Пакуль у прыбіральні Нацыянальнай бібліятэкі няма туалетнай паперы, нашы дзяды могуць спаць спакойна.

Фэльетон Алеся Белага.

Раптам заўважыў, што ўвосень споўніцца 20 гадоў, як я карыстаюся Нацыянальнай бібліятэкай. На пару месяцаў менш, чым нашаму з жонкай «раману». На 3-м курсе пайшлі складаныя курсавыя, і давялося шукаць кніжкі, якіх у інстытуце не знайшоў. Але ў верасьні, калі юбілей мог бы адзначацца шырокай грамадзкасьцю, гэтага зрабіць ня ўдасца — бібліятэка будзе зачынена на пераезд. На гэтай думцы я злавіў сябе, седзячы… не, не ў чытальнай залі ці каталёгу. Мая глыбокая задумлівасьць была выкліканая тым, што — як бы гэта далікатней — у кабінцы не было туалетнай паперы. Не таму што скончылася, а таму, што ніколі і не было. Бо «не паложана». Ці не павешана. Не было яе там і 20 гадоў таму, калі бібліятэка была яшчэ не Нацыянальнай, а Ленінскай. Ленін пайшоў, а справа яго жыве. Хочаце пераканацца? Зайдзіце ў прыбіральню любой грамадзкай бібліятэкі або любой прэстыжнай дзяржаўнай ВНУ — туалетнай паперы вы там ня знойдзеце.

За 20 гадоў бібліятэка зазнала шмат перамен: паўсюды цяпер танныя і даступныя ксэраксы, нават на самаабслугоўваньні, сканэр, лямінатар. Заміж бруднага, амаль прывакзальнага буфэту — досыць прыстойная піцэрыя ў стылі гай-тэк. Зьявіўся і шапік з канцтаварамі — усё як у нармальных эўрапейскіх бібліятэках, якія так уразілі калісьці сваім камфортам. Сама бібліятэка хутка пераедзе ва ультрамадэрнісцкі будынак, які каштаваў краіне шалёныя грошы (злыя языкі кажуць — дзеля таго, каб вызваліць стары пад службу аховы). А паперы як не было, так і няма. Нават цьвіка табе зь нізкай парэзаных на кавалкі газэт. І ў кіёску з канцтаварамі не прадаюць.

Як жа санстанцыя? Можа, гэта змова трацкістаў-шкоднікаў? Або таемны зьвяз асабліва кансэрватыўных этнакультуролягаў парупіўся: каб ня траціць канчаткова сувязі-повязі з каранямі-вытокамі, кожнае чарговае маладое пакаленьне не павінна бачыць у прыбіральнях туалетнай паперы. Ініцыяцыя! Знак, які мусіць глыбока ўесьціся ў падсьвядомасьць. Бо з такіх дробязяў і пачынаюць жа прадаваць Радзіму! Пакуль паперы няма і пакуль нікому ў галаву нават не прыходзіць спытацца «Чаму?», нашы дзяды могуць спаць спакойна. Эўрапейскія паны-шавіністы ня пройдуць, і цывілізацыйны вэктар ня зьменіцца. (Цікава, а як у прыбіральні на «Лініі Сталіна»?).

Трэба забегчы днямі зноў у бібліятэку, пакуль яна канчаткова не пачала пераезд. Папрашу кнігу скаргаў. Куплю ў шапіку клей-аловак і ўклею туды выразку з гэтым артыкулам. Газэты ж ня толькі на тое, каб вісець на цьвіку.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0