Сёлета Віетнам адзначае адразу тры важныя даты: 30 красавіка — трыццацігодзьдзе заканчэньня вайны з ЗША, 2 верасьня — 60-ю гадавіну абвяшчэньня незалежнасьці ад Францыі, 19 траўня — 115-ю гадавіну нараджэньня чалавека, зь якім зьвязаны гэтыя дзьве перамогі, — Хо Шы Міна. На гэтым фоне адбудзецца першы ў гісторыі візыт прэзыдэнта ЗША Джорджа Буша ў Ханой.

Піша Ўсяслаў Шатэрнік.

Захоплены Амэрыкай

Будучы лідэр віетнамскіх камуністаў (сапраўднае імя Нгуен Тхань) нарадзіўся ў сям’і вучонага-канфуцыянца. Чамусьці ў нас распаўсюджана няправільнае ўяўленьне пра канфуцыянства як філязофію абсалютнай пакоры. Галоўны абавязак канфуцыянца — служыць свайму ўладару, але толькі калі той, у сваю чаргу, служыць падданым. У выпадку, калі ўладар не выконвае абавязкаў, а тым больш здраджвае Радзіме, супраціў цалкам дапушчальны. Апошняе было вельмі актуальным для Віетнаму пры канцы XIX ст., калі краіна аказалася захопленай французамі, а імпэратары ператварыліся ў марыянэтак калянізатараў.

Малады Нгуен востра перажываў з прычыны прыніжэньня краіны, разумеючы, што без засваеньня заходніх ідэй Віетнам ня знойдзе свайго месца ў сьвеце. Таму ён накіроўваецца ў ЗША, Дэклярацыя незалежнасьці якой зрабіла на яго вялікае ўражаньне. Новая краіна прыйшлася даспадобы. На ўсё жыцьцё Хо захаваў любоў да ўсяго амэрыканскага — цыгарэт, фільмаў, машын. Першым яго палітычным кумірам стаў амэрыканскі прэзыдэнт Вудра Ўілсан.

Агент Камінтэрну

Аднак будучыня Віетнаму вырашалася ў мэтраполіі. Нгуен кіруецца ў Францыю, дзе ўступае ў Сацыялістычную партыю, а канчаткова вызначальным у лёсе нашага героя стала знаёмства з артыкулам Леніна «Першапачатковы накід тэзаў па нацыянальным і каляніяльным пытаньні».

У гэтай працы правадыр сусьветнага пралетыряту абвяшчаў неабходнасьць падтрымкі камуністамі нацыянальна-вызваленчых і антыкаляніяльных рухаў. Дагэтуль лічылася, што нацыянальную праблему вырашыць рэвалюцыя ў мэтраполіі, а самастойнае яе вылучэньне шкодзіць справе пралетарыяту. Ленін, абвясьціўшы, што нацыянальнае пытаньне можа ігнараваць толькі чалавек, які знаходзіцца на Марсе, прывабіў шмат прыхільнікаў. Сярод такіх нэафітаў быў і Хо.

Так зьнікае Нгуен Тхань і зьяўляецца агент Камінтэрну Нгуен Ай Куок-Нгуен. Вяршыняй ягонай дзейнасьці стала ўтварэньне ў 1930 г. Кампартыі Індакітаю. Туды, акрамя віетнамскіх, увайшлі лаоскія і кхмэрскія камуністы. Пасьля гэтага Нгуен Ай Куок таксама таямніча зьнікае. Аб ягонай сьмерці напісалі францускія газэты, а Камінтэрн абвясьціў афіцыйную жалобу. Дзе знаходзіўся наш герой амаль дзесяць год, дакладна не вядома. Мяркуюць, што ў СССР.

«Навучаны жыцьцём»

Толькі ў лютым 1941 г. нястомны рэвалюцыянэр вяртаецца на Радзіму, ужо пад новым псэўданімам — Хо Шы Мін, што можна перакласьці як «навучаны жыцьцём». Гэта былі складаныя часы: краіну акупавалі японцы, але захоўвалася і француская адміністрацыя, падпарадкаваная ўраду Вішы. Кампартыя Індакітаю фактычна перастала існаваць. Наўзамен Хо стварае Віетмінь — «Лігу незалежнасьці Віетнаму». Камуністычныя лёзунгі былі заменены на нацыянал-незалежніцкія.

Камінтэрнаўскі агент ператвараецца ў нацыянальнага лідэра. 2 верасьня 1945 г. Хо абвяшчае аб утварэньні Дэмакратычнай Рэспублікі Віетнам. На некаторы момант здалося, што ўсе віетнамцы аб’ядналіся ў нацыянальным парыве. Нават апошні імпэратар Бао Дай абвясьціў аб прызнаньні новай рэспублікі і ўвайшоў у яе ўрад.

Але незалежнасьці не прызнала Францыя. У 1946 г. Парыж распачынае вайну, якая доўжылася восем год і ўвайшла ў гісторыю як «брудная». У 1954 г. французаў зьмянілі амэрыканцы. У супрацьвагу камуністычнаму Ханою на поўдні краіны была створана Рэспубліка Віетнам з цэнтрам у Сайгоне.

Паўднёвы Віетнам быў разьяднаны, і канфэсійная неаднароднасьць насельніцтва (каталікі, будысты, прыхільнікі розных сэктаў) не дазваляла вылучыць адзінага лідэра. Спроба Вашынгтону зрабіць стаўку на каталікоў раздражняла іншыя канфэсіі. З другога боку, амэрыканцы недаацэньвалі камуністычных партызан-віетконгаўцаў, іхнюю арганізаванасьць, ролю няспыннай ваеннай дапамогі з боку СССР (пазьней Амэрыка ўлічыць савецкі вопыт у Віетнаме для стварэння антыкамуністычнай «партызанкі» ў Аўганістане). Гэтыя і іншыя памылкі прывялі да ўзяцьця Сайгону камуністычнымі сіламі 30 красавіка 1975 году.

Неадназначнасьць Хо

Супрацьстаянне наймацнейшай у сьвеце дзяржаве ператварыла Хо ў легенду пры жыцьці. Яго параўноўвалі з Чэ Геварам, называлі ўвасабленьнем мудрасьці Ўсходу. Апроч таго, Хо вызначаўся сапраўднай канфуцыянскай шляхетнасьцю. Насіў сьціплы строй, жыў у невялікім дамку, бо зь дзяцінства засвоіў, што ня вонкавыя атрыбуты вызначаюць сапраўднага Ўладара.

Але ў той жа час Хо быў адданым вучнем таварыша Сталіна. У Ханоі партрэты «бацькі ўсіх народаў» вывешваліся аж да пачатку 1980-х, і іх ніяк не хацелі заўважаць лібэральныя крытыкі вайны ў Віетнаме. Паводле амэрыканскіх зьвестак, ахвярамі камуністычнай аграрнай рэформы 1954-га сталі сто тысяч чалавек. 1956 год стаў у Віетнаме падобным да 1937-га ў СССР. Каб прадухіліць уплыў хрушчоўскага рэвізіяніму, у Віетнаме былі расстраляны ці кінуты ў турмы сотні партыйных актывістаў і інтэлігентаў. Нарэшце, адразу пасьля перамогі камуністаў у 1975-м былі створаны канцлягеры, куды накіравалі салдат былога сайгонскага войска, рэлігійных і палітычных дзеячаў. Калі напярэдадні падзеньня Сайгону колькасьць палітзьняволеных складала 400 тысяч, то меней чым праз паўгоду гэтая лічба ўзрасла ўдвая.

У жыцьці справядлівасьці мала

У сваім тэстамэнце Хо пісаў, што ягонае цела павінны спаліць і разьвеяць на чатыры бакі сьвету. Аднак пажаданьне не было выканана. Сёньня Хо разам з Кім Ір Сэнам, Мао Дзэ-дунам і Ўладзімерам Леніным складае камуністычную чацьвёрку «вечна жывых». Віетнамскія піянэры па-ранейшаму прыносяць кветкі да маўзалею «дзядзькі Хо», партыйныя зьезды клянуцца ў вернасьці яго ідэям.

Толькі Віетнам стаў іншым. Сёньня краіна ўваходзіць у АСЭАН — азіяцкі аналяг NATO, а партыйнай задачай №1 зьяўляецца пераўтварэньне краіны ў разьвітую капіталістычную дзяржаву. Галоўнай падзеяй гэтага году мае стаць першы ў гісторыі візыт прэзыдэнта ЗША Джорджа Буша ў Ханой — падзея сапраўды гістарычная.

Як кожны вучоны муж, Хо ў вольныя часіны аддаваў даніну паэзіі. Асобнае месца ў яго літаратурнай спадчыне займае вершаваны турэмны дзёньнік 1942 г., які вылучаецца пачуцьцём уласнай годнасьці і самаіроніяй. Яго пераклалі на розныя мовы сьвету. Беларускі пераклад належыць Янку Сіпакову. Урыўкі зь яго мы прыводзім ніжэй:

Мне кажуць, што хварэю ад клімату чужога,

Я ж знаю: па Радзіме сум раніць, нібы нож:

Як у турме хварэць — няма страшней нічога,

Павінен плакаць я, а я сьпяваю ўсё ж.

Побач з турмою ружа была расьцьвіла,

Расьцьвіла, паквітнела і ціха завяла.

Яна камэрам водар увесь аддала,

Нагадала: ў жыцьці справядлівасьці мала.

Самае горшае — волю згубіць,

У прыбіральню і то тады трапіць складана:

Калі адчынена — жывот не баліць,

А жывот разбалеўся — ўсё пазачыняна.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0