Паводле заходніх СМІ, «Аль-Каіда» — звышэфэктыўная тэрарыстычная сетка, кіраваная злачынным розумам бэн Ладэна. Ёй прыпісваюць мноства тэрактаў па ўсім сьвеце — ад Інданэзіі да ЗША. Але дагэтуль сьвет ня ўбачыў доказаў ейнай віны ні ў Нью-Ёрку, ні ў Мадрыдзе, ні ў якіх-небудзь іншых тэрактах. Вашынгтон не падаў паважных доказаў існаваньня сувязі паміж тэрактамі 11 верасьня, бэн Ладэнам і талібскім рэжымам. Ня знойдзена і сьлядоў супрацоўніцтва бэн Ладэна з Іракам. Звычайна пасьля кожнага тэракту сувязь з «Аль-Каідай» даводзяць празь яе почырк. Іншых доказаў бракуе, і таму, каб абвергнуць «тэорыю «Аль-Каіды», дастаткова аднаго пытаньня. Калі «Аль-Каіда» — магутная сетка з мноствам філіялаў, якая ажыцьцяўляе актыўную тэрарыстычную дзейнасьць сусьветнага маштабу, дык у працэсе сваёй дзейнасьці яна мусіць пакінуць па сабе сьляды. Тым часам спэцслужбы ня могуць здабыць рэальных доказаў яе існаваньня.
Тэрарыстычныя глябалісты
Рыторыка наконт пагрозы з боку «Аль-Каіды» ўсё часьцей нагадвае кансьпіралягічнае трызьненьне аб сусьветнай ісламісцкай змове. Кансьпіралёгія існавала заўжды, але ці варта тлумачыць навакольны сьвет яе мэтадамі? Сто гадоў таму сьвет быў ахоплены пошасьцю іншага кансьпіралягічнага сюжэту, і тагачаснымі нягоднікамі былі габрэі. На зьмену жыдамасонскай змове прыйшла занепакоенасьць пагрозай сусьветнага камунізму, калі любы выбух і стрэл — ад Сайгону да Рыму — зьвязваўся з падкопамі чырвоных. Чалавецтва заўжды было схільнае ствараць тэорыі, каб вытлумачыць сьвет. Пазьней — каяліся.
Тэорыя «Аль-Каіды»
Брытанскі журналіст Джэйсан Борк у кніжцы «Аль-Каіда: Праява ценяў жаху» адсачыў гісторыю панятку. У 1987 г. інтэлектуал Абдулаг Азам заклікаў да стварэньня «Аль-Каіда аль-сульба» (авангарду моцных). Ён меў на ўвазе байцоў, якія, дзейнічаючы самастойна, стануць узорам для астатніх вернікаў і натхняць паспаліты люд на барацьбу супраць прыгнятальнікаў. Азамавы спэкуляцыі трапілі на вочы ФБР, якое міжволі забясьпечыла рэкляму: расьсьледуючы выбухі ў амэрыканскіх пасольствах у Афрыцы ў 1998 г., ахрысьціла «Аль-Каідай» досыць адвольную групу падазраваных у зьдзяйсьненьні тых тэрактаў на чале з бэн Ладэнам.
Але няма доказаў існаваньня «Аль-Каіды» як арганізацыі і за часамі талібскага панаваньня ў Аўганістане. Бэн Ладэн ажыцьцяўляў там сваю дзейнасьць, але ішла яна збольшага ў рамках іншых ісламісцкіх груп. Даўні знаўца Аўганістану Войцех Ягельскі ў кнізе падарожных нататак «Малітва пра дождж» падае вобраз бэн Ладэна як своеасаблівага мэнэджара муджагедаў за часамі савецкай акупацыі і спрытнага дзялка за часамі талібаў. Ён умеў адкрываць канторы па дапамозе муджагедам, шукаць грошы і прыгожа прамаўляць. Ані баявымі, ані інтэлектуальнымі, ані арганізацыйнымі якасьцямі Ўсама не вылучаўся. Дзіўны вобраз як для ўладара глябальнай імпэрыі тэрору.
Дый наўрад ці магчыма незаўважна кіраваць гэтай імпэрыяй з пячораў Гіндукушу. Сучасныя тэхналёгіі, вядома, даюць магчымасьць такой камунікацыі, але ультрановыя цацкі ў пячорах сваім выглядам і выпрамяненьнем дэмаскавалі б любыя сур’ёзныя рухі. Зрэшты, недарэчна глядзелася б кіраваньне глябальнай тэрарыстычнай сеткай, высылаючы зь цясьнін пасыльных на аслах, таксама было б недарэчна. Апроч таго, недаступныя для амэрыканскага спэцназу раёны (дзе нібы хаваецца Ўсама) зьяўляюцца малапрыдатнымі нават для простага выжываньня чалавека, ня кажучы ўжо пра магчымасьць каардынацыі адтуль глябальных дывэрсій.
Галеча філязофіі і філязофія галечы
Тэорыю «Аль-Каіды» разьвілі ў напрамку вытлумачэньня арганізацыі як ідэалёгіі і сьветапогляду. Іян Бурума назваў бэн Ладэна «сьвятаром-аматарам», Джэйсан Борк — «прапагандыстам». Лягічна — калі Ўсама не спраўляецца з апэрацыйна-каманднай рольлю, дамо яму ролю ідэоляга.
Але ідэалягічны даробак самога бэн Ладэна не вылучаецца ні арыгінальнасьцю, ні аб’ёмам. Стварэньнем ідэалёгіі за яго заўсёды займаўся нехта іншы — некалі суданскі шэйх Турабі, а цяпер — выдатныя заходнія публіцысты на старонках рэспэктабэльных выданьняў. Таму варта задумацца, а ці ёсьць гэтая самая ідэалёгія? Прэзыдэнт Буш назваў яе «ідэалёгіяй нянавісьці», але пастаянны стан нянавісьці — гэта, хутчэй, шаленства, а не ідэалёгія. Бэн Ладэн — не ідэоляг. Але гэта — фігура на экране. Выключыце тэлевізар — і яго няма.
Няма і «ідэалёгіі «Аль-Каіды», «ісламізму» ці «джыгадызму». Гэтымі мянушкамі азначаюць вялізны канглямэрат розных калярэлігійных плыняў, малараспрацаваных і падазрона блізкіх да іншых нерэлігійных радыкальных плыняў «трэцяга сьвету» ды антыглябалізму. Меркаваныя «чальцы» «Аль-Каіды» пераймаліся вельмі рознымі рэчамі. Эгіпцянін Завагіры абвясьціў крыніцай усякага ліха транснацыянальныя кампаніі, Мухамада Ату (што загінуў 11 верасьня) і цяпер памятаюць дзякуючы ягоным рэфлексіям на тэмы несправядлівасьці сусьветнай эканамічнай сыстэмы, а сам бэн Ладэн яшчэ нядаўна лічыў сваёй асноўнай задачай заваліць саудаўскі рэжым. Зрэшты, ёсьць і дакумэнты, прыпісваныя бэн Ладэну, якія выкрываюць «д’ябальскую» сутнасьць ЗША, што душаць сьвет, не падпісваючы Кіёцкага пратаколу. Словам, гэта філязофія галечы, абвешчаная ад імя ісламскага «трэцяга сьвету».
Хто ваюе з амэрыканцамі?
Аўганскі селянін мог страляць з дубальтоўкі па ангельцах ці ўзрываць гранатамі савецкія танкі, але ён ня здольны падарваць лёнданскае мэтро ці мадрыдзкі цягнік, бо ня ўмее. Гэта здолеюць зрабіць толькі дзецюкі з грунтоўнай адукацыяй, атрыманай на Захадзе. Не народныя масы падкладваюць выбухоўку, а групкі ідэалістаў, што жывуць абстракцыямі.
Найважнейшае пытаньне — ці маюць гэтыя групкі ідэалістаў супольную арганізацыю? На маю думку, гэтая супольная арганізацыя створана выключна занадта шырокімі абагульненьнямі. Праблема ў тым, што для некаторых дзяржаўных службаў пытаньне наяўнасьці лягічных сувязяў паміж асобнымі падзеямі і абагульненьне рэальных фактаў непасрэдна зьвязанае з пытаньнем фінансаваньня.
Так, бачачы ў газэце падагульненыя зьвесткі аб колькасьці выпадкаў хуліганства, абывацель ужо ня будзе сквапнічаць у выдатках на паліцыю. Падагульненыя лічбы яго ўражваюць, але ніхто ня зьвязвае гэтае мноства нападаў з вынікам сусьветнай змовы з мэтай падарваць стабільнасьць у грамадзтве.
Спэцслужбам цяжэй апраўдваць сваё існаваньне. Калі паліцыянта абывацель бачыць, дык людзі «нябачнага фронту» маюць прафэсійную звычку хавацца. Гэтая звычка пастаянна выклікае дадатковыя падазрэньні ў грамадзкасьці і яе прадстаўнікоў. А таму і ствараюць такія аналітыкі грандыёзныя канцэпцыі неймаверных пагроз для краіны і сьвету, каб апраўдацца за сваю таямнічасьць. Грандыёзныя канцэпцыі — грандыёзнае фінансаваньне.
Карысьць для грамадзтва ад работы спэцслужбаў заўсёды заставалася вельмі няпэўнай велічынёй. Праколы амэрыканскіх і брытанскіх шпіёнаў у Іраку мелі гучны розгалас. Віной таму стаўленьне палітыкаў да вынікаў працы спэцслужбаў. Імідж шпіёна-ўсязнайкі прымушае разьведчыкаў бадзёра дакладваць сваім палітычным працадаўцам нават тады, калі дакладваць няма чаго.
Зрэшты, у іміджы «Аль-Каіды» вінаватыя ня толькі ЦРУ і ФБР. Алею ў агонь падлілі і іншыя аматары зарабіць грошы на красамоўных спэкуляцыях у этэры ці на газэтных старонках. Прыклад іракца Чэлабі, што добра «разьвёў» амэрыканцаў, пастаўляючы тым патрэбныя доказы для іх тэорый, быў толькі самым гучным.
На жаль, людзі толькі зь вялікай цяжкасьцю вызваляюцца з палону тэорыяў. Некалі, страціўшы ў Віетнаме 57 тыс. жаўнераў, амэрыканцы вызваліліся ад веры ў тэорыю «камуністычнага даміно» і зьвярнуліся да рэальнасьці і пайшлі на вывад войскаў. Празь нейкі час Віетнам адышоў ад ваяўнічай пазыцыі, і сёньня ў Ханою з Вашынгтонам ці выдатныя стасункі.
Некалі Вашынгтон (а разам зь ім і шырэйшая заходняя супольнасьць) прыйдзе і да ўзважанага погляду на ісламісцкую праблему, «Аль-Каіду», Ірак і ісламскі сьвет. Трэба зразумець, хто вінаваты, каб ведаць, што рабіць. На жаль, цана разуменьню — кроў і трагедыі, накшталт лёнданскай.