Беларус коштам 10 мільёнаў

Паўабаронца футбольнай зборнай Беларусі 24-гадовы Аляксандар Глеб пераходзіць зь нямецкага «Штутгарту» ў зорны лёнданскі «Арсэнал». Каб трансфэр быў канчаткова аформлены, засталося зусім нічога — прайсьці мэдыцынскае абсьледаваньне і атрымаць рабочую візу ў Вялікабрытанію. Прэса адзначае, што «кананіры» заплацілі за Глеба 10 мільёнаў фунтаў стэрлінгаў. Чэмпіянат Англіі стартуе 13 жніўня, у першым туры 13-разовыя чэмпіёны краіны згуляюць у Лёндане зь «Ньюкаслам», а ў верасьні возьмуць старт у Лізе чэмпіёнаў.

Залатыя шпоры

Цудоўным выдалася фінальнае супрацьстаяньне сёлетняга сэзону «Сан-Антоніё Сьперз» — «Дэтройт Пістанз». Чэмпіён Нацыянальнай баскетбольнай асацыяцыі вызначыўся толькі ў заключнай чвэрці сёмага матчу.

Атрымаўшы перамогу зь лікам 81:74 у вырашальнай сустрэчы і 4:3 у сэрыі, «Сан-Антоніё» зноў стаў наймацнейшым клюбам у асацыяцыі, зрабіўшы гэта трэці раз у гісторыі і трэці раз за апошнія шэсьць гадоў (1999, 2003, 2005). Мінулагодні чэмпіён «Дэтройт» склаў свае паўнамоцтвы.

Драфт безь беларусаў

Пакуль наймацнейшая ліга сьвету — Нацыянальная баскетбольная асацыяцыя — абыходзіцца безь беларусаў. Так, сёлета найлепшы гулец Беларусі Ўладзімер Верамеенка, што выступае за санкт-пецярбурскае «Дынама», зноў апынуўся па-за драфтам. Затое сярод 11 замежнікаў — двое літоўцаў: Лінас Клейза (унівэрсытэт Місуры) і Марцінас Андрускявічус («Жальгірыс», Каўнас).

Кіпр—Грузія—Вугоршчына

У мінулую пятніцу вызначыліся супернікі беларускіх клюбаў у эўракубках. Менскае «Дынама» ў першым кваліфікацыйным раўндзе Лігі чэмпіёнаў згуляе з кіпрскім «Анартосісам» (Фамагуста). Першы матч 12 ліпеня ў Менску, матч у адказ — 20 ліпеня ў Нікасіі. Пераможца ў другім раўндзе згуляе з турэцкім «Трабзанспорам».

У Кубку УЭФА менскі МТЗ-РІПА памераецца сіламі з вугорскім «Фэрэнцварашам», а барысаўскі БАТЭ — з «Тарпэда» з Кутаісі (Грузія). Першыя матчы — 14 ліпеня ў гасьцях, гульні ў адказ — 28 ліпеня. Цікава, што за апошнія дзесяць год беларусы далей за другі кваліфікацыйны раўнд не траплялі, а летась разьвіталіся з Эўропай ужо ў першым туры.

Над Жаўновым навісьлі хмары

Галкіпэр ФК «Масква» і нацыянальнай зборнай Беларусі Юры Жаўноў мае шанц «пасябраваць» з лавай запасных. У апошнім туры расейскага чэмпіянату масквічы згулялі ўнічыю зь землякамі з «Тарпэда» — 1:1, упусьціўшы перамогу на апошняй хвіліне. Галоўны трэнэр Валер Петракоў павесіў усіх сабак на беларуса: «Мне здаецца, што ў Жаўнова затачылася галава ад пахвал, якімі апошнім часам узнагародзіла яго прэса». Нагадаем, што Жаўноў адстаяў у варотах некалькі матчаў на нуль. У «Маскве» цяпер тры раўнавартыя брамнікі (Жаўноў, Філімонаў і Казко), таму нават адна памылка можа каштаваць беларусу месца ў аснове. Расея — усходняя краіна. Сёньня цябе носяць на руках, а заўтра ты — галоўны вораг.

«Зьвер» спыніўся ў 1/8 фіналу

Макс Мірны дайшоў да 1/8 фіналу Ўімбэлданскага турніру, здолеўшы мінуць тры этапы. Бар’ер у чацьвёртым крузе паставіў швэд Томас Юхансан — 4:6, 5:7, 4:6.

Каліна застаецца

Знакамітаму футбольнаму арбітру П’ерлуіджы Каліну ў выглядзе выключэньня дазволілі яшчэ год абслугоўваць матчы чэмпіянату Італіі па футболе. Рэч у тым, што судзьдзю споўнілася 45 гадоў, і ён трапіў пад вызначаны ўзроставы ліміт. Але шмат хто, улічваючы шалёную папулярнасьць «Фантамаса», прапаноўваў зрабіць выключэньне і дазволіць яму займацца сваёй справай.

АГ; pilkanozna.pl, sport-express.ru

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0