Уладзімер Някляеў сабраў факты, што даказваюць: сьмерць Купалы не была самагубствам. Нітачка цягнецца да НКВД і літкрытыка Кучара.

Піша Адам Воршыч.

Уладзімер Някляеў агучыў на радыё «Свабода» і апублікаваў у «Народнай волі» сваю вэрсію загадкавай сьмерці Янкі Купалы. На яго думку, гэта было забойства, учынілі яго савецкія спэцслужбы, а штуршком да гэтага стала фатальная памылка. Зь Менску прыйшла інфармацыя, што немцы назвалі адну з вуліц у імя Івана Луцкевіча. Энкавэдысты паблыталі адраджэнца, стваральніка Віленскага беларускага музэю Луцкевіча з паэтам Луцэвічам. Бачачы ў Купалу патэнцыйнага нацыянальнага лідэра, яны вырашылі яго ліквідаваць.

Віталь Скалабан: Сказаць важкае слова магла б крымінальная справа па факце сьмерці Купалы

«Наша вайна ня будзе скончана, пакуль

не даведаемся, дзе крыж Эўфрасіньні і чаму загінуў Купала».

Загадкавы В.Б.Г.

Меркаваньне Някляеў падмацоў-вае наступнымі аргумэнтамі.

1. Справу па факце сьмерці Купалы вёў вайсковы пракурор Масквы. Аднак дамагчыся доступу да яе, адшукаць яе ў архівах пакуль не ўдалося нікому. Справа захоўваецца ў архіве прэзыдэнта Расеі — былым архіве ЦК КПСС.

2. Купалу рыхтаваліся забіць і менавіта таму нават не зьбіраліся сьвяткаваць ягоны юбілей (у ліпені 1942 г. яму спаўнялася 60 гадоў) у адрозьненьне ад Коласа. І ў Маскву выклікалі Купалу ўрадавай тэлеграмай аднаго, не дазволіў-шы ўзяць жонку.

3. Самому Купалу ўвялі ў вушы, што вуліца ў Менску названая ягоным імем. І паэт выкрываў немцаў за гэтую вуліцу ў выступе на сэсіі Акадэміі навук БССР у пачатку 1942 г.

4. Блытаніна з прозьвішчамі Івана Луцэвіча (Янкі Купалы) ды Івана Луцкевіча праходзіць праз усе дакумэнты савецкіх спэцслужбаў 1942 году. У спэцпаведамленьні на імя Берыі гаворыцца пра сьмерць «Івана Дамінікавіча Луцкевіча».

5. Пра тое, што Купала быў забіты, упэўнена гаварыла народная артыстка Беларусі Ларыса Александроўская. Някляеў рабіў запіс яе ўспамінаў пра Купалу ў 1970-х. Некаторыя моманты не ўвайшлі ў кнігу «Такі ён быў» (1975). Так, Л.Александроўская называла літаратара, паводле даносу якога Купалу й зьнішчылі. Някляеў называе яго В.Б.Г. (па першых літарах мянушкі), або «Вершнік без галавы». Некаторыя дасьледчыкі зьвязваюць гэты псэўданім з Айзікам Кучарам, зацятым крытыкам Купалы і магільшчыкам (амаль у прамым сэнсе слова) не аднаго беларускага літаратара.

Што праўда, Арыядна Ладыгіна, пляменьніца сьпявачкі й аўтарка кнігі пра яе, сумняецца ў Някляеўскіх сьведчаньнях: «Александроўская была вельмі стрыманая. Калі яна не казала такога нават нам, сваякам, дык наўрад ці яна дзялілася такімі ўспамінамі з малазнаёмым маладым чалавекам».

Такое магло быць

Архівіст Віталь Скалабан — гісторык, які найлепш ведае ўсе дакумэнты і абставіны таго часу, захоплены ўвядзеньнем у навуковы ўжытак новых момантаў — успамінаў Л.Александроўскай і асобы В.Б.Г. Аднак у някляеўскім аналізе яму бачацца некаторыя супярэчнасьці.

Так, купалаўскі юбілей афіцыйна быў замоўчаны. Больш за тое, паэта дэманстратыўна крыўдзілі. Павал Кавалёў, памочнік партыйнага бонзы Беларусі Панамарэнкі, 5 чэрвеня 1942 г. піша ліст Купалу: «Пачынаем рыхтавацца да юбілею Якуба Коласа, які, напэўна, афіцыйна будзе праводзіцца ў кастрычніку. Пажадана, каб і вы некалькі радкоў цёплых прысьвяцілі яму». Пра юбілей самога Купалы — ані згадкі.

Аднак казаць, што юбілей Купалы зусім не рыхтаваўся, нельга, лічыць архівіст. Вядомы беларускі журналіст Яфім Садоўскі піша ліст Ц.Гарбунову: «7 ліпеня Іван Дамінікавіч сьвяткуе сваё 60-годзьдзе.

/…/ Ці намячаецца шырока сьвяткаваць гэтую дату? Мне хацелася б арганізаваць яму ліст ад беларусаў-франтавікоў». Звароты грамадзкасьці, лічыць Скалабан, мелі свой уплыў. Але адзначаць Купалаў юбілей меліся прыхавана. На першую палову ліпеня плянаваўся пленум Саюзу пісьменьнікаў БССР у Маскве. У парадку дня быў пазначаны і даклад Крапівы «Пра літаратурную дзейнасьць Янкі Купалы і Якуба Коласа» (пастанова ЦК КП(б)Б ад 21 чэрвеня 1942). Прычым Коласа сюды ніхто не запрашае, яго няма. Запрасілі Купалу. «Дык што гэта? Схаваная форма юбілею!» — мяркуе архівіст. Выклікалі ў Маскву Купалу акурат пад гэты пленум. І пасьведчаньне выдалі ад 8 чэрвеня «ў тым, што ён сапраўды камандзіруецца Вярхоўным Саветам БССР у г.Маскву са зваротным вяртаньнем у Казань». Менавіта гэтак — зь вяртаньнем!

Сумнеўным Скалабану падаецца сьцьверджаньне Някляева наконт забароны браць з сабой жонку: «Няма такога сьведчаньня, каб «ня браць жонку». Дзе гэта? Купала з Уладзіславай Францаўнай перад паездкай, відаць, пасварыліся, адносіны былі ня лепшыя. У доказ сваёй вэрсіі ён прыводзіць ліст Уладзіславы Францаўны да Купалы за 27 чэрвеня 1942 г., атрыманы ў Маскве 6 ліпеня 1942.

Дзе прамова паэта?

Вуліца Луцкевіча — самы загадкавы момант у гісторыі з Купалам. Першым Георгі Колас у 1993 г. напісаў, што з гэтым можа быць зьвязана таямніца Купалавай сьмерці. «Але ўсё на гэтым заціхла. Ніхто ня ўзяў на сябе клопату пашукаць», — кажа В.Скалабан.

У сувязі са згадваньнем Купалам вуліцы ўсплывае й яшчэ адна загадка. Дзе знайсьці беларускі арыгінал той Купалавай прамовы? У зборніку паэтавай публіцыстыкі 1972 г. прамова «Айчынная вайна і беларуская інтэлігенцыя» друкуецца, як пазначана, паводле арыгіналу дакладу, які захоўваецца ў музэі Купалы. Як кажа Скалабан, гэтага арыгіналу там няма: «Я яго шукаў, Інстытут літаратуры шукаў — і не знайшлі». Публікацыя ў нядаўнім Поўным зборы твораў рабілася па расейскім тэксьце, надрукаваным у казанскім выданьні 1942 г. Але гэты тэкст не ідэнтычны беларускаму! У беларускім станоўча згадваецца кампазытар Туранкоў, які акурат у вайну сядзеў у акупаваным фашыстамі Менску. Ёсьць і іншыя адрозьненьні.

Беларускага тэксту цяпер няма, ёсьць толькі расейскі. «Але быў жа! І яшчэ ня так даўно, — кажа Скалабан. — Можа, праз сувязь з трагедыяй гэты тэкст і зьнік».

Выснова Скалабана: «Я падтрымліваю вэрсію забойства, але не аргумэнтацыю Някляева». У забойства Купалы не было нейкай адной прычыны. Проста сабраны НКВД «кампрамат на Купалу выбухнуў у 1942 годзе».

Ускосна на карысьць забойства Купалы, кажа Скалабан, сьведчыць забойства Саламона Міхоэлса: «Калі такое было ўчынена там, дык магло быць зроблена і тут».

Важкае слова

На думку Віталя Скалабана, сказаць важкае слова магла б крымінальная справа па факце сьмерці Купалы. Справа 1941 году мусіць захоўвацца ў Маскве, у прэзыдэнцкім архіве, але даступіцца да яе не ўдалося нават у 1990-я. На пачатку 1990-х запыты ў Маскву дасылаў дэпутат Яўген Цумараў і маскоўскія беларусы. Тагачасны старшыня КДБ Лавіцкі абяцаў спрыяньне ў пошуках дакумэнтаў. Была і прапанова стварыць адмысловую камісію. Пастанова пра неабходнасьць камісіі падпісана намесьнікам старшыні Саўміну М.Дземчуком. У адказ на яе тагачасны в.а. генпракурора Беларусі Кандрацьеў зазначыў, што бачыць стварэньне такой камісіі «ў цяперашні момант заўчасным» і лічыць патрэбным накіраваць работніка ў архіў расейскага Міністэрства абароны ў Падольску пад Масквой. У архіве, аднак, захоўваюцца дакумэнты вайсковых часьцей. Дакумэнтаў пра сьмерць Купалы там ня можа быць. Натуральна, што афіцыйны адказ з архіву гучаў так: «У Цэнтральным архіве ў Падольску ніякіх дакумэнтаў па гэтай справе няма».

Дзьве вялікія таямніцы

Уладзімер Някляеў ставіцца да магчымасьці ўзнаўленьня крымінальнай справы скептычна: «Адзіная крымінальная зачэпка, якая ёсьць, гэта кроў ужо на лесьвіцы 7-га паверху. Калі чалавек падаў з 9-га паверху, вельмі сумнеўна, што ўжо на 7-м было б столькі крыві. Пра гэта мне казаў адзін крыміналіст. На жаль, іншых дакумэнтальных сьведчаньняў няма. Расьсьледаваць цяпер можа толькі нейкая грамадзкая камісія — мы з вамі».

Някляеў пэсымістычна заўважае, што імавернасьць дакапацца да ісьціны становіцца ўсё меншай. Скалабан наадварот лічыць, што час працуе на дасьледчыкаў: «Я думаю, мы набліжаемся да раскрыцьця. У вайне ёсьць дзьве вялікія тайны — тайна крыжа Эўфрасіньні Полацкай і тайна сьмерці Купалы. Гавораць: вайна ня скончана, пакуль не пахаваны апошні салдат. Дык наша вайна ня будзе скончана, пакуль не даведаемся, дзе крыж і чаму загінуў Купала».

Ці можна распачаць крымінальную справу аб забойстве Купалы?

Валянцін Стэфановіч, юрыст:

Малаімаверна. Тэрмін даўнасьці вычарпаны, калі заводзіць справу па артыкуле «забойства». Дадатковая складанасьць палягае ў тым, што няма суб’екту злачынства. Праўда, тэрмін даўнасьці ня дзейнічае, калі справу разглядаць сёньня ў межах сталінскага тэрору. Аднак рэабілітаваць Купалу няма патрэбы, бо яго «ворагам народу» не называлі.

Міхаіл Пастухоў, юрыст БАЖ, былы судзьдзя Канстытуцыйнага суду:

Тут два варыянты: ці аднавіць справу з прычыны акалічнасьцяў, якія сталі вядомы, ці распачаць новую. Калі беларуская пракуратура прыме рашэньне распачаць справу, можна зьвярнуцца ў архіўныя фонды, прагледзець дакумэнты НКВД, падняць архівы ў фондзе прэзыдэнта Расеі і высьветліць акалічнасьці сьмерці паэта. Аднак, калі высьветліцца прозьвішча Купалавага забойцы, да адказнасьці яго прыцягнуць будзе нельга, нават калі ён яшчэ жывы. Прысуд будзе такі: «Без прымяненьня пакараньня з прычыны заканчэньня тэрміну даўнасьці». Я мяркую, што ў пракуратуры ня пойдуць на завядзеньне крымінальнай справы і спашлюцца на розныя фармальнасьці (час, адсутнасьць сьведкаў). Але, прынамсі, можна падаць заяву.

Міхаіл Чудакоў, загадчык катэдры міжнароднага і параўнальнага права Акадэміі кіраваньня пры прэзыдэнце РБ:

— Казаць, што тэрмін даўнасьці ў справе Купалы прайшоў, можна толькі тады, калі крымінальная справа не была заведзена ў 1942 г. Калі ж распачыналі, то цяпер яе можна аднавіць, але толькі на тэрмін да году і толькі ў месцы зьдзяйсьненьня злачынства — г.зн. справу можа завесьці толькі пракуратура Масквы. Але гэта малаімаверна, бо павінны быць падставы, напрыклад, зьяўленьне сьведкі, дакумэнт, які б уносіў нешта новае.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0