Да Марыніча не пусьцілі адваката

13, 14 і 15 чэрвеня адміністрацыя калёніі №1 не пусьціла адваката Валянціну Шыханцову да Міхаіла Марыніча, спаслаўшыся на тое, што няма адпаведнай заявы. Адвакат сьцьвярджае, што ўсе патрэбныя паперы яна падала.

У Горталі, Івацэвіччына

Адміністрацыйная камісія Івацэвіцкага райвыканкаму пакарала мясцовага жыхара Станіслава Халадовіча штрафам на восем базавых велічынь (204 тыс. руб.) за незаконны распаўсюд друкаваных выданьняў. Падставай для пакараньня стала тое, што Халадовіч распаўсюджваў у вёсцы Горталь Івацэвіцкага раёну расейскую «Новую газету», брашуру В.Лявонава «Бяз права на памылку» ды інфармацыйныя матэрыялы пра дзейнасьць кааліцыі «Пяцёрка-плюс».

Малея не забываюць

Дэпутат Маларыцкага райсавету Ўладзімер Малей атрымаў чарговае паведамленьне аддзелу дазнаньня УУС Берасьцейскага аблвыканкаму, у якім лейтэнант міліцыі В.Гарбатоўская інфармуе, што тэрмін сьледзтва па крымінальнай справе, распачатай 2 лютага ў дачыненьні да дэпутата паводле арт.188 ч.2 КК, падоўжаны да 2 верасьня. Гаворка ідзе пра распаўсюджваньне Малеем інфармацыйнага бюлетэню «Наша слова» №13, у якім дэпутат нібы падаў «ілжывыя зьвесткі» пра дзеяньні старшыні Маларыцкага райвыканкаму Лапіча.

Правакацыя з Кішкурнам

13 ліпеня сыну кіраўніка Менскай гарадзкой рады Партыі БНФ Уладзімера Кішкурны Антону прад’яўлена афіцыйнае абвінавачаньне. Сьледчыя Цэнтральнага раёну Менску абвінавачваюць яго ў распаўсюдзе наркотыкаў і захаваньні боепрыпасаў. Па гэтых артыкулах сыну палітыка пагражае да васьмі гадоў пазбаўленьня волі.

Польскія справы

Польскі камітэт «Салідарныя зь Беларусьсю» прафінансаваў выданьне сапраўднага №19 газэты «Głos znad Niemna». Польскія журналісты дапамаглі й аштрафаваным за несанкцыянаваны пікет журналістам газэты выплаціць штрафы на суму амаль у 5,5 тыс. даляраў. Грошы для гэтага сабралі жыхары Лодзі.

Адлічэньні «зуброўцаў»

14 ліпеня актывіст незарэгістраванага руху «Зубр» Павал Маджара выключаны з 3-га курсу факультэту беларускай філялёгіі Гомельскага ўнівэрсытэту за «акадэмічную непасьпяховасьць».

З 3-га курсу Беларуска-расейскага ўнівэрсытэту ў Магілёве адлічаны актывіст «Зубра» Андрэй Разумкоў. Хлопца неаднаразова затрымлівалі на несанкцыянаваных акцыях.

Прафсаюз дапамог

11 ліпеня Прафсаюз работнікаў радыёэлектроннай прамысловасьці (РЭП) дапамог свайму чальцу Тацяне Гардзяйчук адстаяць правы. Адказчык — АДА «Ліга» — да пачатку судовага разьбіральніцтва задаволіў патрабаваньні былой супрацоўніцы і выплаціў кампэнсацыю 500 тыс. руб. (раней было выплачана 156 тыс.), а таксама дапамог у працаўладкаваньні.

Затрыманьні на «Базары»

Перад адкрыцьцём «Славянскага базару» 15 ліпеня ў Віцебску затрымалі распаўсюднікаў недзяржаўнай прэсы (часопіс «Аrche», камэрцыйная газэта «Витебский проспект», а таксама незарэгістраванае выданьне «Выбар») Барыса Хамайду і Алеся Мудрычэнку. Патруль затрымаў таксама Сяргея Міркушова, які выйшаў з плякатам «Няўжо нам толькі трэба відовішчаў ды хлеба?» — яму абвясьцілі судовае папярэджаньне. Хамайду й Мудрычэнку прапаноўвалі быць сьведкамі на судзе, але яны адмовіліся.

Гомельская актывістка хоча на працу

У Цэнтральным судзе Гомелю 15 ліпеня пачаўся разгляд пазову актывісткі грамадзкага руху «Разам» Марыі Багдановіч да дырэкцыі абласнога краязнаўчага музэю. Яе, малодшага навуковага супрацоўніка, звольнілі ў чэрвені пасьля трэцяй вымовы. Багдановіч патрабуе аднаўленьня на працы, лічачы прычыны звальненьня палітычнымі.

Выгналі амэрыканца

Зь Беларусі 19 ліпеня выслалі прафэсара з ЗША Тэры Бэша, які выкладаў у БДУ міжнароднае права. На зборы амэрыканцу і ягонай сям’і, якія пражылі ў Менску два гады, далі дзьве гадзіны.

Баранавіцкі сход

16 ліпеня міліцыя спрабавала сарваць сход па вылучэньні дэлегатаў на Кангрэс дэмсілаў, што прайшоў у офісе ПКБ. Падчас сходу затрыманы Анатоль Лябедзька, Сяргей Калякін і старшыня менскай гарадзкой арганізацыі АГП Ігар Шынкарык, у якога канфіскавалі 40 партыйных бюлетэняў. На Лябедзьку й Калякіна спрабавалі скласьці пратаколы за арганізацыю несанкцыянаванага сходу, але яны адмовіліся даваць паказаньні.

Шанц для Эвангельскай царквы

Менскі гарадзкі суд 18 ліпеня прыпыніў на два месяцы рашэньне пра ліквідацыю Беларускай эвангельскай царквы: за гэты час суполка павінна зьвярнуцца ў дзяржструктуры, каб яны знайшлі для яе юрадрас.

Штрафы за раённыя сходы

Актывістаў АГП Аркадзя Корхава й Васіля Чытаева 18 ліпеня асудзілі на 510 тыс. руб. штрафу кожнага: іх абвінавацілі ў арганізацыі несанкцыянаванага сходу ў прыватным доме. На гэтым сходзе выбіраліся дэлегаты на Ўсебеларускі кангрэс дэмакратычных сілаў.

Штрафы ў памеры пяць базавых велічынь (127 500 руб.) за незаконнае знаходжаньне ў памежнай зоне атрымалі 18 ліпеня актывіст ПБНФ Юрась Губарэвіч і Зьміцер Трацяк зь Белаазерску. 9 ліпеня ў мястэчку Дамачава каля польскай мяжы яны ўдзельнічалі ў сходзе па выбраньні дэлегатаў на Кангрэс ад Берасьцейскага раёну.

Міравая з наймальнікам

Міравой скончыўся пазоў сябра прафсаюзу РЭП(АМ) Генадзя Пачкова да адміністрацыі прадпрыемства ААТ УСР «Будкомплекс»: яго звольнілі з парушэньнем заканадаўства, ня даўшы ў дзень звальненьня поўнага разьліку, кампэнсацыі за нявыкарыстаны адпачынак, працу ў шкодных умовах. Па атрыманьні пазову наймальнік пагадзіўся выплаціць суму ў 153 тыс.руб., што з улікам тэрміну затрымкі ў 94 дні вырасла да 1 млн 210 тыс.

Кіраўскі сэмінар — пад судом

Кіраўскі райсуд (Магілёўшчына) аштрафаваў арганізатарку сэмінару па вывучэньні працоўнага заканадаўства Ганну Гатавец на 50 б.в. (1 млн 275 тыс. руб.) Мерапрыемства было арганізавана ГА «Беларускі рэспубліканскі клюб выбаршчыкаў» у адмыслова арандаванай кавярні.

СБ, АШ

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0