Ксеня Бязрукая — найлепшая выпускніца Ліцэю 2004 году.

Яна адзіная з свайго выпуску паступіла ў Карлаў унівэрсытэт у Празе. У дворыку Дому літаратара, дзе яна сядзела, ня здолеўшы прабіцца на прэзэнтацыю новага выданьня «Быкава на «Свабодзе», мы пагаварылі…

— Пытаньне, якое ў Чэхіі піва і колькі яно каштуе, пакінем на дэсэрт ці зь яго пачнём?

(Сьмяецца.) Я за год, пакуль у Чэхіі вучылася на падрыхтоўчых курсах, аднойчы толькі наважылася купіць пляшку якогась «Козела». Адкаркавала, панюхала, адпіла і… паставіла ў лядоўню месяцаў, здаецца, на сем, потым выкінула. Піва — ня мой акіян. Каштуе, як і ў нас, тысячу-дзьве ў пераліку на рублі.

— Дык што, дарма зьезьдзіла?

— Хіба так, калі не лічыць паступленьня ў Карлаў і паралельна ў Вышэйшую эканамічную школу, нешта накшталт нашага БДЭУ. Дарэчы, і ў БДЭУ зараз паспрабую.

— Дык вось дзе твой акіян! Тры ўнівэры…

— Мой акіян пакуль за даляглядам. Хоць і сьвята веру, што ён у Беларусі. Да таго ж у кожнай дзяўчыны наўме свой акіянчык… Вучыцца ў трох месцах ня выйдзе, але паказаць усім, як мае быць — справа гонару. І асабістыя плянкі, і каб за ліцэйскую марку пазмагацца.

— Што там было, у Чэхіі? Ліцэісты ўсіх «парвалі»?

— Шасьцёра ліцэістаў летась атрымалі магчымасьць навучацца ва Ўстанове моўнай і прадметнай падрыхтоўкі — структуры Карлавага ўнівэрсытэту, што знаходзіцца ў легендарным мястэчку Падзебрады, на ўсход ад Прагі. Установа рыхтуе да паступленьня ў тамтэйшыя ВНУ замежных абітурыентаў. Беларусы — а там былі ня толькі ліцэісты — у лідэрах па ўсіх тэстах, па ўсіх дысцыплінах. Блізка да нас расейцы, але ім цяжэй даецца чэская. Краін 30 прадстаўлена было, мы «свой пачэсны пасад» трымалі моцна. Паступалі нашы ў Празе, Брно, Пльзэні. Пакуль ня ўсе вынікі вядомыя, але, думаю, пройдуць усе.

— А што вы елі?

— Разумею пытаньне. Вышэйшая адукацыя ў Чэхіі бясплатная, але жытло, харчаваньне, страхоўка — клопат студэнта. Можна атрымаць урадавую стыпэндыю, як гэта было зь ліцэістамі, можна пашукаць нейкія фонды і праграмы, можна ўладкавацца на працу, можна спадзявацца на бацькоўскія ашчаджэньні. Ня надта ўжо й розьніца вялікая, што ў Менск з Калінкавіч дзіця выправіць у навуку, што зь Менску ў Брно. Я бачыла многа «самаплатнікаў» зь Беларусі. На некаторых спэцыяльнасьцях галоўнае пратрымацца да ІІІ—IV курсу, а тады студэнтаў «разьбіраюць» арганізацыі, якія маюць патрэбу ў маладых кадрах. Яны «давучаць» і да сябе потым возьмуць.

У Падзебрадах мы жылі ў інтэрнаце па двое. Душ, прыбіральня, кухня — на паверх. Курортны гарадок зь мінэральнымі водамі, паркі, каналы, качкі па вуліцах чародкамі ходзяць. Заняткі былі ў сапраўдным старажытным замку. У Падзебрадах нарадзіўся кароль Іржы, адсюль пайшлі Кафкі, навучаўся калісьці Вацлаў Гавал. Куды б я ні паехала ў Чэхіі — паўсюль адметныя мясьціны. Вось дзе прыклад, як трэба ладзіць турбізнэс, — у кожнай вёскі, у кожнага будынку свая легенда.

— А што, паезьдзіла па краіне?

— Калі купэ на чатырох купляеш — істотная зьніжка, па картцы студэнцкай — таксама. У выніку практычна беларускія цэны на чыгунцы. На выставы, музэі — ільготныя білеты. Зьніжак для студэнтаў у Чэхіі багата. Частку стыпэндыі можна атрымліваць талёнамі, якія дзейнічаюць абмежаваны тэрмін. За іх атаварвацца, напрыклад, у харчовай краме ўдвая выгадней, чым за наяўныя.

— Зьмяніла цябе чужына?

— Панятак «сваё» пашырыўся. Перабірала неяк рэчы, і трапіўся пакет з арнамэнтам са сьцягу лукашэнкаўскага. І ажно сьлёзкі сабраліся. Глупства, здаецца, але здалёк і мянты роднымі акажуцца. Чым далей, тым мацнейшая ўпэўненасьць — трэба набірацца мазгоў, вяртацца сюды і ладзіць усё, як нармальныя людзі ладзяць.

— Малодшым як параіш: ехаць? не?

— Самі няхай думаюць.

Гутарыў Вадзім Карцаў

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0