Сьвятлана Завадзкая першая ўдарыла амонаўца, а той толькі абараняўся. Яму разьбілі вусны, а ён, як сапраўдны мужык, не заплакаў (а мог жа й «хуткую» выклікаць), а знайшоў у сабе сілы даць здачы. Аддзел інфармацыі ГУУС Менгарвыканкаму распаўсюдзіў афіцыйную заяву па выніках папярэдняга разбору сытуацыі з Завадзкай. Алесь Кудрыцкі пра аманальную сытуацыю.

АМОН хавае твар

Баец, які ўдарыў Сьвятлану Завадзкую, лічыць за лепшае захоўваць інкогніта. Аддзел інфармацыі ГУУС Менгарвыканкаму заявіў, што Завадзкая першая ўдарыла амонаўца, а «баец» толькі «штурхнуў спн. Завадзкую далоньню». Але на тэлезапісе выразна відаць іншае.

Нячаста здараюцца падзеі, здольныя зварухнуць закарэлую беларускую душу: на ўсялякае нагледзеліся. Але зьбіцьцё Сьвятланы Завадзкай закранула аголены нэрв. Пабачыўшы па тэлевізіі кадры, на якіх амонавец б’е жонку зьніклага журналіста кулаком па твары, шмат каму закарцела плюнуць. Людзі атрымалі яскравы прыклад сваёй безабароннасьці і зразумелі: тое самае можа адбыцца з кожным.

Начальнік аддзелу інфармацыі і грамадзкіх сувязяў ГУУС Менгарвыканкаму Алег Сьлепчанка кажа: «У справе Завадзкай цяпер праводзіцца службовае расьсьледаваньне аб перавышэньні службовых паўнамоцтваў». Высновы па такіх справах робяцца ў тэрмін ад 10 дзён да месяца, таму пакуль рана казаць пра вынікі.

«Мы ня можам гаварыць пра зьбіцьцё Завадзкай, пакуль ня дадзена прававая ацэнка таму, што адбылося», — заяўляе чыноўнік.

Як зазначыў сп.Сьлепчанка, сёньня пракуратура Цэнтральнага раёну, якая будзе разглядаць скаргу жонкі зьніклага журналіста, запытала ў ГУУС дакумэнтацыю па справе. Да гэтага аддзел інфармацыі ГУУС Менгарвыканкаму распаўсюдзіў афіцыйную заяву па выніках папярэдняга разбору. Паводле яе, Сьвятлана Завадзкая першая ўдарыла амонаўца, а той толькі абараняўся. Маўляў, яму разьбілі вусны, а ён, як сапраўдны мужык, не заплакаў (а мог жа й «хуткую» выклікаць), і нават знайшоў у сабе сілы даць здачы.

Аднак на запісе, які быў паказаны па расейскіх тэлеканалах, відаць іншае: амонавец прыклаўся добра (а не «штурхнуў спн. Завадзкую далоньню», як напісана ў заяве аддзелу інфармацыі) і зьбіраўся нанесьці другі ўдар, але яго адцягнулі.

Гэта энны інцыдэнт такога кшталту (зьбіцьцё Лябедзькі, вываз журналістаў у лес з мэтамі запалохваньня і г.д. аж да зьбіцьця дэпутатаў у 1995-м, з чаго пачаўся адлік), але ўпершыню сцэна была зафіксаваная шматлікімі тэлекамэрамі. Гідкія паводзіны магла назіраць уся краіна.

Як на добры розум, кіраўніцтва АМОНу мусіла б выступіць з прабачэньнямі. Прызнаваць свае памылкі — прывілей моцных. Але міліцыя сваю памылку не прызнае і кажа пра сваю слабасьць. Замест таго, каб захоўваць свой твар, АМОН яго хавае.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0