Лета. Адгрукаталі «Млыны», адтупалі «Маманты». Хто робіць моду ў нашым царстве? Што актуальна ў гэтым сэзоне?»

Піша стыліст Сьвятлана Длатоўская.

У Беларусі няма ні прафэсійнага, ні папулярнага часопісу, цалкам прысьвечанага модзе. Таму скарыстаемся распрацоўкамі Беларускага цэнтру моды для айчынных вытворцаў адзеньня «Fashion trends» (тэндэнцыі моды) — вясна—лета-2005», — каб даведацца, з кім прапануецца сябе параўноўваць і куды рушыць гэтым летам.

Сёньня жанчына марыць пра рэтра, дух deco, эпоху джазу. Там, дзе ўвечары зьзяюць глямурнымі строямі галівудзкіх зорак часоў «вялікага нямога», а на ранішнюю гарбату выходзяць у адмысловай сьветлай паветранай сукенцы з «рамантычных 30-х».

Добрая дзяўчынка

У тыя часы якраз быў запачаткаваны культ спартовага адзеньня, пашырыліся баварскія і — як альтэрнатыва ім — лацінаамэрыканскія матывы, настальгія па віктарыянскай Англіі. У 1930-х нарадзіўся стыль «а-ля гарсон». Гэта маленькая чорная сукенка Шанэль і яе штодзённыя трыкатажныя касьцюмы, малюнкі да якіх распрацоўваў мастак зь дзіўным для шараговага француза імем Ільля Зданевіч.

Актуальнымі застаюцца павевы 1950-х — залатых часоў «haute couture». Гэта вяртаньне вытанчанай жаноцкасьці, зварот да адзеньня экстраклясы, сапраўднага мастацтва пашыву. Тут і «нью-лук» Дыёра з адточанымі сылюэтамі і — яму насуперак — позьняя Шанэль з мадэлямі «па-за часам, модай для любой жанчыны». Дадамо таксама Баленсіягавы вечаровыя «скульптурныя» сукенкі.

На зьмену банальным вобразам «мужчынападобнай» жанчыны і «звышсэксуальнай мужчынаедкі» вярнуліся «добрыя дзяўчаткі», пра што сьведчаць спадніцы-клёш да каленяў, кансэрватыўныя жакеты і элястычныя швэдры з V-падобным выразам.

Вярнуўся таксама клюбны пінжак 1980-х. Сёньня гэта — «сымбаль новага пакаленьня жанчын-работніц: двухбортны, з гербам на кішэні і зашпількай на тры рады тыповых для мужчынскага адзеньня пазалотных гузікаў». Апроч «добрых дзяўчатак», актуальныя вобразы «фэй і німфаў з думкамі такімі чыстымі і празрыстымі, што падзьме ветрык — і яны зьляцяць», і каляністак, захопленых сафары ды прыгодамі.

Модна ўсё, што з Амэрыкі

Сёлета агучваецца лёзунг: «Модна ўсё, што з Амэрыкі!» Галоўнае, жанчыне трэба вызначыцца — за каўбояў яна ці за індзейцаў. Стыль «вэстэрн» носіць рамантычны налёт: каўбойскія боты з карункавымі сукенкамі, а індзейскае понча — з калготкамі ў кветачкі.

Новы летні сэзон прасякнуты пачуцьцёвасьцю і адчуваньнем гарачага надвор’я. Мастакоў натхняюць разагрэтыя камяні, пясок і высушаныя на сонцы снапы саломы, пыл і зямля. Калі вада, то хвалістая, непразрыстая і чысьцюткая, зьменлівая, як у ф’ёрдах і каналах Поўначы.

У колерах асаблівая ўвага надаецца шэраму, які, хутчэй, зьдзіўляе, чым пераконвае ў сваёй нэўтральнасьці. Палітра халаднаватая і паветраная з дымчатымі тонамі пары, спалучэньнямі шэрага і карычневага — «птушынымі» афарбоўкамі.

Герой нашага часу

Гэта гарадзкі жыхар, жыцьцё якога «працякае пад злавесным штармавым небам і грознымі хмарамі ў гарадзкім краявідзе — часткова старасьвецкім, часткова з будучыні». Абарона ад усіх навал прымушае экспэрымэнтаваць з рознымі паверхневымі пакрыцьцямі: тканіны з эфэктам аліўных плямаў на вадзе, выгараньня, глыбокай карозіі і разбурэньня.

Модны мужчына лета-2005 трохі жаноцкі, бы мастак з Манмартру, і разам з тым нагадвае тыповага жыхара мястэчка Сярэдняга Захаду ЗША. Ён ратуе ад усіх напасьцяў, прымае сонечныя ванны, а потым наведвае каліфарнійскую вечарынку ля басэйну, назіраючы за гульнёй адбіткаў сьвятла на мокрай кафлі.

Паміж Дэлёнам і Брусам Лі

Наш герой пераборлівы ў колерах: у яго гардэробе цёплыя нэўтральныя тоны пустэльні, дымчатыя, палевыя з блакітнымі і тонкімі ружова-бэзавымі адценьнямі, вішнёвы, колер фуксіі. А яшчэ мужчыну немагчыма ўявіць улетку без паласатай кашулі і ўніформы. Апошняя можа быць мяккай і неагрэсіўнай, зь мінімумам «вайсковых» дэталяў, вытрыманая ў шакалядным і цукеркавым колерах, а таксама нагадваць спэцпрыкід з фантастычнымі наваротамі, высокатэхналягічнымі апрацоўкамі, галяграмамі і пэрфарацыямі. У адрозьненьне ад бесклапотнай сучасьніцы, наш абаронца ведае, што дапаможа выжыць у эпоху тэрарызму і зьменлівых вірусаў.

Элегантны вобраз мужчыны вагаецца паміж Рыўерай ды Аленам Дэлёнам 1970-х і стылем Бруса Лі: шырокія плечы, зацягнутая талія, клёшы і адпаведныя аксэсуары — сонечныя акуляры лётчыка, шыйная хустка і вельмі тонкія раменьчыкі. Колеры мяккія, пяшчотныя палевыя і атмасфэрныя шэрыя дадаюць настрою тонкай раскошы. Дарэчы будзе ружовы колер аголенага цела, мяккі цытрынава-жоўты і халаднаваты нэўтральны колер кіту. Можна дадаць крыху каштоўнага мэталу (ён, хутчэй, стрымана зьзяе, чым жудасна паблісквае): срэбра, плаціна, а таксама колер алавянага посуду.

Што такое мода

Функцыі моды (а іх тры — рэгулятар сьвядомасьці, паказчык сацыяльнага статусу, паказчык эстэтычнай каштоўнасьці) могуць быць інтэрпрэтаваныя як адлюстраванае ў адзеньні стаўленьне чалавека да сябе, да іншых, да сьвету ўвогуле. Што да стасункаў з сабой любімым/любімай, то яны падаюцца проста трапяткімі і ашчаднымі. Што да адносінаў зь іншымі, то «яе» погляд падаецца больш таленавітым, а «яго» — усё такім жа дакучліва-традыцыйным. Апранутая ў сукенку а-ля «DECO», яна і сама ня больш за дарагі дэкор у ягоным жыцьці. Мода ніколі не гаворыць ні пра каханьне, ні пра гора. У адносінах са «сьветам увогуле» відавочны акцэнт на настальгіі па мінулым, якое наўрад ці стане цалкам «сваім», нават калі праштудыяваць усе падручнікі па гісторыі, у тым ліку па гісторыі моды. Звышзадача для будучыні падаецца адназначнай: выжыць.

А што ў маладых

Як паказалі апошнія фэстывалі, у нас хапае пэрспэктыўных мастакоў. Асобныя калекцыі, паказаныя 24 чэрвеня на абароне дыплёмных праектаў выпускнікоў катэдры мадэляваньня адзеньня і мастацкага тэкстылю Беларускай акадэміі мастацтваў, атрымалі прызнаньне і на міжнародным узроўні. Але большую цікавасьць выклікаюць тэмы і кірункі пошуку, якія лічацца вызначальнымі. Навасьпечаны мастак (як мадэльер, так і тэкстыльшчык) услухоўваецца ў гукі старога Менску, пераасэнсоўвае паганскія вобразы і сымбалі, спрабуе адчуць сябе нечым значным і адметным у сусьветнай сталіцы Моды, не згубіцца на карнавале ў Вэнэцыі і адначасова стаць яго арганічнай часткай. Маладая жанчына параўноўвае свой творчы патэнцыял з унёскам у культуру такіх папярэднікаў, як паэты «сярэбранага веку», шукае прывабных вобразаў і зручных рэчаў для сваіх будучых дзяцей, яна хоча ляцець, распусьціўшыся ў паветры, і жыць на сваёй зямлі ў згодзе зь яе прыродай і гісторыяй. Пакуль яшчэ хоча.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0