Адмарожаны сьпёкай

* * *

дзе выбухаюць новыя галерэі

дзе прарастаюць новыя альфавіты

дзе на квадратным мэтры па тры андрэі

і ты сярод іх ня самы юны й таленавіты

дзе з раніцы да заходу шыкоўным катамаранам

з усходу на захад па возеры дзень чарговы ідзе

ты сябе адчуваеш пакліканым і абраным

калі за катамаранам цягнесься па вадзе

калі купальскае сьвята пракатваецца бульдозэрам

па кожным радку і зьвіліне і толькі просіш: яшчэ б!

бо новая літаратура з усходу на захад возерам

плыве на катамаране а ты — маленькі прычэп

Ліпень-2005, возера Дзевіна, літаратурна-мастацкі пленэр

* * *

цемра доўгачакана і неспадзеўна

будзе брысьці навобмацак і не памыліцца

падае

падае

падае сонца ў возера Дзевіна

падае стома з плеч і боль спаўзае з патыліцы

нехта б’е камароў а можа пляскае ў ладкі

цяжка думаць у цішы калі не гудзе кампутар

падае

падае

падае ноч на палаткі

падаюць

падаюць

падаюць людзі ўнутар

* * *

«Дысцыпліну й расклад пільнаваў сталёвы працаголік Андрэй Хадановіч, таму перакладчыцкая майстэрня сканчалася нават пры ліхтары».

«Наша Ніва», 15 ліпеня 2005

таварыства ананімных працаголікаў якія сьпяць

дваццаць пяць гадзінаў за дзесяць содняў пленэру

таварыства жывых артыстаў у чыёй крыві семдзесят пяць

незабыўных працэнтаў беларускага блін этэру

таварыства што па-каралеўску працягвае шоў

і ўсе дзесяць содняў называе «соднямі» суткі

пад дыктоўку ветру аблокаў і мурашоў

вершаваныя бачыць сны

астатняе чуткі

таварыства дзеля якога месяц сярод начы

ў беларускім зорным этэры асьвечаны на тры чвэрці

таварыства якое ўсю ноч ня гасіць ліхтарыкаў каб змагчы

асьвяціць і астатнюю чвэрць

астатнім чуткам ня верце

* * *

даўномінулыя рэчы прыходзяць у сны вар’яту

і згадкі грызуць сумленьне і памяць дзятлам дзяўбе

на гэтым сьвеце ўсё болей якаснага антыкварыяту

і меней і меней месца няякаснаму табе

ды ёсьць яшчэ сонца анфас і месяц зь цёмнага боку

а значыць будуць заплывы ў зьлівы і будуць пленэры ў сьпёку

гадзіны прух і няпрух і вечны мастацкі рух

навобмацак да намётаў сябровак і проста падруг

і будуць новыя творцы ў вершах старанна якаць

палохаючы старанна зробленымі пачварынамі

а новы няякасны аўтар шукацьме такую якасьць

каб антыкварныя вершы зрабіліся ўрэшце кварнымі

* * *

веру ў прагнозы надвор’я і ўласнаму воку

ад смагі ня будзе адбою смазе ня скажаш адбой

нібы ў запой уваходжу ў дзесяцідзённую сьпёку

мінус надзея трапіць сюды з табой

зранку шаманю ганяю сухія хмары над галавою

часам закліньвае думку але заклінае рука

і хмары ідуць без канвою і вышываюць неба канвою

на ліпеньскіх краявідах знаёмага мастака

зь першага дня на галовы валіцца ліпень

саракаградусным сонцам але не здаюся бяз бою

веру што ў Вільні якраз пачынаецца лівень

і напаўзае на Трокі й спыняецца над табою

і я не магу заснуць адмарожаны сьпёкаю

гіпнатызуючы словы якіх табе не скажу

а ноч такая вялікая а ты такая далёкая

што падаесься літоўскаю кропляй дажджу

* * *

Мне тут растлумачылі розьніцу паміж словамі «званіць» і «тэлефанаваць». Нельга патэлефанаваць у званы…

Дзяўчына Стася, валянтэр

не патэлефануеш у звон казала знаёмая

у мабільнай сувязі зь небам усё па-старому

набіраеш нумар і слухаеш цішу (ё-маё)

безнадзейную нібы гета пасьля пагрому

у чыстым полі любая вестка будзе цікавай

і па зорах арыентуесься невідушчы

набіраеш нумар нібы гадаеш на кававай

гушчы

а сыгналы сплятаюцца звышгукавой ікебанай

і ня тоячы баязьлівасьці й недасьведчанасьці

балянсуеш на самай ускраіне самае занядбанай

тэрыторыі вечнасьці

і пакуль сарамлівы заход разгортваецца пунсова

ты разгойдваеш звон увушшу аглухлы дашчэнту

бы скідаючы паведамленьне на нумар часова

недаступнаму абанэнту

* * *

дзень ад сонца і траваў цяжкі й павохны

запамарока вось-вось расхістае зямную вось

зьлева і справа расчыненыя ўсе вокны

птушка магла б твой вагон праляцець наскрозь

церазь цябе хвіліны плывуць чаргою

паразуменьне са сьветам такое што проста жах

бо прыгажуня насупраць дрыгае доўгай нагою

у такт мэлёдыі што гучыць у цябе ў вушах

нават паверыў — жыцьцё нам яшчэ пасьпявае

дзён і начэй да халеры і шчасьце на нашым баку

ножка красуні за музыкай не пасьпявае

мажны бойфрэнд на калена паклаў руку

10 ліпеня, электрычка Ворша—Менск,

вяртаньне з пленэру

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0