Прыхільнікі Статкевіча падтрымалі Мілінкевіча. Што ні кажы, а аксамітны голас Мілінкевіча мае на кабет лёгкае гіпнатычнае ўзьдзеяньне.

2 ліпеня цэнтральны камітэт БСДП (Народная Грамада) вызначыўся з тым, якога кандыдата партыя падтрымае на Кангрэсе дэмакратычных сілаў. Зрэшты, непрызнаная Міністэрствам юстыцыі партыя дала адказ на гэтае пытаньне яшчэ ў лютым, калі вылучыла ў прэзыдэнты свайго лідэра Міколу Статкевіча. Але апошні прысуд Статкевічу — два гады абмежаваньня волі за арганізацыю пратэстаў на вынікі рэфэрэндуму-2004 — зрабіў яго ўдзел у прэзыдэнцкай кампаніі немагчымым. Перад БСДП (НГ) і салідарнай зь ёю Эўрапейскай кааліцыяй паўстала пытаньне: каго падтрымаць?

Паседжаньне кіраўніцтва партыі Статкевіч распачаў з набалелага — няпростых дачыненьняў сацыял-дэмакратаў з прыхільнікамі Казуліна. «Як толькі прэзыдэнцкія выбары, дзьве рэчы адбываюцца з партыяй: ствараецца клон і заводзіцца крымінальная справа ў дачыненьні да старшыні», — абураўся кіраўнік БСДП (НГ). — «Але калі людзі ёсьць, партыя будзе. А без паперкі аб рэгістрацыі мы абыдземся — мець гэтую паперку зараз небясьпечна».

Статкевіч заклікаў не вылучаць новага кандыдата ад партыі ці Эўрапейскай кааліцыі, а даверыцца аднаму з палітыкаў, якія ўжо актыўна ўдзельнічаюць у кампаніі. Такім чынам, сацыял-дэмакраты прагаласавалі за тое, каб пацьвердзіць вылучэньне Статкевіча кандыдатам у прэзыдэнты, аднак, з аб’ектыўных прычынаў, адначасова падтрымаць яшчэ аднаго прэтэндэнта. На суд партыйцаў вынесьлі дзьве кандытатуры — Анатоля Лябедзькі і Алеся Мілінкевіча. «Я зьвяртаю вашую ўвагу на тое, што сёньня тут мы можам вырашыць вынік Кангрэсу», — папярэдзіў Статкевіч. Рэч у тым, што на Кангрэсе прыхільнікаў пераменаў, які мае адбыцца сёлета ўвосень, партыя Статкевіча разам са структурамі Эўрапейскай кааліцыі будзе мець каля 100 галасоў — гэтага цалкам дастаткова, каб схіліць шалі на той ці іншы бок.

Абодва кандыдаты прэзэнтавалі свае праграмы па-беларуску. Анатоль Лябедзька пачаў з таго, што параўнаў сябе з чалавекам, які ўзімку выйшаў у поле: «Калі я спынюся, то проста зьмерзну». Лідэр АГП паабяцаў ісьці наперад, да перамогі. «2006 год — гэта шанец. Для некаторых з нас — можа быць, і апошні», — заявіў ён, перасьцерагаючы ад спакусы ўжо зараз пачаць працаваць над «праектамі-2007-2011». Асаблівы акцэнт Лябедзька зрабіў на патрэбе распачаць кампанію «выбары без Лукашэнкі», мэтай якой будзе патлумачыць людзям, што сам удзел цяперашняга прэзыдэнта ў выбарах процізаконны.

Алесь Мілінкевіч пачаў з таго, што зрабіў камплімэнт прысутным жанчынам, і ім гэта спадабалася. Што ні кажы, а мяккі голас Мілінкевіча мае на кабет лёгкае гіпнатычнае ўзьдзеяньне. Як і Лябедзька, ён практычна нічога не казаў пра сваю асобу і ўсяляк падкрэсьліваў патрэбу ісьці на выбары адзіным фронтам. Абодва кандыдаты адзінагалосна заявілі пра тое, што ня вераць у перамогу праз выбары бяз выхаду на вуліцы.

Актывістаў БСДП (НГ), перш за ўсё, цікавіла тое, як найлепш даносіць да людзей пункты праграмы кандыдатаў, асабліва датычна эканомікі. Апрача добра вядомых захадаў па лібэралізацыі гаспадаркі, Анатоль Лябедзька прапанаваў арыгінальную мадэль пераўтварэньня Беларусі ў другую Швайцарыю, у банках якой бізнэсоўцы зь нестабільнай Расеі маглі б захоўваць свае капіталы. Алесь Мілінкевіч выказаў упэўненасьць, што наш асноўны рэсурс — людзі.

У выніку Мілінкевіч набраў 46 галасоў супраць 11 за лідэра АГП. «Для мяне гэта сапраўды вялікі гонар, страшэнная адказнасьць, — падзякаваў за давер Алесь Мілінкевіч. — Калі мы ўсе разам папрацуем, у нас ёсьць добры шанец на перамогу». Такім чынам, Мілінкевіч апынуўся на першым месцы, але Лябедзька наўрад ці мусіць адчуваць сябе пераможаным — і перамогі, і паразы цяпер адны на ўсіх.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0