Бона Сфорца, Аляксандар II, Сталыпін, Сталін і Лукашэнка… Ім усім прысьпічыла рабіць аграрную рэформу.
Фэльетон Лёліка Ушкіна.
Уважліва заслухаў прэзыдэнцкі пакет ініцыятыў адраджэньня вёскі і заплакаў... Капец нашай Аркадзіі!.. Капец калгасу!
Між тым пры ўсіх сваіх нэгатывах калгас — унікальная чалавечая форма жыцьця, якая выпрацавала нідзе і ніколі ў гісторыі гомасапіенсаў ня бачаную схему адносін людзей і культурных каштоўнасьцяў. Гэта наша нацыянальная каштоўнасьць! А ўжо ж празь пяць гадоў — якраз столькі часу адвёў лідэр на рэформу — калгасьнікаў ня стане, як тых магікан.
За МКАД нас будуць сустракаць аграгарадкі — урбанічная ксэракопія амэрыканскіх белых прыгарадаў. Іх жыхары пад патранажам буйных прадпрыемстваў будуць з ранку да ранку сумленна працаваць, зарабляючы аж пад 300 баксаў. Натуральна, ім у галаву ня прыйдзе назюзюкацца і пайсьці з гармонікам па вуліцы, гарлаючы «А я лягу-прылягу».
Чым закончыцца беларускае «агароджваньне», зразумела.
Як толькі на вёсцы ўсталюецца новы лад, краіну ахопіць флёр настальгіі па калгасным ладзе. Гэтаксама, як у Заходняй Беларусі ідэалізуюць польскія парадкі, зьявяцца натоўпы калгасафілаў.
Бацькі будуць вывозіць дзяцей на месцы былых калгасаў і, выціраючы сьлёзы, расказваць: «…а тутака быў наш... імя 25-га зьезду КПСС. Тут стаяў клюб, дзе я ўпершыню ўбачыў індыйскі фільм. А потым яго зьнесьлі, каб усё засеяць рапсам і імпартазамяняльным ячменем».
Зьявяцца свае Астаф’евы і Шукшыны, якія будуць маляўніча апісваць ломку адаптацыі былога калгасьніка да патрабаваньняў Сусьветнай гандлёвай арганізацыі.
Адным словам, мы зноў наступаем на старыя граблі: спачатку бурым, каб потым аднаўляць. Трэба думаць аб праблемах кансэрвацыі калгаснай спадчыны ўжо сёньня.
Натуральна, прасьцей за ўсё пабудаваць у Строчыцах дадатковы этнаграфічны сэктар «Беларускі калгас», куды мой знаёмы экскурсавод Юра Канавальчык мог бы цягаць экскурсіі: «Увага, шаноўныя інтурысты, сельпо — тыповая пабудова беларускага калгасу. На паліцах вы бачыце муляжы хлеба, кансэрваў і іншых прадуктаў з рацыёну калгасьнікаў…»
Прымітыўны кітч!
Мне здаецца, што гэта той выпадак, калі ісьці трэба амэрыканскім шляхам. Калі няма як захаваць калгасы цалкам, трэба стварыць для аматараў калгаснага ладу нешта накшталт індзейскай рэзэрвацыі, дзе ідэйныя калгасьнікі маглі б і далей піць і рабіць выгляд, што яны працуюць. А калі яшчэ па ўсёй краіне, за выключэньнем калгаснай рэзэрвацыі, забараніць піць піва на вуліцах, то калгасьнікі хутка зьлезуць з шыі Мінкультуры.
Дарэчы, адным з вынікаў бацькавай рэформы «на валокі» стане маленькая лексычная рэвалюцыя. Слова «калхозьнік», якое дзесяцігодзьдзямі ўжывалася ў дачыненьні да сялян, больш ня каціць. Цікава, якую мянушку прыдумаюць гарадзкія правінцыялам ці проста тармазам: «Ты чо слухаеш, чэл, Анжаліку Агурбаш? Ну ты аграгаротнік!»