«L&M» і «West» забаронены

З 1 ліпеня фармальна забаронены ўвоз у краіну цыгарэт «L&M» і «West». Падчас разьмеркаваньня дадатковых квот на імпарт цыгарэт у памеры 500 млн адзінак гэтыя маркі былі выключаныя зь пераліку. Аднак імпарт «L&M» і «West» будзе працягвацца, пакуль ня будзе выбрана першапачатковая квота ў 1,5 млрд адзінак.

Цэнтралізацыя мэталюргіі

Ва ўрадзе разглядаюць магчымасьць стварэньня Беларускага мэталюргічнага аб’яднаньня. Яго цэнтрам зробіцца Беларускі мэталюргічны завод у Жлобіне, які аб’яднае вакол сябе Гомельскі ліцейны завод «Цэнтраліт», Рэчыцкі завод мэталічных вырабаў, Магілёўскі мэталюргічны завод, Менскі і Гомельскі падшыпнікавыя заводы, а таксама Аршанскі завод швейных машын.

Квота на макарону

З мэтай абароны айчынных вырабнікоў урад увёў квоты на імпарт макароны. У нас штогод вырабляюць 11 тыс. т прадукту, а завозяць з-за мяжы 100 тыс., у асноўным з Расеі.

Сырнае аб’яднаньне

ААТ «Буда-кашалёўскія сыры» далучаць да Рагачоўскага малочна-кансэрвавага камбінату, каб выправіць яго фінансавае становішча. Гэта спрабавалі зрабіць двойчы, але акцыянэры — прадпрыемства «Эгал-інвэст» (7% акцыяў) і індывідуальны прадпрымальнік Карнееў (12%) — блякавалі рашэньне. Урэшце на «Буда-Кашалёўскіх сырах» увялі «залатую акцыю» тэрмінам на тры месяцы, што дазволіла прыняць рашэньне пра аб’яднаньне.

Імпэрыя Раманава

Літоўскі бізнэсовец Уладзімер Раманаў, што валодае футбольным холдынгам, куды ўваходзяць менскі МТЗ-РІПА, «Каўнас» і шатляндзкі «Хартс», гатовы пабудаваць у Заводзкім раёне сталіцы, у ваколіцах стадыёну «Трактар», спарткомплекс з крытым футбольным стадыёнам. Пытаньне абмяркоўвалася на нарадзе ў прэзыдэнта Беларусі.

АК, АФН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0