Ёсьць рэчы ў нашым войску, якіх магло б і ня быць. І жаўнеры б нічога ня страцілі, і абароназдольнасьць умацавалася б.

Піша Сямён Печанко.

Натаўка замест анучаў

Тое, што новае папаўненьне апранаюць у савецкага ўзору форму, маральна састарэлую і нязручную (адны анучы чаго вартыя), тлумачыцца велізарнымі запасамі савецкай формы на складах. Але куды тады ідуць грошы, прызначаныя на рэформу войска? Шынэль, аблавушка, кірзавыя боты і шаўрон з надпісам «Военная разведка» — што, акрамя ўсьмешак, можа выклікаць салдат, апрануты ў такі «маскарад»?

Не зьмянілася і сымболіка на папругах, гузіках і цэшках — усё тыя ж сярпы і малаткі. Зрэшты, дзе-нідзе ўжо зьяўляюцца новыя кукарды з выявай герба РБ, дый з вопраткай пачынаюцца зрухі. З новага году ў войску шынэлі заменяць на нешта больш сучаснае і зручнае. Пашыраецца сярод вайскоўцаў і выкарыстаньне ўласнабеларускага ўзору камуфляжу, які пасьпелі назваць «натаўкай». Праўда, пакуль ён дазволены толькі афіцэрам і прапаршчыкам.

Апэльсіны й капуста

Магчыма, непатрыятычна параўноўваць умовы нашай службы з умовамі за мяжой, але нездаволенасьць літоўца ў тэлеперадачы, прысьвечанай праблемам войска, тым, што апэльсіны штодня надакучваюць — не стае разнастайнасьці, — у нашага выклікае шок. У некаторых часьцях кормяць так, што іншы гаспадар у вёсцы сьвіньням пасаромеецца даваць!

Вядома, пад прыезд якойсьці дэлегацыі, ды з журналістамі, на сталы і посуд людзкі паставяць, і сьвечкі запаляць, і булкі велікодныя пакладуць. Але ўгледзьцеся ўважліва ў твары салдат, што сядзяць за тымі нязвыкла шыкоўнымі сталамі, і вы зразумееце цану ўсёй гэтай шырме. Сьвята скончыцца адразу, як зьедуць госьці. Прывітаньне, кіслы бігас і хлебныя катлеты. Часта атрымліваецца так, што часьці вымушаны зарабляць на зіму харч, пасылаючы салдат на працу ў гаспадаркі, дзе тыя да белых мух змагаюцца з ураджаем. Каб пасьля ўсю зіму есьці кіслую капусту. Добры харч, як і зручнае адзеньне, мусіць быць неаспрэчнай нормай у нашай эўрапейскай краіне. Аддаючы краіне свае нягоршыя гады, маладыя абаронцы маюць на гэта права.

Сьнег квадратамі

Такіх дробязяў, як адсутнасьць гарачай вады, можна і не чапаць. Вось толькі для некага адаптацыя да такіх спартанскіх умоў абарочваецца запаленьнем лёгкіх сярод лета. Нікога не турбуе, як захаваць адзеньне ў належным стане, калі мыць даводзіцца абы-як, не заўсёды маючы магчымасьць нагрэць ваду.

А адвечная барацьба са сьнегам! У войску нават самыя жыцьцялюбы пачынаюць яго ненавідзець. Такое ўражаньне, што важнейшых спраў зімой тут, акрамя як не даваць сьнегу раставаць, і нямашака. Толькі ў войску вы ўбачыце квадратны сьнег і тое, як пры дапамозе роты салдат, узброеных запалкамі, робіцца вясна. На шчасьце, гэтыя праявы савецкага вайсковага маразму пакрысе зьнікаюць.

Невынішчальная, здавалася б, дзедаўшчына таксама моцна псавала войску рэпутацыю. Гэта адна з важнейшых прычын, зь якой маладыя людзі праўдамі і няпраўдамі шукаюць магчымасьць адкасіць, бо каму ж хочацца за што якое траціць свой час і здароўе. Цяпер гэтая праблема падаецца не такой ужо й невырашальнай, а дзе-нідзе напамінам пра яе засталіся хіба пагнутыя аб чыесьці плечы ды галовы дужкі ложкаў.

Прафэсійнае войска

Ці абгрунтаваны прызыў у войска сямейных таварышаў, якія ўжо маюць дзетак? Ці ў галаве такому салдату войска, тым больш вайна са сьнегам ды іншыя «звышпільныя» задачы? Шмат хто з маладых людзей з вышэйшай адукацыяй наракае на тое, што за час службы папросту дэградуе. Можа, і сапраўды ня варта марнаваць спэцыялістаў за вайсковым плотам? У войску падчас нефармальных гутарак мы задавалі пытаньне пра прафэсійнае войска, і заўсёды гучаў адзін і той жа адказ — на гэта няма сродкаў.

Насамрэч шмат хто і ня супраць менавіта працаваць у войску, асабліва там, дзе працу знайсьці цяжка, — у невялікіх гарадах. Многія застаюцца пасьля тэрміновай службы на кантракт. І памыляюцца тыя, хто кажа — маўляў, ня з нашымі сродкамі гэта рабіць, бо любы старшына скажа, у якую капейчыну абыходзіцца дзяржаве салдат. У выніку гэта ці не даражэй, чым плаціць заробак прафэсійнаму вайскоўцу.

Тут і сваё

Хацелася б бачыць наша войска не на словах незалежным ад любых палітычных уплываў. Чаму ў пакоі адпачынку ня знойдзеш часопісу «АRCHE» ці «Дзеяслова», а «Беларускую думку» — калі ласка? Ці толькі БРСМ можа мець свае пярвічкі ў войску? Хацелася б, каб мае знаёмыя, калі давядзецца, служылі пад нацыянальным сьцягам і гербам.

Войска — сапраўды школа жыцьця. Шчасьлівы той салдат, для каго яна не абярнулася школай біцьця і выжываньня. Але калі калі гэты абавязак існуе, то і дзяржава мае зрабіць усё неабходнае, каб салдат не адчуваў, што марна траціць час.

Асабіста я не шкадую, што служыў, хоць і не скажу, што вельмі туды рваўся. Але служыў дома, у сваім войску, і гэта цалкам натуральна. Да мяне часта зьвярталіся сталыя мужчыны, і большасьць па-добраму зайздросьцілі, казаўшы, як гэта добра — служыць дома. Некаторыя, праўда, казалі, што войска цяпер ня тое, «пацешнае». Як па мне, галоўнае, што сваё і тут. Каб жа яно яшчэ пазбавілася ад глуму.

Колькі год таму я чытаў у «НН» вайсковыя лісты Балахонава, цяпер нехта чытае мае, а гэтым часам адбываюцца заўважныя і ня вельмі зьмены. Хочацца верыць, што празь нейкі час кагосьці пацягне напісаць і пра свае прыгоды, а зьмены, што адбудуцца, будуць зьменамі да лепшага. Што, напрыклад, ня будуць ганяць, як статак, на выбарчыя ўчасткі. А яшчэ спадзяюся, што маладое папаўненьне будзе прымаць прысягу выключна па-беларуску, як і тэкст самой прысягі будзе адзін на ўсіх — як для спэцназаўцаў з Уручча, так і для танкістаў зь Печаў, бяз слоў пра вернасьць прэзыдэнту. Са сьцен казармаў зьнікнуць Пятры Першыя і Суворавы, а іх месцы займуць нашыя героі — Астроскі і Касьцюшка. І войска ў Беларусі стане беларускім ня толькі па геаграфічнай прымеце.

Вайсковы слоўнік

Адбой — самая папулярная каманда сярод вайскоўцаў тэрміновай службы.

Адкос — спроба ў розныя спосабы — шлюб, вучоба, сымуляцыя захворваньня — пазьбегнуць гонару служыць Радзіме.

Вашыўнік — нестатутная форма адзеньня, якую вайскоўцы апранаюць насуперак забаронам у халодную пару. Часьцей гэта стары швэдар, які перахоўваецца ў патаемным месцы.

Гадзічнік — вайсковец, які атрымаў вышэйшую адукацыю і служыць год.

Гаўптвахта / губа — дысцыплінарная часьць, у якой вайскоўцы адбываюць кароткатэрміновае пакараньне (ад некалькіх сутак да некалькіх месяцаў). Трапляюць за ўжываньне алькаголю, парушэньне формы адзеньня, канфлікт з камандзірам ці роўным па статусе вайскоўцам.

Дзед — салдат, якому служыць ужо зусім нічога і які лічыць, што мае права павучаць маладых.

Дзедаўшчына / дзядуха — спэцыфічная сыстэма нестатутных адносінаў між вайскоўцамі.

Дух — вайсковец першага пэрыяду службы, той, з каго зьдзекуюцца дзяды.

Дысбат / дызэль — дысцыплінарны батальён, месца пакараньня за цяжкія вайсковыя злачынствы ці злачынныя дзеяньні, зьдзейсьненыя ў дачыненьні да цывільных асоб.

Дэмбель — самы шчасьлівы салдат у войску, які прычакаў загаду аб звальненьні ў запас.

Дэмбельскі цягнік — адмысловае праходжаньне салдат падчас вечаровай прагулкі, калі, парушаючы ўсе інструкцыі і маршрут, яны імітуюць грукат колаў цягніка. Звычайна «цягнік» запускаюць па выхадзе загаду аб звальненьні.

Залёт / засос — няўдалае выкананьне загаду ці яго невыканананьне, нейкае здарэньне, якое суправаджаецца пакараньнем.

Звальняшка — дакумэнт, безь якога знаходжаньне салдата па-за межамі часьці набывае крымінальны характар.

Ірвач — салдат, які любымі сродкамі намагаецца выслужыцца і праз гэта мае не найлепшыя стасункі з саслужбоўцамі. Пра такіх кажуць: «Дупа рвецца на шматкі — хачу лычкі і значкі!»

Камок — камуфляжнае вайсковае адзеньне.

Канцік — 1. Участак скуры на карку, які штораніцы старанна раўняецца лязом, каб валасы ня лезьлі на шыю. 2. Мерапрыемства, як і штодзённае галеньне, дужа непапулярнае.

Каранцін — пачатковы пэрыяд знаходжаньня ў войску ад першага дня да прыняцьця прысягі; характарызуецца ўзмоцненай муштрой.

Машка — адмысловая швабра, нялюбая сяброўка днявальнага, якой даводзіцца да зьнямогі шараваць падлогу, часам сьцены й столь.

Пад’ём — найбольш нялюбая каманда ў войску.

Пайка — 1. Ежа, паход у сталоўку. 2. Абагульненая назва сьняданку, абеду і вячэры. 3. Харч, прывезены з дому.

Падкаўнерык / падшыва — шматок белай тканіны, які прышываецца на каўнер і ўвесь час мусіць быць ідэальна чыстым ды адпавядаць пэўным стандартам. Вайсковымі фарсунамі гэта старанна парушаецца.

ПГД — паркава-гаспадарчы дзень, прызначаны для навядзеньня бляску ў казармах і ў парку.

Пясчанка / пясок — вайсковае адзеньне жаўтаватага колеру, засталося ў спадчыну ад савецкага войска.

Санчасьць — установа на тэрыторыі часьці, дзе лечаць хворых вайскоўцаў, робяць плянавыя агляды і прышчэпкі, інструктуюць нарад па сталоўцы; пры вялікіх часьцях існуюць мэдроты; асобна дзейнічаюць вайсковыя шпіталі, дзе лечыць тых, каму не далі рады ў вышэйпамянёных установах.

Сталач (маслы) — месца, якое салдаты наведваюць з асаблівай ахвотай, а таксама аднайменны нарад на службу, які падабаецца ўжо далёка ня кожнаму.

Слон — салдат другога пэрыяду службы.

Тумба — унутраны нарад па падразьдзяленьні, які атрымаў такую назву праз тое, што на працягу сутак салдатам пазьменна даводзіцца стаяць на невялікім узвышэньні пры ўваходзе ў казарму.

Трак / тракі — танк, танкавыя войскі.

Трайнік — памяшканьне, падзеленае на тры асобныя аб’екты — прыбіральню, мыйню і месца для паленьня.

Узьлётка — дарожка зь лінолеўму, што сьцелецца ад уваходу ў казарму да трайніка. Шаруюць яе з мылам, каб зіхацела.

Шакал — абразьлівая назва афіцэра, дзе-нідзе пашыраецца і на прапаршчыкаў.

Шкло — камуфляжнае адзеньне з адмысловай тканіны, якая не прапускае паветра і праз сваю бліскучасць ды відавочную штучнасьць атрымала такую назву. Летам у ёй задушваесься, зімой мерзьнеш.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0