У допісе Я.Белакрыўскага «Новая менская тапаніміка» (№25, 8 ліпеня) засмуціла безапэляцыйнасьць аўтара, які паставіў у адзін шэраг Мясьнікова і Мельнікайтэ, Сьвярдлова і Харужую.

Героі і гераіні апошняй вайны сваёй мужнасьцю і пакутніцкай сьмерцю заслужылі, каб менскія вуліцы насілі іх імёны. Вера Харужая, апроч таго, змагалася за правы беларусаў у даваеннай Польшчы.

Няслушна казаць, што Талстой, Маякоўскі ня мелі «ніякага дачыненьня да беларускай культуры». У 1910 г. «Наша Ніва» называла Талстога «сумленьнем цэлага сьвету» (№46), а Якуб Колас напісаў верш «Памяці Талстога». У 1920-я Маякоўскі ўплываў на літаратараў-маладнякоўцаў і творчасьцю, і жывым прыкладам, выступаючы ў Менску.

Што да закліку ўшанаваць імёны В.Ваньковіча і І.Буйніцкага, дык у раёне станцыі мэтро «Ўсход» ёсьць вуліца Ваньковіча, вуліца і завулак Буйніцкага.

Таксама моцна зьдзіўляе, што ў чэрвеньскім нумары «Навін БНФ» сп.Вячорка прапануе перайменаваць Трактарную і Танкавую. Дзе тыя вуліцы шукаць? Ім яшчэ ў канцы XX ст. нададзены імёны Азгура і Танка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0