Васіля Адрыянава ў Калінінградзе ведае кожны. Адны лічаць яго палітычным фанатыкам і ворагам Расеі, другія — дальнабачным і пасьпяховым моладзевым лідэрам, будучым прэзыдэнтам самастойнай Усходняй Прусіі.
Адрыянаў з тых людзей, для якіх палітыка — гэта ўсё. Ужо ў 16 год ён стаў заснавальнікам палітычнай арганізацыі МДР («Моладзь за дэмакратыю і рэформы»), з 18 год браў удзел у выбарах органаў улады на розных узроўнях, у 20 год узяў функцыі каардынатара антывайсковага руху ў Калінінградзкім рэгіёне. Ён упэўнены, што пры яго жыцьці Калінінград атрымае незалежнасьць. Кажа, што ўсё ідзе да гэтага. Піша Сяргей Будкін.
Сымпатычныя эліце
Адрыянаў называе сваю арганізацыю элітнай, «бо яна гуртуе вакол сябе залатую моладзь, інтэлектуальную эліту».
У Калінінградзкай вобласьці налічваецца пад 200 моладзевых арганізацый (на 215 тысяч маладых людзей), без уліку студэнцкіх прафсаюзаў. МДР — адна з самых актыўных і аўтарытэтных. Арганізацыі сымпатызуе сьпікер рэгіянальнага парлямэнту — ён нават «прывёў» у МДР сваю дачку.
Галоўны трэнд у дзейнасьці большасьці моладзевых арганізацый Калінінградзкага рэгіёну — сэпаратызм. «Нас усіх прыгнятае Масква», — такі агульны настрой маладых калінінградзкіх палітыкаў. Гэтае пытаньне лучыць і левых радыкалаў «нацыянал-бальшавікоў», і правых «эмдээраўцаў» (Адрыянаў кажа: «Я правейшы за Чубайса!»).
Васіль бачыць сваю задачу ў «дэпатрыятызацыі моладзі». Ён мае на ўвазе замену расейскага патрыятызму мясцовым. Дэмілітарызацыя Калінградзкага рэгіёну — адзін з прыярытэтных кірункаў працы «эмдээраўцаў». А лёзунг арганізацыі — «Галяндыя тут і цяпер». Усе разумеюць, што рэгіён ня можа стаць новай Галяндыяй у складзе Расеі.
Сэпаратысцкія ідэі ў рэгіёне становяцца ўсё больш папулярнымі.
Галяндыя тут і цяпер
У 1999 г. дасьледчы цэнтар «Дэльта-К» правёў апытаньне калінінградзкай моладзі: тады 20% падтрымалі ідэю незалежнасьці ад Расеі, у 2003 г. іх стала ўжо 40%. Сёлета «Калінінградзкая маніторынгавая група» правяла апытаньне на тую ж тэму, і паводле яго высьветлілася, што 60% моладзі бачаць рэгіён аўтаномным. Адрыянава вынікі ня дзівяць: «У нас гульня сярод школьнікаў праводзілася ў будынку абласнога парлямэнту пад кіраўніцтвам дэпутатаў, у якой дзеці ўмоўна дзяліліся на тры часткі — «пілёты», «сэпаратысты» і «фэдэралісты». «Пілёты» — у нейкай ступені кампрамісная форма паміж другімі і трэцімі. Калінградзкія палітыкі-«пілёты» прапануюць шчыльнае супрацоўніцтва з Эўропай пры захаваньні статусу рэгіёну ці ўтварэньня пад юрысдыкцыяй Расеі і Эўропы. Па сутнасьці, яны прапануюць мяккі «сэпаратысцкі» варыянт...»
Недзіцячыя гульні
З фэдэральнымі службамі ў Адрыянава адносіны напружаныя. На некаторых «патрыятычных» сайтах яго прозьвішча фігуруе ў сьпісе «ворагаў Расеі». Аднойчы палітыка моцна зьбілі, і яму прыйшлося праляжаць два тыдні ў бальніцы. Ваенны камісар Калінінграду Грабеньнікаў пагражаў яму пусьціць кулю ў лоб. Далей за пагрозы справа не пайшла. Але сям’ю Адрыянаў заводзіць пакуль не рашаецца. Кажа, што палітычную дзейнасьць і сямейнае жыцьцё нельга сумяшчаць.
Цяпер у Калінінградзе актыўна мусіруюцца чуткі пра магчымую падрыхтоўку фэдэральнымі службамі тэракту падчас сустрэчы Пуціна і Шрэдэра на сьвяткаваньні 750-годзьдзя Калінінграду. Мэта — зьняславіць такія арганізацыі, як МДР.
«Такія правакацыі сэнсу ня маюць, — кажа Адрыянаў, — мы выступаем за зьмяненьне сытуацыі мірным шляхам на ўзор Польшчы-89, Украіны». Васіль верыць прагнозам ЦРУ, што Расея спыніць сваё існаваньне ў 2015 г., калі распадзецца на некалькі аўтаномных абласьцей: «Ёсьць усе перадумовы, каб гэта здарылася. Але зьніжэньне імпэрскіх амбіцый Расеі можа быць рэалізавана толькі па адпадзеньні Беларусі», — разважае Адрыянаў. На яго думку, Беларусь чакаюць зьмены ў 2006 г.
«Нам цікава, як вырашыцца праблема ў вас, хаця б з прагматычных меркаваньняў», — прызнаецца ён. Адрыянаў сапраўды ўважліва сочыць за навінамі зь Беларусі. «Кожнае затрыманьне вашых актывістаў толькі паслабляе рэжым. Лукашэнка гэтага не разумее», — разважае ён. Усім беларусам палітык пажадаў перамагчы сваю боязь: «Менавіта з гэтага пачынаюцца зьмены да лепшага!»