Эпілятары Настасьсі Слуцкай

Шампунь ад Неўскага

Гісторыя даўно стала служкаю дзяржаўных ідэалёгій. Не адстае і рэклямны бізнэс. Покуль мы спрачаемся пра бляск і марнасьць містыфікацый, рэклямнікі скідваюць замок з клямкі весьнічак сваёй фантазіі. І натхнёна блытаюць спажыўца. На адных гомельскіх «гандлёвых радох» ты з упоением і пісьменьніцкай зайздрасьцю прачытаў этыкетку расейскага лопухавага шампуню з сэрыі «Русское поле». Ананімны аўтар паведаміў, што лекавыя ўласьцівасьці лопухавага алею былі знаныя спакон вякоў, што асабісты лекар «русского князя» Аляксандра Неўскага таксама карыстаўся гэтым зельлем. Насамрэч пра гэнага князя так мала інфармацыі захавалася, што нават гады жыцьця яго дакладна не вядомыя.

Пацешыў майстар сучаснага расейскага дэтэктыву Аляксандар Бушкоў. У сваёй «гістарыёіднай» кнізе «Расея, якой не было» ён досыць сьмела атаясамлівае князя Аляксандра Неўскага (чамусьці разам з бацькам Яраславам) і хана Батыя. Што да рэклямы, дык для беларускіх мэнэджараў плойма магчымасьцяў, якія варта выкарыстоўваць. Можна кінуць на рынак якую-кольвек туалетную ваду, вырабленую па традыцыйных старабеларускіх рэцэптах часоў Усяслава Чарадзея. І слоган быў бы канкрэтны: «Нават у кіеўскім порубе ён пах як трэба!» Ня лішнім было б пакарыстацца вобразам збольшага раскручанай княгіні Слуцкай Настасьсі. «Нашы эпілятары вострыя, як ейны меч», — мусіла б красаваць на бігбордзе. Як ня верыш вачам, то памацай сам.

Салата з Гордзіевага вузла

За царскім часам у Гомелі былі свае Амэрыка і Каўказ. У савецкім Гомелі зьявілася ўласная Кітайская сьцяна. Горад у палоне чужых міталягем, ахвочы да запазычаньняў. Нездарма ж некалі зьявілася выслоўе: «Ёсьць Бадэн-Бадэн, а ёсьць Гомель-Гомель». Спробы вярнуць (прыдумаць?) Гомелю беларускі кантэкст пакуль не займелі дзейсных вынікаў. На шалях гарадзкое сьвядомасьці пераважваюць палац і парк расейскіх князёў у суполцы зь любымі артэфактамі нетутэйшасьці… Як ільга назваць рэстаран, які месьціцца на цокальным паверсе стандартнага, хіба толькі доўгага, шматпад’езднага хмаранедачосіка? «Акропаль» — вырашыў незнаёмы табе хазяін гэнага спажыўнага месьцейка. І дрэўнягрэчаскі крэмль успомнены, і будыніна атрымала вобразнае нязьдзешняе найменьне. Над уваходам — лацінскі надпіс «Veni». Намякаюць на Юлія Цэзара, які, калі верыць прадаўняй прымаўцы, «veni, vidi, vici». А ад Цэзара да Македонскага адзін крок. Гэткай калейкай тамтэйшая кухня мусіць прапаноўваць адбіўныя зь мяса баявых сланоў, палеглых у бітве ля Гаўгамэлаў… Зрэшты, спраўджваць тое няма ніякай ахвоты — ні гастранамічнай, ні ідэалягічнай. «Якось так воно все у глибокій дірі», — цэдзіш праз зубы словы зь вершу Юр’я Андруховіча. Рэстарану «Майдан» у Гомелі ўжо некалькі год не існуе.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0