Чаму Рафаэль Надаль, чэмпіён «Ралян Гарос», ня мае найменшых шанцаў на Ўімбэлдане? Чаму на траве куды лепей адчуваюць сябе гульцы з магутнай падачай — такія, як Родык, — ці тыя, што атакуюць каля самай сеткі — як Фэдэрэр? Рэч у фізыцы.

Кажуць, што травяныя корты Ўімбэлдану — найхутчэйшая тэнісная пляцоўка. Гэта праўда, але ня хуткасьць перамяшчэньня мяча робіць яе найхутчэйшай. Наадварот, як устанавілі навукоўцы, трава мацней за ўсё запавольвае мяч. Хуткасьць Уімбэлдану вызначаецца вугламі адбіцьця мяча, а таксама вышынёй і адлегласьцю, на якіх ён ляціць пасьля адбіцьця. Усе гэтыя велічыні для травяністых кортаў зьяўляюцца самымі нізкімі — найменшы вугал, найніжэйшае адбіцьцё, найкарацейшы лёт. У тэнісістаў застаецца вельмі мала часу на рэакцыю, ім даводзіцца хутчэй рухацца па корце і хутчэй здабываць пункты. Але зусім ня хуткасьць самога мяча робіць Уімбэлдан найхутчэйшым і найцяжэйшым турнірам. Як такое магчыма?

1. Пад якім вуглом адбіваецца мяч?

Звычайны (някручаны) мяч:

гард («US Open») — 32,9°;

грунт («Ралян Гарос») — 34,7°;

трава (Уімбэлдан) — 28,6°* .

Моцна кручаны наперад мяч (так званы топ-сьпін):

гард («US Open») — 24,8°;

грунт («Ралян Гарос») — 26,4°;

трава (Уімбэлдан) — 16,8°* *.

Кручаны назад мяч (андэрсьпін):

гард («US Open») — 38,1°;

грунт («Ралян Гарос») — 40,8°;

трава (Уімбэлдан) — 26,1°* **.

2. На якую вышыню ў сярэднім адбіваецца мяч?

гард — 114 см;

грунт — 111 см;

трава — 68 см* ***.

3. На якую адлегласьць (па гарызанталі) ляціць мяч пасьля адбіцьця, перш чым дасягнуць найбольшай вышыні (у сярэднім)?

гард — 3 м;

грунт — 2,8 м;

трава — 2,3 м* ****.

4. Якая будзе хуткасьць мяча пасьля адьбіцьця (перад адбіцьцём — каля 48 км/г)?

гард — 32 км/г;

грунт — 30,5 км/г;

трава — 28,9 км/г* *****.

Высновы для навукі

Трава запавольвае мяч больш, чым любая іншая паверхня! Чаму ж тады гэта найхутчэйшая паверхня? Бо хуткасьць мяча складаецца зь дзьвюх хуткасьцяў — вэртыкальнай і гарызантальнай. Напрыклад, на земляным корце мяч ляціць у цэлым хутчэй, але адбіваецца пад вялікім вуглом, ляціць вышэй і праз тое даўжэй пераадольвае тую самую гарызантальную адлегласьць. Такім чынам, яго гарызантальная скорасьць аказваецца ніжэйшай. На траве вугал падзеньня меншы. Мяч ляціць у цэлым зь мінімальнай хуткасьцю, але пераадольвае меншы шлях — і гарызантальная хуткасьць аказваецца вышэйшай. А для гульца, які стаіць, напрыклад, за чатыры мэтры ад месца адбіцьця мяча, найвялікшае значэньне мае тое, як хутка ён дасягне яго — інакш кажучы, як хутка ён рухаецца па гарызанталі, а ня тое, як хутка ён рухаецца наагул.

Высновы для тэнісу:

— мяч адбіваецца на траве пад найменшым вуглом з прычыны сьлізганьня;

— праз гэта адбіваецца найніжэй;

— дзякуючы гэтаму найхутчэй пераадольвае адлегласьць паміж месцам адбіцьця і тэнісістам, хоць рухаецца павольней, чым на бэтоне ці зямлі;

— тэнісіст мае менш часу на рэакцыю, перадачы мяча адбываюцца хутчэй, лепшых вынікаў дасягаюць тэнісісты, здольныя хутка здабываць пункты (пасьля моцных падач ці дзеяньняў перад сеткай — напрыклад, Эндзі Родык, Роджэр Фэдэрэр); тыя, хто любіць бегаць (напрыклад, Рафаэль Надаль, Гілерма Корыя), ня маюць шанцаў.

Былі выкарыстаны вынікі дасьледаваньняў, праведзеных карпарацыяй «Cislunar Aerospace» (поўны пералік экспэрымэнтаў можна знайсьці на інтэрнэт-старонцы па адрасе: http://wings.avkids.com/tennis у разьдзеле «Тэніс. Наш дасьледчы праект»).

__________

* Вугал адбіцьця на траве найніжэйшы. Гэта эфэкт сьлізганьня.

** У выпадку моцна кручанага мяча розьніца яшчэ больш выразная. Такі мяч сьлізгае больш і адбіваецца пад яшчэ меншым вуглом.

*** Мяч з адваротным кручэньнем на корце зь земляным і цьвёрдым пакрыцьцём сустракае моцнае супраціўленьне паверхні і адбіваецца пад вялікім кутом. На траве — зноў з прычыны сьлізганьня — трэньне намнога меншае і мяч не адбіваецца пад вялікім вуглом.

**** Розьніца ўражвае. На траве мяч адбіваецца больш як на 40 см ніжэй!

***** На траве мяч найхутчэй пачынае падаць.

****** Трава мяккая, больш пругкая, чым ард і грунт. Таму скорасьць мяча ніжэйшая.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0