Калі пад эўфэмізмам «прадпрымальнік» разумець дробнага гандляра кантрабандай на рэчавым рынку, дык нідзе ў сьвеце не было такіх ільготных умоў для прадпрымальніцтва, як у нас.

Іпэшнік — ніякі не фэрмэнт для буржуазных рэвалюцый.

Лібэральныя палітыкі працягваюць заляцацца да індывідуальных прадпрымальнікаў (ІП), спрабуючы нацкаваць іх на ўрад. Маўляў, злачынныя спробы ўсталяваньня кантролю над стыхійна-народным імпартам тавараў з Расеі чарговы раз сьведчаць пра антынародны характар рэжыму. Даеш поўную легалізацыю «кантрабасу»! А калі адмовіце — штурмам возьмем Pэзыдэнцыю і пераабсталюем пад народны рэчавы рынак.

Палітыкі пасьпелі ўсім паабяцаць удзел ІП у прызначанай на наступны год «каляровай рэвалюцыі». Баечны Насрэдын-хаджа быў больш адказным: паабяцаўшы навучыць ішака размаўляць, ён папрасіў у шаха 20 гадоў, цьвяроза разьлічыўшы, што хто-небудзь з траіх зацікаўленых у экспэрымэнце бакоў пакіне гэты недасканалы сьвет раней.

Дзьве рэчы прымушаюць сумнявацца ў посьпеху гучнага праекту.

Па-першае, іпэшнік — ніякі не фэрмэнт для буржуазных рэвалюцый. Гэта не галяндзкі гёз XVI ст., не ангельскі сквайр XVII ст. і нават не чылійскі «дальнабойшчык» пачатку 1970-х. Гэты клясычны беларус літаратурнага канону, які заўжды застанецца шчырым беларусам, у дэкарацыях што прыгонна-калгаснай вёскі, што постмадэрнісцкага мэгаполісу. Жыве ён, далібог, нармальна, паціху.

Грошай хапае выпіць-пад’есьці, схадзіць штотыдзень у лазьню зь «цёлкамі», на тачку 7-гадовай даўніны і кватэру ў Малінаўцы на 11-м паверсе панэльнага гмаху. Са сваім прадпрымальніцтвам ён разьвітаецца бяз жалю і драматызму, вярнуўшыся да больш звыклых абавязкаў дробнага чыноўніка. За паўтара году, дадзеных адпаведным указам на роздум, самыя абачлівыя якраз і пасьпеюць уладкавацца праз сваякоў у тыя кабінэты, заміж таго каб браць іх штурмам.

Па-другое, калі пад эўфэмізмам «прадпрымальнік» разумець дробнага гандляра кантрабандай на рэчавым рынку, дык нідзе ў сьвеце не было такіх ільготных умоў для прадпрымальніцтва, як у нас апошнія 5 гадоў. Нават там, дзе ўнівэрсытэцкія сьцены спрэс завешаныя партрэтамі Фрыдмана і Гаека. Ну дзе яшчэ дазволена ў адкрытую і ў незьлічонай колькасьці гандляваць таварам, паціху прывезеным з суседняй дзяржавы, без аплаты мыта, заплаціўшы толькі фіксаваны падатак? Але занадта сур’ёзныя людцы стаяць за праектамі гіпэрмаркетаў, што растуць у сталіцы і абласных цэнтрах як чарнобыльскія грыбы, каб дазволіць суіснаваньне ў адной краіне дзьвюх абсалютна розных сыстэм падаткаабкладаньня імпарту. Да выбараў, вядома, ІП ніхто па-сур’ёзнаму чапаць ня будзе. Хай сабе соваюцца па сваё барахло ў Маскву і назад, заміж таго каб біць шыбы ў выканкамах. Яшчэ паўтара году іх можна пацярпець.

Што ж, сьмерць ішака ў нейкім сэнсе выйсьце — што для шаха, што хаджы... Абодва захаваюць рэпутацыю ў сяброў і прыхільнікаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0