У аповесьці «Хаджы-Мурат» Л.Талстой прымяніў нерасейскае слова паскароджаная. Мабыць, у той час агратэхнічнаму прыёму, запазычынаму зь Літвы, у расейскай мове не было адпаведніка. Пазьней расейскія філёлягі знайшлі адпаведнік: паскароджаны — пабаранаваны, скарада — барана. Да сёньня расейскія пісьменьнікі карыстаюцца словам літоўка. Слова прыйшло некалі разам з прыладай працы. Такіх прыкладаў можна прывесьці мноства. Мы ж маем і адваротныя цяжкасьці, беларускія адпаведнікі.

У сваіх тэкстах стараюся максымальна прымяняць беларускія словы. І вось пішу ў «Воклічы» габінэт (паводле Байкова і Некрашэвіча), палікі, у іншых апавяданьнях — цытрыны, лекар, але карэктар рашуча мяняе іх на кабінэты, пагоны, лімоны, доктар

Чытаю ў Арлова слова чыюк ‘папугай’ — слова кладзецца ў памяці зразу. У «Нашай Ніве» студэнткі МДМУ агучваюць наватвор — цэля ‘клетка’. Сам прыдумляю словы: гуза ‘кнопка’, дзеявод ‘плян, праграма’. Адкопваю ў чэскім слоўніку слова выбойны ‘энэргічны’.

Цяжкасьці з адпаведнікамі ўзьнікаюць таму, што ніхто прафэсійна не займаецца пошукам і стварэньнем новых беларускіх слоў і паняткаў. І таму магутны патэнцыял мовы не раскрываецца так, як можна было б яго раскрыць. З асалодай чытаю такіх выдатных знаўцаў мовы, як Акудовіч, Глёбус, Мудроў, Юры Станкевіч.

Праблема ў тым, што мова выведзена з ужытку, са СМІ. І выйсьце бачу ў тым, каб ствараць нашым пісьменьнікам такія тэксты, безь якіх разумны чалавек ня можа аніяк абысьціся. Не прачытаць — значыць сябе абрабаваць. Як, напрыклад, эсэ В.Акудовіча «Вялікая здрада» ў «Дзеяслове» №10—12 за 2004 год ці аповесьць І.Клімянкова «Корак з-пад шампанскага». Гэтыя творы — ужо эўрапейскі ўзровень. Не прачытаць гэтыя тэксты — значыць затрымацца ва ўласным разуменьні сучаснага складанага і супярэчлівага гістарычнага часу. Вяртаючыся да праблем наватвораў, адзначу, што існуе патрэба ў энтузіястах-філёлягах, якія б сыстэматызавалі стыхійную працу і на старонках часопісаў ці «Нашай Нівы» раз у год друкавалі вынікі сыстэматызацыі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0