Тыя ж, хто абрабляе зямлю, устрывожана пытаюцца: што ж гэта будзе з такім надвор’ем? Травеньскія залевы ў некаторых рэгіёнах Беларусі зьмяніла засуха. Якія «віды на ўраджай» пасьля гэтага?

Піша Сямён Печанко.

Сярэдзіна лета — той час, калі з пэўнасьцю можна казаць, ці будзе што нарыхтоўваць увосень. На што можна разьлічваць сёлета?

Пачнём з бульбы. Травеньскія залевы не абяцалі нічога добрага, асабліва на поўначы і ўсходзе краіны. На Віцебшчыне і Магілёўшчыне дзе-нідзе давялося нанова перасаджваць бульбу. Агулам пацярпела да 30% пасадак. Для калярадзкага жука мяккая зіма і цёплае лета — найлепшыя ўмовы для разьвіцьця. Да таго ж большасьць беларусаў змагаюцца з навалай пры дапамозе састарэлых сродкаў («Банкол», які актыўна рэклямуецца па тэлевізары, ужо каторы год прадаецца ў Беларусі), а як вядома, выкарыстаньне аднаго сродку на працягу некалькіх год ня толькі зьніжае яго эфэктыўнасьць, але й выклікае прывыканьне. Спэцыялісты ня раяць чакаць вялікіх ураджаяў бульбы і прагназуюць павышэньне цэн на «другі хлеб».

Ня вытрымалі выпрабаваньня вялікай вадой агуркі, морква і таматы. Агурочкі не расьлі праз тое, што начныя тэмпэратуры не адпавядалі аптымальным: у чэрвені яны не падымаліся вышэй за 10—15 градусаў. Да ўсяго, спрыяюць захворваньню дажджы. Парада агароднікам: ніколі не палівайце агуркі паверх лісьця, толькі пад карэньне, інакш уласнымі рукамі зьнішчыце будучы ўраджай. Морква пакутуе ад запозьненай вясны, памідоры ўжо на пачатку чэрвеня акупавала фітафтора.

Да ўсяго пачалася суша. У некаторых раёнах захаду Беларусі, напрыклад, вакол Берасьця больш за месяц не было дажджу. Перасыханьне зямлі ўзмацнілася з ростам сьпёкі ў ліпені. Засуха дасягнула другой ступені — глебавай. Залевы мінулага тыдня спаталілі ня кожную вёску.

Радыс і буракі аказаліся найбольш трывалымі у сёлетніх экстрэмальных умовах. Як і капуста з цыбуляю, якія амаль не адрэагавалі на выклікі надвор’я, а таксама бабы, гарох і розныя салаткі. А вось часнык масава жаўцее, засмучаючы гаспадароў.

Нарабіла шкоды надвор’е і ў садах. Костачкавыя яшчэ неяк ператрывалі. А вось яблыні сёлета пайшлі ў вымушаны адпачынак. Запозьненае цьвіценьне прывяло да затрымкі ўтварэньня завязі, ды яшчэ шкоднікі пачулі слабіну.

Затое, лес! Ён зьдзівіў незвычайна раньнімі грыбамі, якія нават складана назваць каласавікамі — якая ж збажына каласуе ў траўні, калі зьявіліся першыя абабкі і нават баравікі.

Такім чынам, незвычайны гэты год абяцае нам дарагую бульбу, імпартныя яблыкі, але свае буракі з капустай. Збожжа сёлета сасьпее трошкі пазьней, але ўраджай яго, насуперак найгоршым спадзяваньням, абяцае быць неблагі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0