Юрась Нераток

ВЕЧАРОВАЕ

Вечар дражніцца ценямі

Без трагедый і драм.

Спачуваю я геніям

І зайздрошчу майстрам.

Час ня мае каштоўнасьці —

Гразь ляціць з-пад падкоў.

Пазьбягаю шматслоўнасьці

І даўжэзных радкоў.

Працяло думкай гадкаю,

Як у цемя — лядзяш:

Хутка шлёпнуць пячаткаю,

Каб сьпісаць у тыраж.

За прарочымі вершамі

Шлейфам цягнеца дым.

Саступаю старэйшым я,

А пара — маладым.

І зь бясстраснасьцю рыцара,

Што змагаўся, як мог,

Ганарлівасьць-амбіцыю

Пакладу пад замок.

Нагуляўся, бы з цацкаю,

І ня буду ханжой:

Сьмешна быць сталым дзядзькаю

Ды зь юнацкай душой.

Сонца з промнямі нізкімі

І спакой-цішыня

Выніковымі рыскамі

Абвядуць контур дня.

І якая ўжо розьніца —

Будзе горш, будзе лепш?

Ноч суцэльна накоціцца —

І закончыцца верш.

Вадзім Карцаў

***

Суткі бяз сонца,

Суткі бязь ветру,

Сілаў — на донцы,

Паляцца нэрвы.

Плавіцца воля,

Розум нямее…

Цяжкую ролю

Выбраў сабе я.

Ролю ў спэктаклі

Зь дзеяй па коле.

Цягнуцца акты,

Скончу — ніколі.

Граю ахвяру,

Потым — тырана…

— Баўся, глядачу,

Сыходзіць рана!

Іван Іванцоў

МАЯ БЕЛАРУСЬ

Ты як вясёлка з навальніцы па-над вёскаю,

Як ясны дзень з туману над ракой,

Зноў адрадзілася па волі Боскай

Вэнэра зь небыцьця, як зь пены той марской.

За тысячу гадоў тваёй гісторыі

Дзясяткі войнаў парушалі твой спакой,

Народ твой білі, вешалі, рабілі зь вёсак крэматорыі,

Вэнэра зь небыцьця, як зь пены той марской.

Пад бел-чырвона-белымі сьцягамі і «Пагоняю»

Сыны твае ішлі ў сьмяротны бой,

Каб вольнай была ты, а не калёніяй,

Вэнэра зь небыцьця, як зь пены той марской.

Але ж зноў вырадкі ў Беларусі ўладараць,

Пракляцьце здраднікам у памяці людзкой.

Ўсе не мінуць Суда Народу, хай ня мараць,

Вэнэры зь небыцьця, як зь пены той марской.

Я ведаю, і зараз беларусам хопіць розуму

Зноў адстаяць свабоду, незалежнасьць і спакой.

Сабой Айчыну засланіць бяз роздуму —

Вэнэру зь небыцьця, як зь пены той марской.

І прыйдзе час, і будзе ў Хаце нашай Сьвята,

Паднімем тост мы за сталом сьвяточным грамадой,

Каб больш у войнах не губляць бацькоў, сястру ці брата,

Вэнэру зь небыцця, як зь пены той марской.

Будзь вольнай Беларусь, родная, любая,

Каб стаў народ багаты і шчасьлівы твой,

Каб зь песьняй сябраваў, з усьмешкай белазубаю,

Вэнэра зь небыцьця, як зь пены той марской.

Sаny Dragonfly

* * *

Цішэй…

Грае дождж па званюткай вадзе,

Грае дождж ці гуканьне, ці шэпт…

Я змарную сваю надзею,

Я змарную сваю надзею,

Дзе я, дзе я,

Дзе?

Глядзі:

Мы сустрэліся, зблытаўшы сны,

Пад нагамі дрыжыць маладзік…

Мы тут воляю чараўніцы,

Мы тут воляю чараўніцы,

Сьніцца, сьніцца…

Зьнік.

Хадзем,

Я цябе правяду да нябёс,

Ты — чужы, як і я, між людзей…

Вочы твае — чысьцюткія росы,

Вочы твае — чысьцюткія росы,

Сьлёзы, сьлёзы,

Лёс.

Я змарную сваю надзею.

Дзе я,

Дзе я,

Дзе я…

Ганна Матусэвіч

КОСТУСЮ КАЛІНОЎСКАМУ

Дзень Страты Нашай,

Дзень Зьвеставаньня,

Вялікадня Дзень,

Мы — Літва Белая, ня сьцень!

Боль абернецца

Нашай Воляй,

Страта — памяцьцю

Пра Былое…

Хто быў большы —

Здалёку ня ўбачыць;

А ўлада ў таго,

Дзе ахвяры найбольш.

Мой ты Шляхціц найлюбы!

Суворы Літоўскі дыктатар!

Бога ты пакахаў,

І цябе кахаў Бог.

Са Сьвятымі спакою

Табе не жадаю,

Проста ведаю:

Гэткім, як ты, — неспакой.

А суцешыць — суцешу:

Тыя не паміраюць,

Хто за нашую й вашую

Вольнасьць душу аддаюць.

Героі вяртаюцца зь Неба

На Літву Нашу зноў,

Каб яе ўратаваць

Аб прыгнобленых, сьлізкіх,

Зласьлівых і шэрых,

Каб Сусьветны Агонь

На Літве заснаваць!

Алесь Скілондзь

ПАГОНЯ

Гэты герб паважалі заўсёды,

Ён праходзіў праз брамы вякоў,

Гэта помнік таму чалавеку,

Што жыцьцё аддаваў за любоў.

За любоў да уласнай краіны,

За людзей, што на гэтай зямлі.

Іх хаваў за шырокую сьпіну

Ды памёр, каб яны жылі.

Гэта сымбаль магутнай веры,

Што сябе бараніла мячом.

Калі моцы змагацца ня мелі,

Крыж чырвоны іх поўніў зноў.

Крыж ня просты — знак Эўфрасіньні,

Не забудуць імя яе.

Ды нашчадкі яго згубілі,

Разам з тым, што быў на шчыце.

Не бароніць за гэта Бог,

Самі болей не маюць рады,

Бо падман ахапіў зямлю,

Ды яму належыць улада.

Тут ня любяць складаных слоў,

Чалавека цанілі раней,

Тым, хто побач, зычылі шчасця,

А ня проста спакою сабе.

Разам зь вершнікам зьнішчылі веру

Ў тых, хто рыдзелем быць гатовы,

Падабаецца жыць ў спакоі,

Баязьліва схіліўшы галовы.

Яго латы ляжаць на зямлі,

Забірай, хто захоча, дарма.

Паважаны чужымі народамі,

Цёмны свой, не жадае сьвятла.

Толькі вораг яго баіцца:

Ён памёр, а прывід — жывы,

Ціха збожжа ў краі каласіцца,

Дзе яго падрастаюць сыны.

Антон Брыль

НАВАЛЬНІЦА

Перадвосеньскае патрыятычнае

Ад чаго нечакана трава зеляней, чым была,

Ды паветра такое, што нават у сьне не прысьніцца?

Ад таго, што ў дзівосным праменьні агню ды сьвятла

На старую Літву па нябёсах паўзе навальніца.

І паволі сьвінец афарбоўвае ўвесь небакрай,

Ды крычаць крумкачы ўсё грамчэй над пустою ральлёю.

Мне трывожна ды радасна слухаць іх велічны грай,

Я народжаны гэтаю чорнаю злою зямлёю.

Вось яна, што рабіла мяне год ад году дзічэй,

На сваё падабенства расьціла мяне ад маленства.

Ад таго ў глыбіні маіх сонных тарфяных вачэй

Бы падземны пажар палымнее таемна шаленства.

Ад яе атрымаў я дзіклівасьць літоўскіх лясоў,

Бы кара налібоцкіх дубоў зьдзірванелую скуру,

Паламаны прагнілы счарнелы чарот валасоў

Ды камень у грудзях з гарадзенскага княскага муру.

Вось у воі вятроў разрываюцца пасмы смугі,

Ды далёка на захадзе неба маланкі пякельняць,

І рака звар’яцела раве ды ірве берагі,

І з бурлівых віроў пасьміхаюцца твары тапельніц.

Хмары рушацца ўніз і зямля пад нагамі плыве,

Навальніца нясецца па шэраму цяжкаму небу.

Я стаю басанож у пажоўклай пажухлай траве,

Мае ногі пускаюць карэньне ў няплодную глебу.

Мікола Бельскі

* * *

Хто памяне Курапаты,

Хай таму прысьняцца краты

Той ня стане дэпутатам

Хто ня вучыць Таты «матаў»!

* * *

Даражэе хлеб, сабакам

Дастаецца дуля з макам.

Кошт «загнулі» удвая…

Спасе бульбачка свая!

* * *

Плахішы краінаў NATO

Хочуць зьняць з пасады Тату:

— Стаў дарослы, Кібальчыш,

За так возьмеш хлеба шыш!

Ігар Севяранін

НЯ БОЛЕЙ ЧЫМ СОН

Пераклад Анатоля Трафімчыка

Неверагодны мне прысьніўся ўчора сон:

Я ехаў з паннай, што чытала вершы Блока.

Кабылка ціха йшла, ступаўшы ва ўнісон,

Віліся пасмачкі і вільгатнела вока.

І больш зусім нічога ў сьне тым не было,

Ды, ўсхваляваны ім, узрушаны глыбока,

Жыву цалюткі дзень з трывогай і цяплом

І думаю аб той, што памятае Блока.

Тацяна Васілінчык

З ГАННЫ АХМАТАВАЙ

Нашы сэрцы не скаваныя

І каханьне — не астрог.

Многа шчасьця канаванага

Знойдзеш вольны на шляхох.

Я ня жалюся, ня плачу, не:

Шчаснай долі мне ня мець.

Не цалуй стамлёных вуснаў мне —

Цалаваці прыйдзе сьмерць.

Адышла туга нясьцерпная,

На ёй сьнежнае сяйво…

Лепшы ты — чаму, ня ведаю —

Ад выбраньніка майго.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0