Дэбют Шчаснага-драматурга

П’есу пра жыцьцё палітыка й кампазытара Міхала Клеафаса Агінскага «Фантазія ля-мінор» напісаў кіраўнік Нацыянальнай камісіі па справах UNESKO, пасол Уладзімер Шчасны. Напярэдадні 240-годзьдзя Агінскага п’еса 30 ліпеня будзе пастаўлена калектывам Менскага абласнога драмтэатру ў Залесьсі (Смургоншчына). Каб не афішаваць прозьвішча, Шчасны выступіў пад псэўданімам — Уладзімер Драздоў.

Браты Грым — сусьветная спадчына

Казкі братоў Якаба і Вільгельма Грым уключаны экспэртамі UNESKO ў Сьпіс сусьветнай спадчыны як «найважнейшы этап на шляху аб’яднаньня эўрапейскай і ўсходняй традыцый складаньня казак».

Нямецкая прэмія для турка

Аб’яднаньне нямецкіх кнігагандляроў прысудзіла прэмію міру слыннаму турэцкаму празаіку Архану Памуку. Летась прэмію атрымаў вугорац Пэтэр Эстэргазы, пазалетась — Сьюзан Зонтаг.

Уручаць яе 23 кастрычніка на цырымоніі закрыцьця Франкфурцкага кніжнага кірмашу. Прэмію Памуку прысудзілі за адлюстраваньне ў кнігах праблем суіснаваньня ісламу й хрысьціянства. На радзіме пісьменьніка апошнім часам моцна крытыкуюць: у лютым у інтэрвію швайцарскай «Tages-Anzeiger» ён назваў генацыдам масавую разьню, учыненую туркамі супраць армянаў у 1915 г.

АВ

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0