Не пасьпелі азірнуцца, а ўжо заканчваецца ўсенароднае абмеркаваньне новых Правілаў дарожнага руху. Калі да 15 ліпеня ня выкажацеся, што вы думаеце з нагоды ўключэньня «аварыйкі» пры руху заднім ходам, ваш бясцэнны голас будзе страчаны.

Апошні раз, калі не памыляюся, усенародна абмяркоўвалі брэжнеўскую канстытуцыю 1977 г. Здаецца, у народу за гэты час назапасілася патрэба хоць што-небудзь абмеркаваць, так што гэта адчувае нават улада. Але чаму менавіта ПДР? Чаму не відавы склад Чырвонай Кнігі, сьпіс дазволеных лекавых прэпаратаў, даведнік Менскай тэлефоннай сеткі? У крайнім выпадку, выбарчае заканадаўства або назвы менскіх вуліц?

Кажуць, што дабрабыт і, адпаведна, ступень аўтамабілізацыі сярэдняга беларуса за тыя два гады, што прайшлі з зацьвярджэньня папярэдняй рэдакцыі правілаў, вырасьлі настолькі, што цяпер становішча на дарогах датычыцца літаральна кожнай сям’і. З гэтым можна пагадзіцца. Аўтамабіль імкліва робіцца другім домам, прычым у адрозьненьне ад першага, цалкам прыватнага, гэты дом на колах красамоўна адлюстроўвае і сацыяльны статус, і грамадзянскую пазыцыю кіроўцы, і ступень яго выхаванасьці.

Назіраньне за дарожным рухам не спрыяе захаваньню традыцыйнага міту пра беларускую мэнтальнасьць у той яго частцы, дзе гаворыцца пра талерантнасьць, лагоднасьць, рахманасьць. Якая тыповая рэакцыя на «лаха», які недастаткова хутка саступіў дарогу? Слушна, абагнаць яго і дэманстратыўна падставіць яму дупу. Лічаныя адзінкі прапусьцяць пешахода на «зэбры», у які колер яе ні фарбуй. Выяжджае «лох» з другараднай вуліцы на магістраль, па якой павольна цячэ аўтамабільная рака, — хай пачакае з паўгадзіны, бо заходні жэст — паднятая ўгору рука з адагнутай далоньню — у нас ня дзейнічае. Як і іншыя правілы буржуазна-фэадальнай ветлівасьці. Нездарма ж менавіта мы далі ўсходнеславянскаму сьвету гімн аўтамабільнага мача — «Чорны бумэр». Хамства на дарогах даўно зрабілася неад’емнай часткай беларускага ладу жыцьця. Але прычым тут дарогі? Хамства пануе ўсюды, то чаму менавіта на дарогах яно мусіць саступаць?

Калі б я быў правадыром нацыяналістаў, абвясьціў бы кампанію за ветлівасьць на дарогах. Маўляў, сапраўдны беларус за рулём паводзіць сябе выключна па-рыцарску, нават калі ня слухае ў дадзены момант «Легенды Вялікага Княства» і ня можа назваць імёны ўсіх польных гетманаў ВКЛ. І нават прыдумаў бы гэтай кампаніі эмблему — што-небудзь аўтамабільна-галянтна-шляхетна-ліцьвінскае, з колерамі нацыянальнага сьцягу. І які-небудзь кодэкс прыстойных паводзінаў, і прывітальны жэст: «Мы з табой адной KRYWI!» Але ці ня дзеля таго й спатрэбіліся новыя правілы, каб прадухіліць гэтыя панскія выбрыкі? Кажуць, што ня будзе дазволены ўдзел у дарожным руху транспартным сродкам са зьмяненьнямі рэгістрацыйных знакаў, маркіровак кузава, шасі і рамы, калі гэтыя зьмяненьні не зарэгістраваныя ў адпаведным парадку. Дон Кіхот не прайшоў бы рэгістрацыі ў беларускай ДАІ і ня змог бы выехаць на нашы дарогі па свае бесьсьмяротныя подзьвігі. Хай ведае: гэтая краіна — для Санча Пансы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0