Гутарка з новым старшынём Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў Сяргеем Запрудзкім.

На пачатку чэрвеня прайшоў IV кангрэс Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў. Новым старшынём арганізацыі стаў мовазнавец, кандыдат філялёгіі Сяргей Запрудзкі. Ён зьмяніў на пасадзе заснавальніка МАБ Адама Мальдзіса. Са сп.Запрудзкім наконт мінулага кангрэсу й будучыні МАБ гутарыць карэспандэнт «НН».

«НН»: Чым сёлетні кангрэс беларусістаў адрозьніваўся ад папярэдніх?

Сяргей Запрудзкі: Праца асацыяцыі становіцца больш складанай. Гэта зьвязана з тым, што славістыка — і беларусістыка як яе складовая частка — у заходніх краінах апошнім часам звужаецца ў сваіх рамках. Нават у такой магутнай славістычнай краіне, як Нямеччына, славістычныя дысцыпліны закрываюцца. І далейшыя прагнозы ўнушаюць пэсымізм: у хуткім часе ў Нямеччыне будзе каля пяці ўнівэрсытэтаў, дзе славістыка будзе існаваць як спэцыялізацыя. Гэта прыкра!

«НН»: Чаму занепадае славістыка?

СЗ: Заходнія славісты жартуюць: славянскія краіны перасталі быць для іх ворагамі. Адсутнасьць канфрантацыі спрыяе таму, што ўрады іх дзяржаў лічаць: раз Расея ці славянскія краіны не ўяўляюць праблемы, значыць, на іх вывучэньне можна асыгнаваць менш сродкаў. Зусім зразумела, што, напрыклад, у ЗША цяпер квітнее акурат арабістыка, а не славістыка.

«НН»: На гэты кангрэс не прыехалі беларусісты з Амэрыкі…

СЗ: На кангрэс былі заяўлены даклады Курта Вулгайзэра і Томаса Бэрда. Але абодва не прыехалі зь фінансавых прычынаў, усё ж на паездку ў Беларусь трэба сабраць нямала грошай. Янка Запруднік і Вітаўт Кіпель, наколькі ведаю, едуць на зьезд беларусаў сьвету, што пройдзе празь месяц. Два візыты ў Беларусь за паўтара месяцы — нерэальна.

«НН»: Якія праблемы стаяць сёньня перад асацыяцыяй беларусістаў?

СЗ: Ёсьць клопаты арганізацыйна-фінансавага характару. Я ўжо нанёс візыт у Мін’юст: нам была зроблена заўвага, што дакумэнтацыя састарэла і патрабуе абнаўленьня. Кангрэс і даў падставы для абнаўленьня гэтай дакумэнтацыі. Перад намі таксама стаіць пытаньне ўдакладненьня ці пацьвярджэньня юрыдычнага адрасу. Нам патрэбен сталы прытулак, аргтэхніка і ўсё, што трэба любой арганізацыі, якая хоча мець актыўныя сувязі са сваімі сябрамі…

Нягледзячы на падзеньне каньюнктуры на славістычныя дасьледаваньні на Захадзе, за апошнія пяць гадоў зьявіліся ў некаторых краінах — у тым ліку ў заходніх — дасьледчыкі, што цікавяцца беларусістыкай. Выхаваньне ці ўзгадаваньне замежных беларусістаў — гэта своеасаблівая «паштучная» работа, што патрабуе індывідуальнага падыходу. Таму трэба цаніць кожнага замежнага грамадзяніна: у Польшчы, Расеі, Германіі, Чэхіі, — які стаў цікавіцца беларускімі пытаньнямі.

«НН»: А можна назваць гэтыя новыя імёны?

СЗ: У Нямеччыне маладая дасьледчыца Кляўдыя Гуртыг выдала падручнік беларускай мовы. Яна, дарэчы, добра валодае гутарковай беларускай мовай і мае добрых сяброў у Беларусі — гэта таксама вельмі важна. Мар’ян Слобада — дасьледчык з Карлавага ўнівэрсытэту ў Празе, сацыялінгвіст. Дарэчы, ён цяпер працуе ў нас у БДУ, выкладае славацкую мову. Для сталых чытачоў вашай газэты знаёмым ёсьць імя літаратуразнаўцы Андрэ Бёма. На кангрэс прыехаў прафэсар Саарбрукенскага ўнівэрсытэту Роланд Марці, які першы раз удзельнічаў у адной зь беларускіх канфэрэнцый у 2002 г. Гэтым разам ён выказваўся на такую актуальную тэму, як правапіс. Я бачу выразную дынаміку ў зацікаўленьнях многіх «новых» беларусістаў. І гэта нас матывуе, каб такія кангрэсы ладзіць і надалей. Кангрэс — гэта заўсёды шчасьлівы выпадак, калі зьбіраюцца многія беларусісты з розных краін. Перадусім на кангрэсе яны маюць магчымасьць пазнаёміцца асабіста. Мне было прыемна назіраць, як маладыя нарвэжац, немка, чэх размаўлялі паміж сабой на мове міжнародных зносінаў — беларускай.

«НН»: Ці азначае гэта, што найбольшы даплыў маладых беларусістаў адбываецца акурат у мовазнаўстве?

СЗ: Нядрэнны попыт на беларусістыку таксама ў галіне гісторыі, літаратуразнаўстве, этналогіі. Такіх навукоўцаў даволі многа зьяўляецца ў Нямеччыне (найперш гісторыкаў, і ўжо даволі многа вядомых), у Польшчы, у іншых краінах. Сярод літаратуразнаўцаў назаву Бэату Сывэк зь Люблінскага каталіцкага ўнівэрсытэту, Томаша Вэльга з Апольскага ўнівэрсытэту. Цешыць і тое, што некаторыя маладыя вывучаюць творчасьць маладых аўтараў. Як, напрыклад, Катажына Бартноўска, дасьледчыца Андрэя Хадановіча.

«НН»: Ці мелі Вы выразную праграму дзеяньняў, калі ішлі на пасаду старшыні? Ці адбылася карэкцыя гэтай праграмы пасьля азнаямленьня са станам арганізацыі?

СЗ: На жаль, ніхто іншы не прэтэндаваў на гэтую пасаду. І няможна казаць, што была канкурэнцыя праграм, канкурэнцыя асобаў… Мая праграма даволі простая і ў нейкай меры «прыземленая»: мне здаецца вельмі важным захаваць нашую арганізацыю. У міжкангрэсаўскі час (2000—2005) існавалі розныя праблемы бытаваньня асацыяцыі. Кангрэс мусіў адбыцца ў другой палове 2004 г., аднак мы не змаглі яго правесьці з арганізацыйна-фінансавых прычын. Я пабойваўся, ці не напаткае такі ж лёс і гэтую спробу правесьці кангрэс… На шчасьце, гэтыя засьцярогі не апраўдаліся: аказалася, што дзейнасьць нашай асацыяцыі запатрабаваная і ўнутры Беларусі, і па-за межамі яе.

«НН»: Замежныя сябры асацыяцыі беларусістаў — гэта своеасаблівыя беларускія «паслы добрай волі» ў замежжы. Ці адчувае гэта дзяржава?

СЗ: Міністэрства замежных спраў стварыла больш спрыяльны рэжым пры прыезьдзе ў Беларусь для нашых калег з заходніх краін: яны бясплатна атрымалі візы. Дапамог Камітэт у справах рэлігій і нацыянальнасьцяў — у першую чаргу пры арганізацыі круглага стала, прысьвечанага беларускай дыяспары, і наагул выступіў каардынатарам у нашых адносінах з урадам, Акадэміяй навук. Хацелася б больш цесных кантактаў і большай падтрымкі з боку Міністэрства адукацыі. Фактычна ўсе нашы сябры — гэта супрацоўнікі й выкладчыкі розных беларускіх і замежных унівэрсытэтаў. І адукацыйны напрамак мае вялікае значэньне ў дзейнасьці нашай асацыяцыі.

Гутарыў Аркадзь Шанскі

КАМЭНТАР РЭДАКЦЫІ

Крызіс беларусістыкі? Не, зьмена жанраў

Раней замежнае беларусазнаўства зводзілася пераважна да мовазнаўчых і этнаграфічных дасьледаваньняў. Цяпер выдатныя працы па гісторыі Беларусі ствараюцца далей за Польшчу й Расею, і ня толькі ў асяродзьдзі дыяспары (Снайдэр, К’яры, Лінднэр, Катлярчук). Таксама ў Эўропе й Амэрыцы квітнеюць палітычныя і эканамічныя дасьледаваньні Беларусі (Марплз, Сіліцкі, Казанэцкі). Прычым многія з гэтых штудыяў маюць не акадэмічны, а прыкладны характар. Ужо наймацнейшыя аналітычныя цэнтры Захаду займелі ў штаце «беларусістаў». Што лукашэнкаўскай уладзе нясьцярпна, бо непадкантрольна. Хай бы тыя беларусы з сваімі беларусістамі займаліся вечна вершамі й дыялектамі. А так ня ёсьць і ня будзе.

Ніякага заняпаду беларусістыкі праз заняпад славістыкі не адбудзецца. Наадварот, беларусаў прызналі ня толькі як этнас, але і як палітыкум. Як суб’ект гісторыі.

Сп.Запрудзкі з традыцыйнай асьцярожнасьцю абмяжоўвае беларусістыку да культуразнаўства. А яна ўжо выйшла за гэтыя вузкія межы. Як тое зерне, што, паміраючы, дае новае жыцьцё, культуразнаўства перарасло ў новую якасьць.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0