…У адной вёсцы, калі старыя людзі ўжо зусім нічога не маглі рабіць па гаспадарцы, сын садзіў таго старога на саначкі й завозіў у лес. Тамака доўбняй у лоб…

Увязаўся аднойчы за дзедам і ўнук. Прывезьлі старога ў гушчар, зрабіў бацька патрэбную справу дый кінуў саначкі — на чорта яны больш? А малы, што соваўся побач, забраў саначкі з сабою, патлумачыўшы бацьку, што яны спатрэбяцца яму, калі татка пастарэе… Гэтае беларускае паданьне дужа-дужа даўняе. Гэтак, прынамсі, сьцьвярджаюць амэрыканскія навукоўцы.

Адным з чыньнікаў таго, што чалавек зрабіўся чалавекам, паводле іх слоў, зьяўляецца тое, што Homo sapiens зьвярнуўся да сваіх бацькоў. Недзе 30 тысяч год таму людзі пачалі вырабляць розныя рэчы, назапашваць вопыт і майстэрства, сталі мудрэйшыя ад сваіх папярэднікаў. Людзі пачалі жыць даўжэй і прыстасоўвацца да розных нечаканых абставін.

Калі цыганы купляюць коней, дык найперш аглядаюць зубы. Тую самую мэтодыку выкарысталі й амэрыканскія навукоўцы. Пачалі здымаць з паліц сківіцы, якіх багата захоўваецца ў музэях ды інстытутах на цэлым сьвеце. Гэтак вучоныя дасьледавалі 768 акамянелых парэшткаў зубоў аўстралапітэкаў (жылі тры мільёны год таму), Homo erectus (каля міліёна год), нэандэртальцаў (35 тыс. год таму) і першых краманьёнцаў. Шукалі яны ў іх ня карыес — спрабавалі вызначыць узрост колішніх гаспадароў сківіц на падставе іх скарыстанасьці.

Навукоўцаў цікавіла прапарцыйнасьць маладых і старых. Маладым лічыўся пятнаццацігодак, здольны да размнажэньня, у якога ўжо прарэзаліся васьмёркі, але які ўжываў іх нядоўга. Старым лічыўся доўгажыхар, які мог на той час называцца «дзедам» ці «бабкай» і пражыў 30 год.

Як высьветлілася, падчас эвалюцыі першабытныя людзі мелі праблемы са старэньнем нацыі: узрастала колькасьць старых сярод усяго дарослага насельніцтва. Калі ў аўстралапітэкаў адзін «дзядок» прыпадаў на 8—9 маладзёнаў, дык ужо Homo erectus мелі аднаго старога на чатырох. А потым нашы прашчуры Homo sapiens сутыкнуліся, відаць, з пэнсійнымі праблемамі: колькасьць людзей «сталага» ўзросту павялічылася ў некалькі разоў. Жыцьцёвыя ўмовы паляпшаліся, і працягласьць жыцьця падаўжалася. Два старыя прыпадалі на аднаго маладзёна!

У той жа час, каля 30 тысяч год таму, адбыліся вялікія зьмены ў людзкіх паводзінах. Зьявіўся наскальны жывапіс. Чалавек пачаў хаваць памерлых разам зь біжутэрыяй, пачаў упрыгожваць сваё цела. Усё гэта адбылося, паводле слоў навукоўцаў, з прычыны таго, што першабытныя людзі пачалі карыстацца інфармацыяй мінулых пакаленьняў. І ўсё праз тое, што старых людзей пачалі паважаць і берагчы.

Хутчэй за ўсё, нехта з нашых продкаў датумкаў, што малых можна пакідаць з бабуляй і дзядулем, пакуль маладыя мамка й татка ганяюць маманта сярод пушчы. Гэтак спатрэбіліся ў гаспадарцы нямоглыя, слабыя і часта хварэючыя члены сям’і.

Бабкі й дзедкі, седзячы каля вогнішча на скуры шаблязубага тыгра, апавядалі малым пра сваё жыцьцё, дзяліліся, так бы мовіць, сваім вопытам выжываньня. Да той старэчай балбатні прыслухваліся вечарамі й старэйшыя, які стомлена перажоўвалі мяса пасьля працоўнага дня, гледзячы на агонь. Падчас добрага надвор’я расьліну для ежы мог знайсьці любы. А калі пачыналася суша ці, наадварот, макрэча — тады, як высьветлілася, можна было скарыстаць вопыт старэйшых, якія такую непагадзь некалі перажылі. Таксама «пэнсіянэры» маглі распавесьці, якія расьліны й грыбы можна есьці, а якімі іх колішнія сучасьнікі атруціліся.

Вопыт тых, хто перажыў «крытычны ўзрост» і стаўся паважаным старцам, дазваляў павялічваць жыцьцё малодшаму пакаленьню. Таму жыць рабілася лепей. Выснова, якую робяць амэрыканскія навукоўцы, — старое пакаленьне зрабіла чалавека чалавекам.

Вазіць на саначках у пушчу сваіх нямоглых дзядоў нашы прашчуры кінулі больш як 30 тысяч год таму. З пакаленьня ў пакаленьне перадаючы, аднак, паданьне пра той жахлівы звычай.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0