Ядуць нас мухі з камарамі!

Усе заўважылі незвычайную актыўнасьць маленькіх крывасмокаў сёлета. Прычына банальная: высокая вільготнасьць і сьпякота, якія хутка зьмяняюць адна адну.

Камары здольныя ператварыць прыемны летні вечар у пекла. Нездарма ў савецкіх канцлягерах было адмысловае пакараньне — «выставіць на камары». Яны пераносяць малярыю, ад якой штогод памірае больш за мільён жыхароў плянэты. У Беларусі 39 відаў камароў, у тым ліку і малярыйныя. Праўда, іх укусы ў нашых шыротах ня страшныя.

Нам варта сьцерагчыся алергічных рэакцый на ўкусы звычайных камароў. Месца ўкусу сьвярбіць таму, што камар уводзіць у ранку адмысловае рэчыва, якое не дае крыві згортвацца. Ператрывайце, не расчухвайце месца ўкусу. Калі няма адмысловага крэму, ранку можна апрацаваць цёплым растворам соды.

Крывёю чалавека сілкуюцца толькі камарыхі: атрымаўшы порцыю чалавечага бялку, яны адлятаюць бліжэй да вады, каб адкласьці яйкі. Моцнай палове камарынай грамады даспадобы нэктар кветак. Самка адчувае пах ахвяры за некалькі кілямэтраў. Але яе можна ашукаць, прапанаваўшы замест водару свайго цела невыносны для маленькай вампіркі пах гвазьдзіку, анісу ці эўкаліпту — змазаўшы скуру алеем гэтых расьлін. Падобна дзейнічае і бальзам «Зорачка». Але эфэктыўнасьць гэтых сродкаў не абсалютная.

Таму, хто жыве за горадам, варта скасіць пустазельле, вільготныя цемнаватыя зарасьнікі якога вабяць аплодненых камарых, і пазбавіцца ад цэбраў з вадой, якія ператвараюцца ў камарыныя ясьлі. Выгнаць камароў з хаты можна, упрыгожыўшы пакоі букетамі рамонкаў.

Камарам не прыйшліся б даспадобы пляны ААН, якая распрацоўвае праграму стэрылізацыі шкодных насякомых з дапамогай невялікіх дозаў радыяцыі. На адмысловых фэрмах разводзяць самцоў, якіх стэрылізуюць з дапамогай радыеактыўнага апрамяненьня, а потым выпускаюць. У тых раёнах, дзе няплодных большасьць, яны не пакідаюць паўнавартасным самцам шанцаў спарыцца з самкамі, і папуляцыя насякомых рэзка зьмяншаецца. Мо такім спосабам можна будзе пазбавіцца і ад камароў. Праграма можа мець пэрспектывы ў Беларусі: апошнім часам пытаньне стэрылізацыі шкодных элемэнтаў актыўна абмяркоўваецца ў палаце прадстаўнікоў…

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0