Ірына Дубянецкая — першая беларуская жанчына, якая пасьпяхова абараніла дысэртацыю на атрыманьне ступені доктара багаслоўя.

«Вучылася, вучылася і зрабілася вялікай вучонай», — з гонарам за сваю вучаніцу кажа айцец Аляксандар Надсан.

Ірына Дубянецкая атрымала стыпэндыю на навучаньне ў Лёвэнскім каталіцкім унівэрсытэце (Бэльгія) дзевяць год таму. З таго часу яна працавала над некалькімі навуковымі працамі па сакральнай тэалёгіі і арыенталістыцы, вывучала старажытныя мовы Блізкага Ўсходу. Гэтыя працы — дасьледаваньні старажытных міталягічных тэкстаў Блізкага Ўсходу і Бібліі — сышліся ў адну — доктарскую на тэму «Космас і хаос у Бібліі і старажытных міталёгіях Блізкага Ўсходу» (яе аб’ём пад 400 старонак). У ёй Ірына прааналізавала больш за тры тысячы тэкстаў, але шкадуе, што не зьвярнула ўвагі на здабыткі ўсіх пяці цывілізацый Старажытнага Ўсходу.

Дзень абароны супаў са сьвятам Яна Хрысьціцеля. Ірына кажа, што надвор’е ў той дзень было цёплае, адпаведнай была і атмасфэра ў аўдыторыі. Сябры камісіі ў такую сьпёку сядзелі ў сярэднявечных мантыях, але выслухалі беларуску зь вялікай цікавасьцю і палічылі яе працу каштоўным навуковым дасьледаваньнем доктарскага ўзроўню.

Айцец Надсан прысутнічаў на абароне доктарскай дысэртацыі і адным зь першых павіншаваў Ірыну. Радасьці за сваю былую вучаніцу не хавае: «Ірына так разумна і разгорнута напісала, што некаторых рэчаў і сам не разумею», — жартуе ён.

Пасьля цырымоніі наданьня беларускаму тэолягу доктарскай ступені айцец Надсан разам з парахам беларускага ўніяцкага прыходу ў Антвэрпэне Янам Майсейчыкам наладзілі мшу падзякі. Посьпех беларускі падзялілі яе сябры: у акадэмічным храме гучалі беларускія гімны і малітвы, ангельскія чытаньні, грэка-каталіцкія трапары і ўкраінская літанія.

Праз тыдзень першая доктарка багаслоўя прыяжджае на Радзіму. Яна не ўяўляе, чым будзе тут займацца, — унівэрсытэтаў, дзе можна выкладаць па гэтай спэцыялізацыі, у нас няма. «У Беларусі ніколі не займаліся дасьледаваньнем цывілізацый Старажытнага Ўсходу, — кажа Ірына, — але гэта і наша гісторыя, нашы карані, і калі мы іх ня будзем ведаць, то ніколі ня ўключымся ў сусьветны кантэкст. Час жа мы дагэтуль адмяраем па-шумэрску».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0