Эксклюзіўнае інтэрвію міністра замежных спраў і эўрапейскай інтэграцыі Рэспублікі Малдова.

З Андрэем Стратанам гутарыць Раман Якаўлеўскі.

— У Кішынёве адкрылася прадстаўніцтва Эўразьвязу. Якія першачарговыя задачы стаяць перад Рэспублікай Малдовай у сфэры яе інтэграцыі ў ЭЗ?

— Хацеў бы ўдакладніць, што ў Малдове пакуль няма пастаяннага спэцпрадстаўніцтва ЭЗ, але з пачатку году Рада ЭЗ прызначыла спэцпрадстаўніка ў Малдове, місія якога — актыўнае спрыяньне мірнаму разьвязваньню прыднястроўскай праблемы і стабільнасьці ў рэгіёне. У верасьні ў Кішынёве распачнецца работа Дэлегацыі Эўракамісіі, заканчваецца распрацоўка Эўрапейскай стратэгіі РМ, якая прадстаўляе яшчэ больш дэталізаваны праект па ажыцьцяўленьні прыярытэтнай мэты малдаўскай унутранай і замежнай палітыкі.

Што наконт дасягненьня Малдовай найважнейшае мэты — інтэграцыі ў структуры ЭЗ. Краіна ўзяла на абавязацельствы выканаць да канца 2007 году захады, прадугледжаныя ў пляне дзеяньняў «Малдова—ЭЗ», а менавіта: мірнае ўрэгуляваньне прыднястроўскага канфлікту; далейшае ўмацаваньне стабільнасьці і эфэктыўнасьці інстытутаў, якія служаць гарантыяй дэмакратыі і вяршэнства закону; дэмакратычнае правядзеньне выбараў у адпаведнасьці з эўрапейскімі стандартамі; забесьпячэньне свабоды прэсы і выказваньня думак; паляпшэньне інвэстыцыйнага клімату і шэраг іншых прыярытэтаў.

— Малдова — адзіная краіна з «новых суседзяў» ЭЗ — чалец СГА. Наколькі гэты статус можа дапамагчы ёй у эўраінтэграцыі?

— Членства ў СГА ўключае шэраг абласьцей, якія супадаюць з правіламі і заканадаўствам адзінага рынку ЭЗ: дзяржаўнае набыцьцё, інтэлектуальная ўласнасьць, празрыстасьць і правілы гандлю паслугамі. Плян дзеяньняў «Малдова—ЭЗ» дае значную ступень эканамічнай інтэграцыі і больш паглыбленае палітычнае супрацоўніцтва, а таксама магчымасьць забесьпячэньня больш шырокага доступу малдаўскіх тавараў на рынак ЭЗ з дапамогай аўтаномных гандлёвых ільгот.

— Дачыненьні ЭЗ зь Беларусьсю пакідаюць жадаць лепшага. Як Вы ахарактарызуеце цяперашні стан стасункаў Малдовы з нашай краінай?

— Аснова дачыненьняў — цесныя гандлёва-эканамічныя сувязі. Беларусь займае 6-е месца сярод 128 гандлёвых партнэраў Малдовы. Летась агульны таваразварот між краінамі склаў $142 млн, што на 26% больш, чым у 2003 г. Малдова імпартуе нафтапрадукты, трактары, керамічну плітку, бітум, лядоўні, лекавыя сродкі, палімэры этылену, запчасткі для аўтамабіляў і трактароў, ДВП, шыны. Летась на гарадзкія лініі Бэлця ўпершыню выйшлі тралейбусы прадпрыемства «Белкамунмаш». Для перааснашчэньня прадпрыемстваў Малдовы пачаліся пастаўкі мэталаапрацоўчых станкоў, у мэдустановах зьявіліся беларускія мэдыцынскія прылады.

Артыкуламі экспарту ў Беларусь зьяўляецца плодагароднінная прадукцыя, вінна-каньячныя вырабы, насенная і фуражная кукуруза, сланечнікавы алей.

Не забудземся на традыцыйна добрыя сувязі нашых народаў. Мы падтрымліваем імкненьне беларусаў Малдовы (у краіне жыве 20 тыс. беларусаў. — «НН») у захаваньні культуры, нацыянальнай самабытнасьці і традыцый, вывучэньні гісторыі і мовы роднай краіны.

— Лідэры краін ГУУАМ заяўляюць, што гэтай арганізацыі надаецца новы дынамізм і яе роля на постсавецкай прасторы будзе ўзрастаць. Як Малдова ставіцца да пэрспэктыў існаваньня СНД?

— У рамках красавіцкага саміту ГУАМ у Кішынёве, прэзыдэнты Азэрбайджану, Грузіі, Малдовы і Ўкраіны прынялі рашэньне актывізаваць дзеяньні ў рамках аб’яднаньня, акрэсьліўшы прыярытэтамі разьвіцьця супрацоўніцтва ў стратэгічна важных сфэрах: энэргетыка, бясьпека, супрацоўніцтва зь міжнароднымі арганізацымі і краінамі ЭЗ альбо кандыдатамі на ўступленьне ў Зьвяз. У той жа час гэта не пярэчыць супрацоўніцтву ГУАМ з краінамі СНД.

— Паводле Канстытуцыі, Малдова — нэўтральная дзяржава. Як гэта палажэньне стасуецца зь яе імкненьнем уступіць у NATO?

— На афіцыйным узроўні Малдова не рабіла заяў пра імкненьне ўступіць у NATO. Наша асноўная мэта — пашырэньне і паглыбленьне супрацоўніцтва з альянсам, але пра перагляд статусу нэўтралітэту гаворкі пакуль няма. NATO дапамагае нам у рэалізацыі некалькіх праектаў — зьнішчэньні шкодных пэстыцыдаў, што засталіся з ранейшых часоў і наносяць шкоду экалёгіі. Дзякуючы дапамозе NATO Малдова адной зь першых дзяржаў цалкам зьнішчыла запасы проціпяхотных мін у адпаведнасьці з палажэньнямі Атаўскай канвэнцыі. Як бачыце, карысьць ад супрацоўніцтва ёсьць, і мы імкнёмся яе павялічыць.

— Якую сёлетнюю падзею Вы лічыце найважнейшай для Малдовы?

— У апошнія гады малдаўская замежная палітыка актывізавалася, зрабілася больш пасьлядоўнай і выразнай. Эўрапейская інтэграцыя, працэс рашэньня прыднястроўскага канфлікту, падтрыманьне актыўных сувязяў з традыцыйнымі партнэрамі і разьвіцьцё дачыненьняў з новымі — дыяпазон дастаткова шырокі. І на кожным з гэтых напрамкаў будуць адбывацца важныя падзеі. А сярод найбольш значных дыпляматычных мерапрыемстваў хачу назваць верасьнёўскі саміт дзяржаў у рамках 60-й сэсіі Генасамблеі ААН

Раман Якаўлеўскі, міжнародны партал «Wider Europe»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0