Быхаўскі замак арандаваў Максім Сапега. Ён фэрмэр і займаецца лесам.

Рэпартаж Аляксея Бацюкова з гораду-героя беларуска-расейскай вайны.

Покуль рэдакцыйная машына млява люляе ў сваім аксамітным нутры нашы целы, я прыгадваю, што ведаю пра Быхаў. За саветамі — горад стратэгічных бамбардзіроўшчыкаў і ваенных маракоў Балтыйскага флёту. Але найперш горад славутай абароны падчас вайны Рэчы Паспалітай і Расеі. Нарэшце, Дняпро, і даўжэзны безгустоўны мост, і шэры прастакутнік палацу па-над ярам, прыцярушаны лісьцем.

Мілітарызаваная сынагога

Ня можа так выглядаць горад, які разам з Крапівенскім полем сымбалізуе сярэднявечную вайсковую славу беларусаў. Прывідам зь мінуўшчыны палац праплыў за сьпіны, у вочы разанула косая лінія вежы. Нахіленая над ярам, яна нядаўна абвалілася на чвэрць, у правале зеўрае сонца. Год таму гэты палац гарэў, а два месяцы таму рухнуў кавалак сьцяны. Быхаў — горад руінаў. У краязнаўчым музэі ўся ўласная экспазыцыя звалена ў калідоры на другім паверсе, бо ўжо каторы год ідзе рамонт. На самым уезьдзе ў горад высіцца сынагога з абарончай вежай. Як вам сама ідэя — мілітарызаваная сынагога? XVII ст. вы тут убачыце непасрэдна — ад моманту стварэньня муроў не кранала рука рэстаўратара. Затое кранала рука нэафашыста. Яшчэ зь зімы ўсьцяж дзьвюх сьцен, якраз зьвернутых на цэнтральны праспэкт, расьцягнуліся чорныя надпісы «РНЕ».

Стаім, здымаем сынагогу. Асьцярожны кашаль за сьпінай, маёр міліцыі ветліва знаёміцца і нарэшце пераходзіць да справы. «Вы ня ведаеце, што такое «РНЕ»? А то адзін вэтэран зьвярнуўся ва ўпраўленьне з запытам, дык цяпер трэба ў рапарце напісаць». Расказваю грунтоўна, назіраючы, як не мяняецца і ня ўздрыгвае ніводным мускулам ветлівы твар пад фуражкай. «Я проста бачу, людзі вучоныя, трэба спытаць», — дзякуе, ківаючы на камэру.

Горад-герой

У сярэднявечным Быхаве сынагога бараніла заходнюю мяжу гораду. Замак — усходнюю. Дзьвесьце крокаў напрасткі. Сучаснымі меркамі мы пераадолелі квартал. Старажытнымі — прайшлі праз увесь горад.

Зручнейшае месца для замку знайсьці немагчыма. Нездарма Быхаў — адна з самых трывалых цытадэляў ВКЛ. Натуральныя равы з трох бакоў, над равамі — вежы.

Яшчэ адзін складнік ваенных посьпехаў — артылерыя. У горадзе працавала людвісарня, дзе адліваліся марціры, гарматы, гакаўніцы, мушкеты, шматствольныя арганы. На ўзбраеньні быхаўскіх абаронцаў былі нават ручныя гранаты — мэталічныя, драўляныя, шкляныя.

Замак (цэнтар адміністрацыйнай адзінкі, ад адной назвы якой растае сэрца, — Быхаўскага графства) сьпярша будавалі кіеўскія князі Хадкевічы, затым некалькі пакаленьняў ім валодалі Сапегі. Яны завяршылі палац, і пры іх Быхаў стаў непрыступным. Пазьней, за расейскім панаваньнем, ён ператворыцца ў «заштатны».

За Сапегамі цьвярдыня на Дняпры была ключом да ўсёй Беларусі. Прынамсі, такое значэньне надавалася Быхаву казацкімі атаманамі. Гісторыкі згаджаюцца, узялі б Быхаў войскі Гаркушы ў 1648-м (Гаркуша сам быў быхавец) — і казакі кантралявалі б усё. У 1654—1655 гадах, падчас славутай абароны быхаўскага гарнізону ад казакаў Залатарэнкі і адзінаццаці маскоўскіх палкоў, Быхаў быў адзіным з падняпроўскіх гарадоў, што выстаяў на першым этапе вайны. Новы казацкі атаман Нячай узяў яго ў 1657-м, але неўзабаве перайшоў на бок Рэчы Паспалітай. На 30 гадоў рашэньнем караля і Сойму Рэчы Паспалітай горад быў пазбаўлены ўсіх падаткаў за абарону 1654—1655 гадоў. У паваеннай спустошанай Беларусі гэта, аднак, не дало штуршку для эканамічнага росту.

Новыя гаспадары

Праход да замку закрыты высокімі варотамі. Цытадэль за савецкім часам была мэблевай фабрыкай, падпарадкоўвалася яго інфраструктуры, абрасла цаглянымі хлеўчукамі і страціла ўсе ўмацаваньні, апроч палацу і тых дзьвюх вежаў. Яшчэ дзьве вежы ўплецены ў архітэктуру палацу.

Насустрач нам з-за варотаў выйшаў высокі бялявы малады хлопец. Гаспадарчыя пабудовы мэблевай фабрыкі арандуе ягоная сям’я, яны фэрмэры і займаюцца лесам. А паколькі замак быў на балянсе фабрыкі, ім жа даверылі яго догляд. Хлопец адчыняе нам дзьверцы, вядзе па калідорах. На адных зь дзьвярэй крэйдай няроўна выведзена — «Музэй». Тут яны з бацькам складваюць усе цікавосткі, што знойдуць у замку. Увесь агромністы стол уздоўж сьцяны завалены бітымі гаршкамі, косткамі, магчыма, не чалавечымі. Падлога пасярэдзіне пакою разабраная, унізе выразна відаць яміна, зь якой тырчыць рыдлёўка. «Нікому не кажыце, што нешта капалі, — раю хлопцу, — гэта забаронена законам». Замак — помнік рэспубліканскага значэньня. І як пра ўсё, што ў Беларусі ёсьць славутага, але што не ўпісана ў шаблённы набор нацыянальных скарбаў, рэспубліка пра замак памятае, але на адлегласьці. Чыноўнікі ад міністэрства культуры не прыяжджалі ў замак ні пасьля леташняга пажару, ні пасьля сёлетняга абвалу.

Рэха

Абгарэлы шкілет верхняй столі губляецца ў самой сьцяне. Гарэла перакрыцьце, закладзенае яшчэ пры Хадкевічах. Па сьцяне з-пад абвугленага верху выпаўзае трэшчына і цягнецца да самага нізу. Наступнай зімой можна чакаць новага абвалу.

— Дарэчы, як цябе завуць? — зьвяртаюся да хлопца.

— Максім Сапега.

— Як?! — утрымліваюся, каб не падскочыць.

Прадзед Сапегаў-фэрмэраў быў афіцэрам царскай арміі, паходзіў зь вёскі, што належыла Сапегам-магнатам. Далейшую повязь з тым славутым родам трэба яшчэ шукаць, прызнаўся пазьней бацька Максіма, але надзея ёсьць.

«Сапега» — праз усё наша далейшае гасьцяваньне ў замку гэтае імя рэхам адбівалася ад сьцен. Ці, можа, сачылася з гэтых сьцен? Сачылася, вабіла, паклікала блакітныя кроплі ў жылах нашчадкаў, як тая Шапэнгаўэрава воля, вярнуцца ў спакутаваныя сьцены гаспадарамі…

Максім водзіць нас па паверхах, паказвае ўпэўненымі рухамі гаспадара. Тут дымаход, праз гэтую трубу відаць неба. На ўвесь палац некалькі камінаў, але сыстэма дымаходаў такая прадуманая, што гэтыя каміны праграваюць увесь будынак. Вось тут сутарэньне — гэта ўжо ў паўночнай, больш-менш ацалелай частцы замку. Каменныя зводы апускаюцца ў рызьзё і ламаныя вёдры. Дзесьці адсюль пачынаўся падземны ход — у яго вачах прачынаецца азарт — шукаю.

У сьмелых марах старэйшага Сапегі, Мікалая, выкупіць замак і адрэстаўраваць. На маю ўпэўненасьць, што помнікі рэспубліканскага значэньня не прадаюцца, Максім адказвае як практык — сёлета з нас бяруць 30 тысяч даляраў. Летась патрабавалі пятнаццаць. У падобных выпадках дзяржава толькі радая, што руінамі нехта зацікавіўся.

Колькі разоў пра гэта гаварылі?

У сярэднявечным Быхаве мураваных будынкаў было ўсяго два — сынагога і замак. І абодва выстаялі дзеля нас. Як хворыя пад вокнамі бальніцы, нема крычаць і ўзіраюцца ў сваё адлюстраваньне ў зачыненых вокнах. Наўрад ці ў найбліжэйшы час ім лёс дакрычацца да вокан на верхніх паверхах. Цікавасьць да той жа сынагогі закончыцца, як толькі праз пару дзён замажуць фарбай на сьцяне «РНЕ». Наўрад ці сьветлыя мары Сапегаў-фэрмэраў — нешта большае, чым мары. Трыццаць тысяч даляраў — гэта толькі каб купіць палац, а каб рэстаўраваць? Хіба што прывід Лява Сапегі зьявіўся хлопцу Максіму і расказаў, дзе ляжаць фамільныя скарбы.

Ці ёсьць у Беларусі грамадзянская супольнасьць ці проста жменька спэцыялістаў, што прыехала б да быхаўскага палацу, дапамагла б тым жа Сапегам разабраць ламачча, вывучыць бітыя гарлачы і пад аховай «адкрытага ліста» пакалупацца ў той яміне бяз рызыкі трапіць пад крымінальны артыкул? І ці ўвогуле патрэбная памяць пра вайсковую славу даўняй Беларусі?

АЛЯКСЕЙ БАЦЮКОЎ — пісьменьнік, журналіст. Жыве ў Магілёве.

БЫХАЎ — горад на Дняпры ў Магілёўскай вобласьці. Упершыню згадваецца ў 1430. Належаў Гаштальдам, Жыгімонту Старому, Хадкевічам, Сапегам. У к.XVI — п.XVII ст. гетман Ян Караль Хадкевіч пачаў, а Леў Сапега завяршыў будаўніцтва ў Быхаве мураванага замку. Горад трываў аблогі расейскіх і казацкіх войскаў у 1654, 1659, 1660, 1702. У 1707 г., пасьля некалькіх дзён бамбардзіроўкі, горад захапілі войскі Пятра І. Расейцы разбурылі мураваныя замкавыя брамы. Цягам XIX ст. Быхаў ператварыўся ў заштатны горад Беларускай губэрні з 6 тыс. жыхароў. Цяпер раённы цэнтар.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0