Тысячы жыхароў прадмесьцяў сьцякаюцца на Кастрычніцкую плошчу, каб выпіць на праспэкце і плюнуць на геаграфічны цэнтар Рэспублікі Беларусі. Хмель, поп і разгул — карнавал эпохі Лукашэнкі. Пад шум відовішчаў спрабуюць рэабілітаваць Сталіна. Як іншы сьвет — фэст Маці Божай Будслаўскай. Калі разьюшаныя маладзёны засьвісталі мэтра савецкае эстрады Мікалая Гнацюка, які быў завёў свой каронны «Малінавы звон», Ягор Хрусталёў, ідэоляг лукашэнкаўскіх шоў, мусіў стукаць кулакамі па стале. Маўляў, казаў жа я: прасьцей трэба, яшчэ прасьцей. Гані забаву. Дайце плебсу тое, што ён хоча чуць, і вы атрымаеце ад яго ўсё, што вам трэба атрымаць. 3 ліпеня, 9 траўня і Дні гораду ў Менску ператвараюцца ў калясальныя гулянкі. Заахвочаныя тэлебачаньнем, сотні тысяч жыхароў прадмесьцяў і прыгарадаў сьцякаюцца ў цэнтар сталіцы. Сюды едуць з Барысава й Шабаноў, каб выпіць на цэнтральным праспэкце і плюнуць на геаграфічны цэнтар Рэспублікі Беларусі. Хмель, поп і разгул — беларускі карнавал эпохі Лукашэнкі.

Гульні для плебсу

Калі разьюшаныя маладзёны засьвісталі мэтра савецкае эстрады Мікалая Гнацюка, які быў завёў свой каронны «Малінавы звон», Ягор Хрусталёў, ідэоляг лукашэнкаўскіх шоў, мусіў стукаць кулакамі па стале. Маўляў, казаў жа я: прасьцей трэба, яшчэ прасьцей. Гані забаву. Дайце плебсу тое, што ён хоча чуць, і вы атрымаеце ад яго ўсё, што вам трэба атрымаць.

3 ліпеня, 9 траўня і Дні гораду ў Менску ператвараюцца ў калясальныя гулянкі. Заахвочаныя тэлебачаньнем, сотні тысяч жыхароў прадмесьцяў і прыгарадаў сьцякаюцца ў цэнтар сталіцы. Сюды едуць з Барысава й Шабаноў, каб выпіць на цэнтральным праспэкце і плюнуць на геаграфічны цэнтар Рэспублікі Беларусі. Хмель, поп і разгул — беларускі карнавал эпохі Лукашэнкі.

Абвешаныя біжутэрыяй дзяўчаты ў топіках зь меліраванымі валасамі; хлопцы ў спартовых штанах, закарэлыя пальцы зь вялікімі пярсьцёнкамі сьціскаюць пакецікі з гарэлкай, півам і запівонам. На салют зьбіраюцца не студэнты філярмоніі. Тут народ «папрошча». Твары людзей нібы сышлі з раманаў Эміля Заля. А можа, гэта баліварыянцы спусьціліся з горных шанхаяў у Каракас, каб падтрымаць свайго Чавэса.

Яны сьвяткуюць як паложана. Бо ўсе сьвяткуюць. Разам нас багата. Яны ўглядаюцца на далёкую сцэну. Лаў мі тунайт! Якое шчасьце — бачыць у бінокль Анжаліку, якая бачыла «Эўрабачаньне».

Чалавеку з багатым унутраным сьветам гэтае сьвята — зусім не сьвята. Прымітыў. Фанэрныя напевы скарасьпелай беларускай эстрады. Шарыкі, сьцяжочкі, выступы спартоўцаў на пэрыфэрыі. Міязмы, найбольш перагар. Рэляксацыя забясьпечваецца алькаголем. Гэта карнавал нашых дзён. Адно што ўлада не зьнікае на час карнавалу, як было ў сярэднія вякі. Яна над намі, яна скрозь і не дае сябе забыць. Гэта ў Вялікім Княстве на дзень усеагульнага расслабленьня жабрак мог стаць князем, а князь — блазнам. Менскі карнавал мае іншыя мэты — будзьце ўдзячныя таму, хто дорыць вам мір, стабільнасьць і сьвята. Ён тут, на сцэне.

9 траўня, 3 ліпеня, Дзень гораду — сьвяты-блізьняты, што праходзяць па аднолькавай схеме. Яны не беларускія ў тым сэнсе, якія надаюць слову «беларускае» чытачы «Нашай Нівы». Аднак такія сьвяты цалкам задавальняюць чаканьні натоўпу. Які, дарэчы, інакш як плебсам сапраўды не назавеш. Свабодныя людзі, але палітычна нічога ня значаць. Сваё права голасу яны мяняюць на хлеб і відовішчы.

«Чарка і скварка» — міна запаволенага дзеяньня пад Беларусь. Сучасная эканоміка трымаецца на разумным, мабільным і самастойным работніку, здатным адаптавацца да зьменлівае каньюнктуры ва ўмовах імклівага памнажэньня ведаў і тэхнічнага прагрэсу. Калі мы хочам мець канкурэнтаздольную эканоміку, нам патрэбная кваліфікаваная працоўная сіла. А людзі зь нізкімі культурнымі і палітычнымі запатрабаваньнямі ня могуць быць эфэктыўнымі работнікамі ў высокатэхналягічным грамадзтве. Палітыка Лукашэнкі ўжо супярэчыць вымогам вытворчых адносінаў. Яна апраўданая толькі з пункту гледжаньня захаваньня надзённае палітычнае стабільнасьці. Уладзе выгадна, каб плебс меў сьціплыя культурныя запатрабаваньні. Трымаючы людзей у папсе і палітычным ідыятызьме, улада гарантуе поўны кантроль. Тыя, хто хоча больш за чарку і скварку, за такую ўладу не галасуюць, бачачы яе ўбоства.

Эканоміка патрабуе культурнага работніка, а нашы кіраўнікі захапляюцца кітайскай мадэльлю, што грунтуецца на наяўнасьці неабмежаванай колькасьці працоўных рук і традыцыях усходняй дэспатыі. У гэтым драма нашае малое эўрапейскае нацыі.

Усьмешку выклікаюць рапарты МУС пра спакойную атмасфэру падчас гуляньняў. Паркі былі ўсьцеленыя сьмецьцем, Сьвіслач прыняла сьмяротную дозу ПЭТ-бутэлек. Мінімальная колькасьць туалетаў ператварыла ў прыбіральні закуткі самых прэстыжных будынкаў гораду. Жыхары цэнтру звыкаюцца зь неабходнасьцю вывозіць дзяцей за горад на час «сьвята», жанчыны без патрэбы не пакідаюць кватэраў. Затое ў цэнтральныя пункты прыёму шклатары на раніцу панядзелка павыстройваліся чэргі шчасьлівых людзей, палова зь якіх кранальна трымала чырвона-зялёныя сьцяжочкі.

Гулянкі супалі з правядзеньнем у Менску IX Усеславянскага зьезду, на які сабраліся дэлегаты з тузіна краінаў, сярод якіх былі й прадстаўнікі славянства з Канады і Эстоніі. Дзяжурнымі вясельнымі маршалкамі былі дзяржсакратар саюзу Беларусі і Расеі Павал Барадзін і лідэр расейскіх камуністаў Зюганаў. Які першай справай памчаў пад Заслаўе, каб паглядзець на «лінію Сталіна». Пра павагу ўлады да свайго народу («ён усё схбвае») сьведчыць падача зьезду ў дзяржаўных мэдыях як «падзеі сусьветнага маштабу». У тэлежурналістаў не выклікалі ўсьмешак ні «казакі» ў сваёй блазенскай уніформе, што віталі дэлегатаў ля КЗ «Менск», ні харчаваньне ўсяго зьезду на менскай птушкафабрыцы №1.

Такой кашай з славянства і папсы, савецкасьці і спажывецтва кормяць лукашэнкаўцы свой электарат. Старым — Сталіна, моладзі — «Атлянтыку». Жары, пі ды раві пад салют. Меней думай.

Гарантуючы яму ўсё, у тым ліку і думаньне за яго, рэжым мусіць гарантаваць (і даваць!) усё болей. Ён бярэ на сябе тую частку праблемаў, якую людзі ў свабодным грамадзтве спакойна вырашаюць самі.

Велізарная маса ахмялелых людзей выпраменьвае калясальны зарад энэргіі. Плебс прагне відовішча. Натоўп — арганізм, якім лёгка кіраваць. Але аднойчы плебс можа абсьвістаць ня толькі старога сьпевака, але й старога кіраўніка. Уявіце карцінку: ён стаіць сівы, а плебс сьвішча…

Сёньняшняе пакаленьне беларусаў, якое ўлады сьвядома трымаюць у інфантыльным стане, заўтра можа стаць некантраляванай разбуральнай сілаю. І гэта робіць спакой у нашым мізэрным усеславянскім «Рыме» прывідным.

Дзеці пралетарыяту дзеляцца ўражаньнямі ў трамваі: «Ты Лукашэнку відзеў? Ён п’яны быў! Зь дзеўкамі зажыгаў. А ахрана якая!» Яны мадэлююць сытуацыю ў звыклых для сябе рэаліях. Раз танцаваў — значыць, п’яны. Яны захапляюцца Бацькам, як хацелі б захапляцца родным бацькам. Яны яўна ня першы раз выпіўшы. Праз год ім першы раз галасаваць.

Андрэй Скурко, Сяргей Харэўскі

Абаронцы Божага Дому

Будслаўскі фэст сабраў дваццаць тысяч чалавек. Добрая палова іх прыйшла ў госьці да Маці Божай пешкі. Ішлі й ішлі ў Буду пілігрымы. Маладыя, спаленыя сонцам, прытомленыя беларускімі дарогамі. Будслаўскі ксёндз і ягоныя калегі-суседзі завіхаліся, разьмяшчаючы гасьцей у парафіяльных вёсках. Адны Крывічы прынялі некалькі соцень.

Кульмінацыяй паломніцтва стаў вечар 1 ліпеня. Групкі пілігрымаў на будслаўскім шляху зьліваліся, ператвараючыся ў натоўпы. Над галовамі ўспыхвалі бел-чырвона-белыя сьцягі, электрызуючы атмасфэру. Дзе ўздымаць нацыянальны сьцяг, як не на радзіме Паўліны Мядзёлкі й прэзыдэнта БНР Жук-Грышкевіча? Дзе, як ня побач зь першай беларускай гімназіяй? І сьцягі ўспыхвалі цягам усяго сьвята, хоць ахоўнікі дзяржаўнага спакою пільнавалі навідавоку: на страсе гаспадарчага будыначку побач з касьцёлам.

Дзеля нечуванага, нават у параўнаньні зь мінулымі гадамі, наплыву людзей, давялося карэктаваць старадаўні звычай. Раней ахвяру ў скарбонку ля цудатворнай іконы несьлі, ідучы на каленях па каменных плітах касьцельнай падлогі. Сёлета, каб усе ахвотныя пасьпелі да пачатку начное службы, пакуту адмянілі: тыя дзесяць крокаў праходзілі ня кленчачы.

Яшчэ навіна: ад храму адагналі гандляроў. Яткі з трантамі й ежай-пітвом гэтым разам стаялі воддаль.

Сьвята дае неблагі прыбытак парафіі. Трохсотгадовыя ж будынкі патрабуюць дагляду, як малыя дзеці. А чалавек, ахвяруючы на храм, працягвае спрадвечную эстафэту. Бярэ на сябе частку адказнасьці за сьвятыню, за калектыўную памяць, якая робіць сьціжму людзей адзіным народам. За Дом Божы і краіну, якія ня зь неба зваліліся, але мазалём тваіх бацькоў і тваім уласным мазалём на зямлі стаяць.

Вацлаў Зьвяруга, Мядзел

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0