў задаць яму гэтае пытаньне, чаму другі бок ніяк сябе не праявіў. Ужо ніхто не сумняваецца ў тым, што патрэбны зьмены, — і прыхільнікі наркамаўкі, і тарашкевіцы, і прыхільнікі кампрамісу, але неабходна выпрацаваць мэханізм зьменаў у правапісе. Зараз ужо ўсе бачаць неабходнасьць перамен. Падштурхоўваць гэтыя зьмены можна, але сварыцца нельга.

Пецярбурскія вытокі тарашкевіцы і беларуская сыстэма ацяпленьня Ісакіеўскага сабору

«НН»: Вы ажыцьцяўляеце праект «Беларускі Пецярбург». Чым адметная наша прысутнасьць у гэтым горадзе?

МН: Пецярбург асабліва цікавы таму, што гэта горад на інгерманлядзкай тэрыторыі. Інгерманляндзкія фіны зьяўляюцца тут этнічнымі гаспадарамі, і там усе былі чужыя — і беларусы, і расейцы. У Пецярбургу як сталіцы Расейскай імпэрыі многія беларусы парабілі сабе кар’еры — сын сьвятара зь Беразіна, міністар фінансаў Хведар Врончанка, вайсковы міністар Мікалай Сухазанет з-пад Слуцку, цэлы натоўп генэралаў, мэдыкаў. Я заўсёды паказваю суродзічам у Пецярбургу царкву Спаса на крыві і расказваю пра Ігната Грынявіцкага, які бамбануў расейскага цара. Але ў гэтай сытуацыі быў яшчэ адзін беларус — генэрал-лейтэнант Яўстах Багданоўскі з Магілёўшчыны, найлепшы хірург Ваенна-мэдыцынскай акадэміі, якога паклікалі ратаваць Аляксандра ІІ. Вось Ісакіеўскі сабор Манфэрана Агюста, аднак сыстэма ацяпленьня і вэнтыляцыі ў ім — інжынэра Лукашэвіча, родам зь Віцебску. Куды ні ткніся, усюды знойдзеш вельмі прасунутых беларусаў.

Браніслаў Тарашкевіч пісаў сваю граматыку ў Пецярбурскім унівэрсытэце, у супрацоўніцтве з выдатнымі расейскімі навукоўцамі, якія яе рэдагавалі. Цяпер мая задача — вывучыць біяграфіі гэтых людзей і паказаць, як існавала беларуская культура ў гэтым горадзе. Я стараюся раскласьці, адкуль узьнікла гэтая граматыка, як ёй займаліся. У Пецярбурзе ж быў выдадзены і слоўнік Насовіча, выданьне якога курыраваў акадэмік Шахматаў. Трошкі раней перад імі быў айцец Ян Грыгаровіч, праваслаўны сьвятар, які склаў «Беларускі архіў старажытных граматаў» ды запавядаў Насовічу скласьці слоўнік гістарычных тэрмінаў з дакумэнтаў свайго архіву. Працавалі з розных накірункаў, але Кастрычніцкая рэвалюцыя высунула на першы плян Тарашкевіча, і гэта быў рух наперад.

«НН»: Якая канчатковая мэта Вашага праекту?

МН: Выданьне кнігі. Да трохсотгодзьдзя Пецярбургу выйшлі кнігі, прысьвечаныя польскаму, фінскаму, нямецкаму, францускаму, татарскаму Пецярбургам. Пра пецярбурскіх беларусаў, апрача Семашкевіча, ніхто кніжкі пакуль не напісаў. Ужо маю 30 друкарскіх аркушаў тэксту. І хочацца, каб кніга была з каляровымі ілюстрацыямі, бо Пецярбург — прыгожы горад. Паказаць у кнізе і беларускае жыцьцё, і зьвярнуць увагу на людзей, што русіфікаваліся. Яны мелі маёнткі на беларускай тэрыторыі і тым самым прывязваліся да беларускае рэчаіснасьці, уплываючы на яе. І калі іх зьбіваеш усіх у купу, дык высьвятляецца, што гэта ўсё проста інакш пачынае выглядаць — паўнавартасна і магутна.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0