Юры Сівакоў шматзначна папярэдзіў: калі што, «ці да Парфяновіча ў веславаньне пайду, ці ў Замежны легіён». Але пакуль ён проста знаходзіцца там, дзе Латыпаў. Абяцанай прэзыдэнтам «працы па профілі адукацыі» прафэсійны танкіст не атрымаў.

Звальненьне Юр’я Сівакова сталася неспадзяванкай для ўсіх, уключна зь цяпер ужо былым міністрам спорту ды турызму. Відаць, таму Сівакоў зрабіў беспрэцэдэнтны ход: даў інтэрвію незалежнаму інфармацыйнаму агенцтву БелаПАН. «Я не сьпяваў пад фанэру, не гуляў значанымі картамі», — заявіў Сівакоў, і ў яго словах адчувалася крыўда.

Трэба прызнаць, што на сваёй апошняй пасадзе Юры Сівакоў глядзеўся дзіўнавата: генэрал, былы кіраўнік МУС, раптам апранае цывільную вопратку ды пачынае разважаць пра пэрспэктывы разьвіцьця экатурызму… І рамантычна ж разважае... І ўвесь час вяртаецца да таго, што вісіць у яго на сумленьні: абвінавачваньняў у датычнасьці да выкраданьняў і забойстваў людзей.

У параўнаньні з астатнімі негаваркімі функцыянэрамі рэжыму Сівакоў меў такую афарыстычную мову, што мог бы на роўных спаборнічаць у красамоўстве з самім прэзыдэнтам. У адным са сваіх інтэрвію ён казаў, што глыбока цікавіўся кітайскімі філязофскімі трактатамі пра дзяржаўную будову. Інтэрвію Сівакова БелаПАНу таксама падкінула журналістам, аналітыкам ды псыхааналітыкам нямала моўных рэбусаў.

На пытаньне, што ён будзе рабіць цяпер, Сівакоў адказаў: «Ці адстаючы калгас узначалю, ці да Парфяновіча ў грэблю пайду, ці ў Замежны легіён. А калі сур’ёзна, то я сам вызначуся са сваім далейшым лёсам. Выкарыстаць мяне дзесьці ня ўдасца: ужо выкарыстоўвалі дастаткова».

Калгас — гэта, так бы мовіць, новае «міністэрства спорту» ці, у варыянце Мясьніковіча, «акадэмія навук»? Ці намёк на тое, што начальнік калгасу можа далёка пайсьці (за прыкладам хадзіць за сьвет ня трэба)? Парфяновіч — гэта перадусім апазыцыя. А Замежны легіён — ён і ў Афрыцы замежны... Ад’езд за мяжу? «Невыязнога» Сівакова, бадай, прынялі б ня толькі ў Расеі.

І калі з тым, як далей складзецца лёс Юр’я Сівакова, раней ці пазьней усё будзе зразумела, дык галоўнае пытаньне ягонай адстаўкі рызыкуе так і застацца без адказу: за што?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0