Юры Дзенісюк

ЛЯ РОДНАЙ СЯЛІБЫ

Мінаю апошняе ляда…

Вітае сасна з бусьлянкай,

Дзе брат барану прыладзіў

Калісьці вясновым ранкам.

Узьнікла з-за птушак сварка —

Сусед да сябе іх вабіў.

Ды ўсіх прымірыла чарка,

Дарослым і нам на радасьць.

За склепам куст барбарысу,

Як і ў дзяцінстве, родзіць.

Ягады — вогненны прысак,

Каралі вясковых модніц.

Смак іх з лагоднай кісьлінкай —

Птушак лясных спакуса —

У хлопчыкаў і дзяўчынак

І сёньня гарыць на вуснах…

Сінічкі, дразды, амялушкі —

Маленства майго папялушкі,

Я перад вамі вінен,

Мы хлебам жылі адзіным.

Вось тут я садзіў рабіну

Побач зь сьлівовым плотам.

Бружмель ля старой адрыны —

Таксама папас істотны.

І сэрца маё гаруе

Аб родных, аб даўнім леце…

Жыцьцё на сялібе віруе —

Гуляюць пляменьніка дзеці.

Паліна Грычык

* * *

Гарэлка, булькочучы з рыла,

Булькочучы загаварыла:

— Я на зямлі такая сіла,

Што пад сябе усё падбіла!

Я для людзей — здароўю шкода,

А для дзяржавы я выгода.

Мяне урад высока цэніць

І нінавошта не заменіць.

Відаць, усё на сьвеце дрэнь,

Я ж даражэю кожны дзень.

І не баюся я нікога,

Мне ўсюды сьветлая дарога.

Заўсёды ў мяне кліентаў шмат —

Мужчын, жанчын, хлапцоў, дзяўчат.

Дабро зрабіць я не магу,

А вось бядзе дапамагу!

Не абыду нідзе нікога:

Зраблю з разумнага дурнога.

Па-свойму кожнага пацешу:

Каго ўтаплю, каго павешу.

З кішэні выцягну зарплату,

Дашчэнту апустошу хату.

Усё зраблю, што захачу:

І адарву, і адкручу,

Каму нагу, каму руку,

І скабы выламлю ў баку.

Я й ажаню, і разьвяду,

За дрот калючы завяду.

Калі прыедзе хто адкуль,

Шафёра п’янага за руль

Я пасаджу — каб лоб у лоб,

Інакш здарэньняў не было б.

Нядоўга жыць таму на сьвеце,

Хто на маёй жыве дыеце.

Да трох лічу і на хаду

У дамавіну ўсіх кладу.

Юрась Нераток

АПОШНІ ПАЭТ

У яго чаравікі нямодныя,

Ён выходзіць у дождж без плашча,

Ён ня верыць, што зоркі — халодныя,

А зямля — гэта сплюшчаны шар.

Ён ня ў час да знаёмых зьяўляецца

І заўсёды ня сьпіць дапазна,

Кожны год непрытворна зьдзіўляецца,

Калі зноўку прыходзіць вясна.

Любіць ён назіраць за стракозамі

І ня бачыць мігценьня гадоў.

Размаўляць ён умее зь бярозамі

І шкадуе бяздомных катоў.

Пастаянства ня лічыць руцінаю

І хавае пачуцьці свае.

Безнадзейна кахае адзіную,

Хоць зь юнацтва ня бачыў яе.

Ён зласьліўцам жадае найлепшага

І злачынцаў ня хоча караць.

І пакуль што ніводнага вершыка

Не стварыў… І ня будзе ствараць.

Аўген Зубовіч

ЛАРЫСЕ ГЕНІЮШ

І ня зьнікне водгульле і песьня

Нам з табой любімай так пагоні!

Белы сьцяг з чырвоным уваскрэсьне,

Адрадзяцца словы ў Прынямоньні!

На Дзьвіне, на Прыпяці, Дняпры,

Будзе жыць нам родная ўсім мова!

І Літва ня згасьне да пары,

А ўзрадзіцца птушкай адмыслова!

Бо нас любіць Бог, вялікі край!

І сваёю справядлівай сілай

Не памкне абвергнуць у адчай,

А падорыць крылы волі мілай!

Мікола Яўмененка

КАБ ЖА ВЕДАЎ…

Ах жа, кошачка ласкавая, ненаглядная!

Ты — галубка мая шызакрылая, складная.

Сапраўды цяжка мне безь цябе трываць спрэчную

Маску роднасьці шэрую й недарэчную.

Дзе б ні быў на сваёй эсэндэшнай прасторы я

(Запаляр’е, Урал, Крым, дзе шмат санаторыяў),

Адчуваў водар кос тваіх русых, распушчаных,

Пранікнёнасьць, пяшчоту воч ясных, апушчаных,

Урачыстасьць застольную, хмельную, модную,

Прапіваў калі мілую скрушна-самотную.

Уступіўшы цябе, маю блізкую, родную,

Думаў, справу зрабіў насамрэч благародную.

Ды ня тут-та было! Сэрцу не спадабалася.

Яно ныла спачатку, а потым схавалася.

Я блукаў па зямлі непрыгляднаю цінаю.

Менавіта цябе не хапала ў жыцьці маім.

Толькі ты магла ўсьмешкай, уласнай прысутнасьцю

Асьвятліць шлях жыцьця дысыдэнта па сутнасьці.

Ах, жыцьцё, ты навошта такое халоднае?!

Лёсы пар закаханых глуміш падкалоднасьцю.

Каб жа ведаў, што стрэну цябе на тым сьвеце я,

Як бы шмат да чаго спрычынілася вэрсія!

Я.Сеніна (Сымонава)

ЛІСТ АД МАЦІ

Ах! Хадановічы, Хадкевічы, Хадыкі...

Вітаю вас, уладары-музыкі!

Не хвалюйся, любы, аб парадку —

Вечна ў сэрцы вобраз твой нашу.

Як вазьму глыбоцкую асадку,

Дык пішу, пішу, пішу…

Не крыўдуй на той стары гармонік,

Самалёт усё ж такі ляціць.

Што дарма глядзець на падаконьнік —

Па жытнёвай ніве лепш хадзіць.

Як ня будзе ў небе ні хмурынкі —

Пчолкі мёду многа прынясуць.

Па жывому ж не спраўляць памінкі,

Ды і тыя спаці не даюць.

Каб ты ведаў, мой герой-падзьвіжнік, —

Дужа цяжка рана мне ўставаць,

Бо штоноч цяпер Максім наш Кніжнік

Мне пачаў апокрыф дыктаваць.

А бывае, завітае Рэрых

І «Спаленьне цемры» дастае.

Васількоў нямала на паперах,

Толькі вочы прыгажэй твае.

І ня трэба цалаваць радзімкі —

Гэта знак вядзьмарскі, каб ты знаў.

Можа, ты і марыў пра абдымкі,

Але ж вуснаў век не цалаваў.

Хоць казаў мне Юры Хашчавацкі:

«З аднадумцам можна і ўзасос», —

Але ж хлопец ты зусім ня хвацкі —

Ну які з такога паравоз?

Хай пакуль іграе той гармонік,

Бо ня скрыпкай забіваць цьвікі.

Не хадзі ж глядзець на падаконьнік!

І ў каго ж удаўся ты такі?..

Мікола Бельскі

* * *

Кажуць Яков і Елена:

— Прыбалтыйцы рускія —

Што ім мора па калена,

Ды дарога вузкая!

* * *

Весялімся і танцуем —

Аўтабаны мы будуем!

Да «кватэр» героям…

Прыйдуць МАЗы з гноем.

* * *

Селянін з кавалкам сала

На канцэрт прыйшоў у залю

Сесьці ў лёжу захацеў…

Дзе ж там — гальштук не адзеў!

Вадзім Карцаў

ТАК!

Ты ня кажаш «Алё?», кажаш — «Так!».

Падыход такі зручны, як нельга.

Калі-небудзь спытаю: «Дык як?»

І пачую: «Так, вельмі! Так, вельмі!»

Не пачую: «Ты хто?» ці «Чаго?»,

Не пачую: «А нам яно трэба?..»

Проста «Так!» фарбай тэмбру твайго,

Не у слухаўцы ўжо, а пад небам.

* * *

Перадвясновая пара…

Час парадоксаў, нонсэнсаў,

Вар’яцкіх думак віхура,

Зажынкі юру бонусаў.

Каханьне там, каханьне тут

Міргае фотаўсполахам,

Зямля спружыніць, як батут —

Няёмка ў людзях голаму.

Няёмка ўсім тэстастэрон

Дэманстраваць зашкалены,

Але ж вылазіць той гармон

Дурным радком напаленым.

Алесь Губін

* * *

Нахілі галаву мне долу,

Я хачу апавесьці зямлі,

Як пялёсткаў ружовыя сполахі

Аб каханьні ўздыхаць пачалі.

Аб вачох, што зоркамі зьзяюць,

Як далёкая здань з вышыні,

Мае мары табе прасьпяваюць

Надвячоркам у цішыні.

Разгані мне тугі завею,

Буду слухаць твае караблі,

Што плывуць за аблокамі з рэю,

Што ўдваіх мы з табой не вялі…

Ноч разгорне рамонкавы ложак…

Ты ня зможаш усьмешкі стрымаць,

Калі ўгледзіш, як гольчасты вожык

З кацянём у абдымку стаяць.

Намалюй на застыглых шыбах

Сваё сэрца чырвоным агнём,

Каб ня помніць зімовыя хібы

І спаткацца малінавым днём.

Ігар Севяранін

PRÉLUDE IІ

Пераклад Анатоля Трафімчыка

Мае радкі — туманны сон.

Яны урэзваюцца ў памяць…

Няхай незразумелы ён,

Натхненьне лёгка ён распаліць…

О людзі, дзеці марных мар,

Ваш бог — пасада, грошы, клункі.

Не зразумець ім сну пажар —

Але адчуць яго бяз думкі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0