Каханьне і мальвы

Маёй маці Зосі Самовіч прысьвячаецца.

Сьвята з нагоды сканчэньня гімназіі займала думкі радаснымі мроямі і нэрвавала адначасова. Гэты дзень быў асаблівым — менавіта сёньня ўвечары ім дадуць атэстаты, якія пацьвердзяць права на дарослае жыцьцё, а для яе гэта доўгачаканая магчымасьць зьехаць вучыцца сьпевам у кансэрваторыю. Яна заўсёды сьпявала — і ў касьцёле, і ў хаце. Сьпявала і цяпер падчас працы ў гародзе:

Заходзе сонейка,

За лес каліновы,

Дробны дожджык пада,

Дробны дожджык пада

На садок вішнёвы.

І раптам пачула, як да яе далучыўся чыйсьці барытон. Яна азірнулася і ўбачыла хлопца ў вайсковай форме, высокага зь пяшчотнымі шэрымі вачыма і сьветлымі валасамі. Ён ласкава пасьміхнуўся і гучна запляскаў. Саромеючыся, яна схавалася за плот з мальваў і адтуль ледзь чутна прамармытала: «Дзякуй». А ўсё таму, што ў маладым чалавеку яна пазнала брата сваёй каляжанкі Барбары — Віктара Целяжынскага. Вясёлы і элегантны Вітак толькі што вярнуўся зь Вільні і ўжо прымусіў хутчэй біцца сэрцы мясцовых дзяўчат. Нягледзячы на маладосьць, Марыля ня мела ілюзій наконт Віктара, стоячы ў сваёй паркалёвай сукенцы перад гэтым прыгажуном. Яе вочы былі блакітнейшыя за неба, а валасы колерам нагадвалі лён, але яна ведала, што яна толькі дачка беднай удавы, а ён… Дый што там думаць, лепш не псаваць настрою, і яна з радасцью зьбегла дадому, як толькі малодшы брат паклікаў яе.

Якім жа было яе зьдзіўленьне, калі пасьля ганаровага ўручэньня атэстатаў пад гукі палянэзу Барбара падышла да яе, каб пазнаёміць з братам — Віктарам Целяжынскім, які прыехаў з інспэкцыяй у вайсковую часьць, што знаходзілася ў маёнтку на беразе Дзьвіны, па якой праходзіла мяжа з Латвіяй. Віктар беражліва ўзяў Марылю за талію, і яны далучыліся да пар, якія, быццам восеньскае лісьце, кружыліся ў танцы. Аркестар іграў і павольныя танцы, і тыя, што прымушалі рухацца хутчэй і хутчэй.

Адна мэлёдыя зьмяняла другую ў музычным вянку, робячы на фоне аксамітнай ночы бясконца прыгожым непаўторны для гэтых маладых людзей момант. Усе прысутныя, у тым ліку і Марыля зь Вітакам, адчувалі гэта. Музыка чаравала, стварала для іх казачную хвіліну хараства і каханьня. А потым узышло сонца, зазірнула першымі прамянямі ў твары. Дубы, што стагодзьдзямі стаялі ў гэтым парку каля гімназіі, усьцешана паглядалі, як надыходзіў новы дзень 1939 году.

А потым былі сустрэчы, шпацыры, лісты, шмат лістоў — бо кожнаму ведама, як тое, чаго ня скажаш падчас сустрэчы, саромеючыся погляду закаханых вачэй, само пішацца на паперы, адкрываючы самыя патаемныя думкі, мары і пляны на будучыню. Вось і цяпер, трымаючы ў руках лісты, яна чытала і перачытвала іх.

«Каханая! Я знаходжуся так далёка ад цябе, хвіліны як дні, дні як стагодзьдзі. Усе думкі толькі побач з табою. Ня можаш сабе нават уявіць, як моцна я сумую, бо няма тут тваго погляду, усьмешкі… Мне не хапае цябе як паветра, безь якога немагчыма жыцьцё. Я сьніў цябе ўчора, сёньня і буду сьніць заўтра. Сумую. Кахаю. Вітак».

«Марыля! Няма і хвіліны, каб я ня марыў пра наша спатканьне. Увесь час я перажываю, думаю і баюся за цябе. Разумееш, цяпер, калі вайна ўварвалася ў наша жыцьцё і мы так далёка адно ад аднаго, адчуваеш, які ненадзейны гэты сьвет. Праз два дні я адпраўляюся на фронт, я буду думаць пра цябе, пра маіх родных і маю зямлю, якая так цяжка пакутуе. Невядома, як доўга мы ня ўбачымся яшчэ. Мае сябры па зброі таксама ўжо даўно падрыхтаваліся сустрэцца тварам да твара са сьмерцю і забойствам. Гэта будзе наша пакута — пакута дзеля вызваленьня нашай зямлі. Кахаю цябе. Вітак».

«Мая адзіная! Сёньня была апошняя імша перад адбыцьцём на фронт. Я доўга стаяў перад Маткай Боскай і маліўся ў інтэнцыі нашай перамогі і хуткага спатканьня з табой. Увесь час прыгадваю нашу першую сустрэчу, ніколі на яе не забудуся. Я вельмі, вельмі, вельмі…»

«Марыля! Пэралка мая! Сёньня быў наш першы бой. Танкі паўзьлі на нас, быццам жудасныя пачвары. Але мы падарвалі два зь іх. Я амаль аглух ад грукату, але ня згасла маё жаданьне перамогі. Хлопцы пасьля казалі, што яны будуць бараніцца да канца. І мы будзем, хоць з шабляй на кані… А цяпер, калі ў мяне ёсьць вольная хвілінка, вырашыў напісаць табе некалькі слоў. Мае думкі зноў з табою і пра цябе. Як мне хочацца хутчэй пацалаваць твае пальчыкі, зазірнуць у вочы, зноў пачуць водар тваіх валасоў і пачуць слова «каханы». У марах і думках я заўсёды з табою».

Марыля чытала і перачытвала гэтыя лісты бясконца. Іх ужо была цэлая шуфляда. Як раптам яны перасталі прыходзіць. Адзіная нітка, якая зьвязвала два іх Сусьветы, зьнікла.

Не было жаданьня выходзіць на вуліцу, не было жаданьня піць, есьці, углядацца ў твары знаёмых і незнаёмых, колькасьць якіх павялічвалася з кожным днем. Вайна ўжо распасьцерла свае чорныя крылы над гэтым мястэчкам, і ўсё часьцей можна было пачуць чужынскую гаворку.

Зь места вярнулася нездаволеная стомленая маці. Знаёмы солтыс расказаў ёй па сакрэце, што ўжо сфармаваны сьпісы маладых людзей, якія павінны зьехаць на працу ў Германію. Гэты раз быў пятым. Маці не магла даваць больш падарункаў, каб не павезьлі яе дзяцей. Яна затрымала паветра ў грудзях, а потым сказала тое, што сказаць даўно ўжо намагалася, але не хапала моцы:

— Марыля, рыхтуйся да замужжа.

— Але я нікога не кахаю.

— Ведаю, нікога, акрамя Віктара Целяжынскага. Але ад яго тры месяцы няма аніводнай весткі. Можа, не жыве ён ужо. Дык што, да старасьці ў дзеўках сядзець? Пра сябе думай, пра брата сваго Рамана. Мяне пашкадуй! Я ноччу спаць не магу — думаю: вось зараз, зараз пагрукаюць у дзверы і забяруць вас не на працу, дык у лягер. Што, думаеш, лёгка? І ня плач, я не ў дамавіну цябе кладу. Вось Міхал ужо зараз можа ажаніцца з табою — яго маці мне так і казала. І Ян ужо тры разы сватоў засылаў. А зобач які, зобач — ня п’е, ня паліць, адзін на гаспадарцы, а яна не маленькая — зямлі пятнаццаць гектараў, жывёлы колькі. Зь сям’і — нікога, адна толькі маці, Яну ўжо даўно гаспадыня патрэбна. А што на сямнаццаць гадоў старэйшы — дык што, людзі і з большай розьніцай жывуць. На фронт таксама ня возьмуць — забраніраваны на чыгунцы.

Марыля чула словы маці, быццам у сьне. Усё жыцьцё — такое маленькае — пранеслася перад вачыма — шчасьлівае дзяцінства, пакуль не памёр бацька, сьвята, надзеі, зьвязаныя з вучобай у кансэрваторыі, і яшчэ чамусьці прыгадвалася засохлая мальва, што стаяла за акном…

Яна думала, што страціла прытомнасьць, і спадзявалася — мо гэта толькі сон? Але адразу зразумела, што памылілася, — удава ўжо адправіла брата Марылі да Яна перадаць згоду нявесты на замужжа. А раніцай ксёндз з амбону сказаў пра заручыны. Вясельле было назначана на другога лютага, пакуль яшчэ не надышоў пост.

Для маленькага места гэта было вялікай падзеяй — браліся шлюбам добра знаёмыя людзі. Ян быў вядомым чалавекам, адукаваным, размаўляў на некалькіх мовах. Нявеста была прыгажуняй з добрым характарам. У працы не было ёй роўных — на гародзе ці за швейнай машынкай. Марыля сьпявала ў касьцельным хоры, і яе сьпеў «Вітай, Марыя» выклікаў радасьць і слёзы ва ўсёй акрузе. Здавалася, што душа ляціць да самога Айца Нябеснага.

Ян прыехаў па яе на трох канях, якія літаральна танчылі ля дзьвярэй Марылі, і псаломшчык Стэфан тлумачыў усім прысутным, што жаніх, напэўна, напаіў іх гарэлкай. На яго ніхто не зьвяртаў увагі, але потым многія прыгадалі яго словы.

Падрыхтоўка да вянчаньня заняла доўгі час — раскаталі чырвоную дарожку, каб падкрэсьліць важнасьць падзеі, уздоўж яе ўжо стаялі кошыкі з разаліямі і ружамі Марціна. Сьвяточна гудзеў арган, хор разьліваўся мноствам галасоў, сонечныя прамяні зазіралі ў вокны.

— Марыля, — гучна пачаў самы старэйшы са сьвятароў, — у цябе ёсьць тры хвіліны, каб падумаць — ці правільна ты зрабіла: твой нарачоны нашмат старэйшы за цябе, а ты — маладая, прыгожая, ты добра падумала?

— Так, я ўжо дала слова маці і магу даць слова Богу.

Імша доўжылася каля дзьвюх гадзін. Ян з Марыляй стаялі ля аўтара, але яна, нягледзячы на вялікую колькасьць людзей, адчувала сябе, быццам у пустэчы. Падавалася, што раптоўна патрапіла на чужое вясельле, а яе шлюб павінен быў адбыцца толькі зь Віктарам, ні з кім больш. А гэты чорнавалосы мужчына з карымі вачыма, які так пяшчотна паглядаў на яе, быў чужым.

Быццам праз туман яна пачула яго голас: «Я, Ян, бяру ў жонкі цябе…» — і свой адказ: «Я бяру Яна сваім мужам, пакуль сьмерць не разлучыць нас…» — і з жахам падумала пра тое, што толькі што сказала. Вянчаньне скончылася, калі на поўную моц загучаў марш Мэндэльсона, і прысутны натоўп пацягнуўся віншаваць маладых.

Яны выйшлі на сходкі, дзе з усіх бакоў іх пачалі абкідваць зернем — сымбалем шчасьця і згоды. Ян, схапіўшы Марылю за рукі, пасадзіў яе ў вазок. Коні, адчуваючы волю, панесьліся рысьсю і, калі на іх шляху сустрэлася толькі што зробленая брамка для затрыманьня маладых, перамахнулі церазь яе і панесьліся далей. Сьціхлы натоўп ахнуў і яшчэ доўгі час абмяркоўваў жаданьне жаніха прывабіць да сябе маладую. А ён чакаў гэтага моманту ўсё сваё жыцьцё — назіраў, як яна з даўганогага, няскладнага дзяўчаці ператварылася ў чароўную паненку зь пяшчотнай усьмешкай. Падчас выпадковых сустрэч ён хацеў пагутарыць зь ёй, расказаць нешта, але стрымліваўся, баючыся напужаць. Вось і цяпер, паглядаючы на Марылю, думаў, што патрэбен час, каб яна магла прызвычаіцца да свайго новага становішча, але ён і падумаць ня мог, што яе сэрца належала іншаму.

Паміж тым вясельная працэсія пад гукі скрыпак і альтоў паволі рухалася да Марылінай хаты. Маладых ужо чакалі маткі — абедзьве ўдавы, абедзьве сівыя, вельмі падобныя, толькі маці Марылі больш усьміхалася, а Янава маці падавалася маўклівай з вострым халодным позіркам шэрых вачэй. Яны блаславілі маладых хлебам-сольлю і прымусілі іх увайсьці ў хату пад вышытым ручніком па кажусе пад сьпеў традыцыйных вясельных песень. Перад іх вачыма зьявіўся багаты па ваенных часах стол — смачна прыгатаваная і па-мастацку аздобленая зяленівам рыба. Тут быў і вялікі жэрах у алеі, фаршыраваныя шчупакі, якія зьдзіўлена пазіралі на прысутных вочкамі-гузікамі, апэтытныя ліні ў тэсьце і складзеныя колцамі заліўныя вугры.

Усе гэтыя стравы адбіваліся ў халодным бляску потных бутэлек, якія хаваліся ў склепе з даваенных часоў, а цяпер нарэшце ўбачылі сьвет. А вясельныя караваі з выявай маладых запрашалі да танцаў. Ды і як было ня танчыць, калі музыка напоўніла ўсю прастору. Потым з маладой зьнялі вэлюм і падаравалі хустку зь пеўнямі, а надалей стомленае вясельле разышлося хто куды.

Іх правялі ў самы далёкі пакой. Марыля не магла стрымацца ад ускрыку, калі ўбачыла вялізны ложак, які займаў амаль палову пакою. Да таго ж ён быў вельмі высокі — перад тым як пакласьці пярыну, на дно насыпалі прагрэтае збожжа. Ад яго ішла цеплыня, распаўсюджваючы навокал сябе пах лета, хаця ж на дварэ ўжо даўно стаяла восень. Побач зь печчу на палічцы зьзялі пакладзеныя на чырвонае лісьце явару хлебіны.

Марыля азірнулася, саромеючыся. Як паводзіць сябе цяпер? Ян адчыніў печ, паварушыў вугольле, падкінуў яшчэ паленьня для падтрыманьня агню. У дзьверы пагрукала Янава маці, і ён выйшаў. Марыля ўмомант скінула сукенку і схавалася пад коўдру. Ян заходзіў некалькі разоў, выносіў хлеб з пакою. Цікава, для каго? Толькі потым яна даведалася, што гэто было для нейкіх людзей, што хаваліся ў лесе.

Яна намагалася зразумець, пра што размаўляюць за дзьвярыма, але патрохі да яе падбіраўся сон, і, як ні супраціўлялася, яна нічога не магла зрабіць. Раптам яна адчула пацалунак, нехта абдымаў яе і яшчэ нешта, разам з чым раптам стала цёпла-цёпла і яна ператварылася ў іншую, зусім іншую… Немагчыма было зьбегчы — Ян моцна трымаў яе ў абдымках, сон і стомленасьць былі яго саюзьнікамі.

Калі надышла раніца, Марыля прачнулася ад вясёлай музыкі — гэта музыканты прыйшлі правесьці маладых у новую хату, дзе павінен быў прайсьці другі дзень вясельля.

Якім жа было яе зьдзіўленьне, калі яна села ў вазок і раптам яе быццам нешта адштурхнула. Чыйсьці погляд… Такі знаёмы… Яна пазнала схуднелага з забінтаванай рукою, але да болю знаёмага і каханага Віктара Целяжынскага.

Спазьніўся — зразумела яна яго погляд. Спазьніўся — грукала ў грудзях. Спазьніўся — крычала ўсё навокал, і сьлёзы зьбягалі на бок саней, быццам наўмысна размаляваных мальвамі; яны ўсё беглі і беглі, ператвараючыся ў маленькія крышталікі на паверхні кветак.

Так і зьехалі Ян і Марыля насустрач сваёй будучыні, пакідаючы пасьля сябе натоўп і пасярод яго — Віктара Целяжынскага, які толькі што вярнуўся са шпіталю…

АЛЕНА ПУШЧЫНА (нар. у Друі, 1951) — працуе мэнэджарам у доме гандлю «Копцева» ў Полацку. Доўгі час жыла ў Рызе, скончыла там Латвійскі дзяржаўны ўнівэрсытэт імя П.Стучкі, потым вярнулася на Радзіму. Замужам. Мае дзьвюх дачок. У «НН» друкуецца ўпершыню.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0