Выдатнаму гісторыку закідаюць выезды за мяжу без санкцыі кіраўніцтва.

Гістарычная навука ўвайшла ў новую стадыю «зачыстак». З акадэмічнага Інстытуту гісторыі ледзь ня звольнілі Генадзя Сагановіча. Падставай для ціску стала паездка ў архівы Кракава.

Фармальныя прэтэнзіі да гісторыка грунтуюцца на тым, што ён «не аформіў паперы для камандзіроўкі». У прыватных гаворках новае кіраўніцтва Інстытуту абяцала звальненьне за парушэньне правілаў выезду ў замежныя камандзіроўкі. Аднак урэшце пакуль абмежавалася вымовай. Калегі кажуць, што ўсё залежыць ад «павеваў наверсе».

У інстытуцкіх калідорах называюць іншую прычыну нездавальненьня. Ня так даўно Сагановіч напісаў на замову расейскага часопісу «Родина» артыкул пра цяперашні стан беларускай гістарыяграфіі. У сваёй працы ён адзначыў, што ў нашай акадэмічнай навуцы сталі непажаданымі крытычныя ацэнкі войнаў з Маскоўскай дзяржавай у XVI—XVII ст.

Іншым «званочкам» для Сагановіча стала прызначэньне новага в.а. загадчыка аддзелу гісторыі Беларусі ХІІІ—ХVIII ст. Аляксандра Грушы. Ледзь ня першай справай на новай пасадзе сп.Грушы стала «канфіскацыя» пакою, які займаў Сагановіч. Ініцыятарам канфіскацыі стаў нядаўна прызначаны выканаўцам абавязкаў дырэктара інстытуту Аляксандар Каваленя. Гэты пакой памятны многім гуманітарам як месца, дзе доўгія гады рабіўся недзяржаўны гістарычны часопіс — «Беларускі гістарычны агляд».

Сам Генадзь днямі сышоў у водны паход на байдарках, каб адпачыць ад бясконцых інтрыгаў.

Для гістарычнай навукі імавернае звальненьне Сагановіча з інстытуту стала б такой самай паваротнай зьявай, як для палітыкі — колішняе зьбіцьцё дэпутатаў у парлямэнце. За апошнія гады Сагановіч стаў нефармальным «першым нумарам». Акрамя ўласных навуковых дасьледаваньняў ён наладзіў выданьне часопісу й сэрыі кніг. Ён удзельнічае ў міжнародных праектах. Звальненьне такога навукоўца будзе азначаць, што ў Інстытуце гісторыі наступіў поўны трашчанок.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0