Для беларуса Прага — горад мары і свабоды, недасяжны ўзор нацыянальнага адраджэньня і гістарычнай велічы. Калі з муроў Вышаграду я глядзеў на праскія дахі і абрысы храмаў, не адразу зразумеў, дзе ўжо бачыў гэтую вясёлую чырвань дахоўкі і казачныя шпілі? Ды гэта ж, бадай, карціны Базыля Камарова з выявамі старога Магілёва або Вільні! Так беларускія мастакі ўяўлялі ідэальны горад часоў «залатога веку» ВКЛ. І вось гэты ідэал перад маімі вачыма — з каменю, цэглы і нейкага асаблівага паветра спакою і свабоды.

Лёс Чэхіі шмат у чым падобны да нашага. Але падабенства лёсу не азначае падабенства шляху, і шляхі нашы часта разыходзіліся ў розныя бакі. Панславянства XIX ст., узьнятае як сьцяг чэскага будзіцельства, для беларусаў стала тормазам нацыянальнага адраджэньня і сродкам ідэйнага прыгнёту з боку расейскага імпэрыялізму. Чужынскія пруска-аўстрыйскія «абцугі» для чэхаў былі больш літасьцівымі, чым для беларусаў «славянскія абдымкі» Польшчы ды Расеі.

Тут, у Празе, амаль 1000 гадоў назапашваліся багацьці, напластоўваліся эпохі, стылі, культуры. У нас жа кожнае стагодзьдзе разбураліся, часам дашчэнту зьнішчаліся здабыткі папярэдніх пакаленьняў і пачыналася «новае жыцьцё». А ў выніку мы зноў траплялі ў старое балота бяспамяцтва, нявер’я і прымітыўных рэфлексаў. Шанаваньне гісторыі і захаваньне культуры (далёка не заўсёды чэскамоўнай) адрозьнівае жыхароў сёньняшняй Чэхіі ад беларусаў. А вяршыня гэтага шанаваньня, яго эпіцэнтар — сама Прага. Для беларуса гэты горад спаталяе смагу эўрапейскай культуры, гістарычнай пераемнасьці, утульнасьці і дабрабыту. А сёньня яшчэ — прагу свабоды і дэмакратыі. І ня толькі таму, што 10 гадоў тут месьціцца радыё «Свабода», а ў двары прэзыдэнцкага палацу можна спакойна гуляць, не рызыкуючы атрымаць дручком па галаве. Але і таму, што хоць чэх тут сапраўдны, дбайны гаспадар, але ж і той шматмоўны касмапалітычны натоўп, што віруе сёньня на вуліцах Прагі, пачуваецца тут вольна і незалежна.

Мо перасычанасьць турыстамі і эмігрантамі зь цягам часу і народзіць новыя праблемы, аднак нашаму імпэрскаму, зашпіленаму на ўсе гузікі савецкага афіцыёзу Менску да іх далёка, як магілёўскаму бровару да плзэнскага праздрою. Хоць справа ня ў піве і нават не ў самагонцы (яна тут, мацункам 70%, завецца сьлівовіцай), якую чэхі таксама любяць, але п’юць ня так шмат, як у нас. Справа ў празе — ці маем мы сапраўдную прагу свабоды, дэмакратыі і прагрэсу? Ці нам дастаткова «бацькавай апекі», заробку ў 250 даляраў і аднакратнага наведаньня «златай Прагі», каб потым жыць настальгічнымі ўспамінамі аб «нянашай» Эўропе і сваіх нязьдзейсьненых ідэалах.

P.S. Я не вялікі аматар і знаўца піва, але мне здалося, што найлепшыя ўзоры беларускага пеннага напою ня так шмат саступаюць чэскім. Мо і сапраўды мы ўжо ня так далёка ад Эўропы, як звыклі думаць, і ня ўсё так кепска з нашым півам і ня зь півам таксама…

Прага — Магілёў

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0