Вось дылема сучаснага баскетболу. Сёлетні тактычна дасканалы фінал НБА паміж «Сан-Антоніё Сьпёрз» і «Дэтройт Пістанз» (першая каманда выйграла 4:3) можа завяршыць чарговую эру ў гісторыі найлепшай баскетбольнай лігі сьвету.
Неардынарная канцоўка сэзону і першыя за адзінаццаць год усе сем матчаў фіналу абвастрылі апэтыты аматараў баскетболу. Ці ўтрымаюць пазыцыі «Сьпёрз» і «Пістанз»? Выглядае на тое, што дзьве безумоўна найлепшыя каманды НБА з п’едэсталу ня дзенуцца. Чэмпіёны з Сан-Антоніё маюць вельмі малады склад, у якім Робэрт Оры і Брус Боўэн, якія набліжаюцца да канца кар’еры (хоць, мабыць, затрымаюцца яшчэ, прынамсі, на год), адыгрываюць толькі ролі другога пляну. Тыму Данкану ўсяго 29 год, Ману Жынобілі на год менш, а Тоні Паркер — сапраўдны малакасос (23 гады). Такі склад можа прынесьці камандзе Сан-Антоніё яшчэ шмат добрых сэзонаў, бо галоўны архітэктар посьпеху «Сьпёрз», трэнэр Грэг Попавіч, таксама нікуды не зьбіраецца сыходзіць. Тое самае можна сказаць пра трэнэра Лары Браўна з «Дэтройт Пістанз», хоць яму ўжо 65 год і клопат пра здароўе прымушае задумацца аб пэнсіі. Два гады запар Дэтройт двойчы даходзіў да фіналу, і цяпер усіх цікавіць, ці застанецца ўсімі паважаны трэнэр на пасадзе. Гэта можа адыграць вызначальную ролю, бо іншага такога аўтарытэта (да таго ж ня зьвязанага зь іншым клюбам) у НБА яшчэ трэба пашукаць. Дый ці здолее нехта іншы ўтрымаць у руках Бэна і Рашыда Ўолесаў ці Чонсі Білапса, а таксама віртуозна выкарыстаць здольнасьці Рычарда Гамільтана і Тайшона Прынса? Усе яны, таксама як і члены «Сан-Антоніё Сьпёрз», яшчэ адносна маладыя (найстарэйшым сярод пералічаных Уолесам па 31 годзе) і некалькі гадоў могуць гуляць на найвышэйшым узроўні. Для Браўнавага наступніка ключавой можа стацца праца з маладымі талентамі, якія ў «Пістанз» ужо ёсьць. Высокі Дарка Мілічыч, аргентынец Карляс Дэльфіна і пуэртарыканец Карляс Ароё не атрымалі шанцаў ад Браўна, а зь імі пэрспэктывы «Пістанз» маглі б быць яшчэ лепшымі.
Паскарэньне сонцаў
Затое ў паўфіналістаў (у эўрапейскім разуменьні, бо для амэрыканцаў гэта фіналісты канфэрэнцыі) будучыня цьмяная. У «Маямі Гіт» найбольш будзе залежаць ад формы (ці ад матывацыі да трэніровак) Шакіл О’Ніл. Ці захоча 33-гадовы форвард надалей змагацца з уласным целам, каб падтрымаць непераўзыдзенага Дуайна Ўэйда? У сваю чаргу, у «Фінікс Санз» могуць паўтарыць памылку «Сакрамэнта Кінгс», зробленую некалькіт год таму. Тады ў «Кінгс» мелі неардынарную каманду з уласным стылем, справы якой ішлі ўгару, а посьпехі грунтаваліся на майстэрскіх пасах Уладэ Дзіваца, Джэйсана Ўільямза, Крыса Вэбэра, абароне Дага Крысьці і кідках Прэдрага Стаякавіча. Каманда ішла да фіналу, але пачаліся замены «добрага на лепшае», і цяпер каманда ледзьве трапляе ў плэй-оф. У «Санз» сёлета дзякуючы прыходу Стыва Нэша і апантанай гульні Амары Стадмайера пад кошыкам, а таксама некалькіх гульцоў на флянгах, таксама быў свой стыль і выдатны вынік (62:20 у рэгулярным чэмпіянаце і выхад у фінал Захаду). Але замест таго, каб узмацняць каманду, было вырашана замяніць Квэнтына Рычардсана на Курта Томаса. Такім чынам, замест унікальнай нізкай пяцёркі выйдзе клясычны склад зь дзьвюма высокімі і... стыль «Санз» напэўна зьнікне. Ці будзе гэта найлепшая каманда? Менавіта стыль, узорам якога былі «Санз» і некалькі іншых камандаў, можа быць новым трэндам у НБА. Заўзятары хочуць назіраць за камандамі, якія дэманструюць модныя перадачы, цешаць вока хуткімі контратакамі, якія так цудоўна праводзіць Стыў Нэш, прызнаны найкаштоўнейшым гульцом сэзону. Да такіх камандаў належаць яшчэ «Сыэтл Супэрсонікс», у некаторым сэнсе «Нью-Джэрзі Нэтс». Калі нейкая з гэтых камандаў прарвецца ў фінал, гэта можа азначаць пасьлядоўную тэндэнцыю. Як некалькі год таму ўсе хацелі паўтараць у гульні «трохвугольнікі» трэнэра Філа Джэксана, так цяпер усе хочуць бегаць як «Санз». Што, зрэшты (і на што варта зьвярнуць увагу), мае няшмат агульнага з імправізацыяй і свабодай у дзеяньнях спартсмэнаў. Гульню на контратаках і трохэтапныя кідковыя манэўры таксама трэба адпрацаваць на трэніроўках, а таму тытул трэнэра году за такую канцэпцыю гульні справядліва атрымаў Майк Д’Энтані з «Санз». Сёньня, аднак, — што вынікае са складу фіналу — па-ранейшаму трыюмфуе канцэпцыя камандаў, у якіх калі і ёсьць зоркі, то такія, якія ідуць строга ў нагу з тактыкай трэнэраў. Гульня абапіраецца на абарону, а калі мяч здабываецца, то далей дзеяньні зь ім вельмі спакойныя, павольныя, дакладныя і разважлівыя, заснаваныя на пошуку сваіх пераваг. Так гулялі «Сьпёрз», так гулялі «Пістанз». Аднак ці не прайграе школа трэнэраў Лары Браўна і Грэга Попавіча ў змаганьні з хуткасьцю і рызыкай у выкананьні «Санз»? Убачым.
Такіх Джорданаў ужо няма. Так ці інакш, асьляпляльнае фіяска церпіць канцэпцыя будаваньня складоў камандаў вакол «найлепшых Майклаў Джорданаў», якімі ў 1990-я гады стракацелі рады НБА. Амаль усе яны ў гэтым сэзоне апынуліся па-за плэй-оф, што толькі пацьвярджае, што Майкл Джордан быў адзіны і непаўторны (хоць і меў каля сябе Скоці Піпэна). Варта пералічыць прозьвішчы.
Кобі Браянт — без Шакіла О’Ніла побач апынуўся па-за плэй-оф.
Трэйсі Макгрэдзі — увайшоў у плэй-оф з «Х’юстан Рокетс», але, нягледзячы на знакамітага Яо Міна ў напарніках, не прайшоў нават першага раўнду.
Грант Гіл — вярнуўся пасьля цяжкай траўмы, гуляў нядрэнна, але на Ўсходзе яго «Арланда Мэджык» (са Стывэнам Фрэнсісам) таксама былі за межамі плэй-оф.
Вінз Картэр — у «Таронта Рэптарз» (пачатак сэзону) была проста бяда, але і ў «Нью-Джэрзі Нэтс» разам з Джэйсанам Кідам ледзьве ўвайшлі ў плэй-оф і хутка адтуль выйшлі.
Клопат «Ваўкоў»
Найбольш яскравым няўдачнікам сэзону сталася, аднак, каманда «Мінэсота Тымбэрвулвс» з MVP мінулага году Кевінам Гарнэтам на чале. «Ваўкі» ня трапілі нават у плэй-оф, а між тым годам раней былі блізкія да фіналу. Але аказалася, што баскетбалісты з «фатальнымі» характарамі — Лэтрэл Спруэл і Сэм Касэль — здольны разваліць любую каманду зь сярэдзіны. Нягледзячы на праблемны ўзрост (адпаведна 34 і 36 год), абодва надалей лічацца незаменнымі, што паўплывала на вынікі «Мінэсоты» і каштавала пасады трэнэру Фліпу Сандэрсу. Цяпер у Мінэапалісе пакрысе пачынаюць усё спачатку, але з самым, бадай, усебаковым гульцом лігі (Гарнэтам) ім можа быць крыху лягчэй. Аднак ягоны лёс у параўнаньні з таксама дваццацідзевяцігадовым Тымам Данканам (тры чэмпіёнскія тытулы) дэманструе, як важна трапіць у патрэбны клюб, які здолее збудаваць каманду вакол зоркі. Кіраўнік «Сьпёрз» зьезьдзіў у Эўропу і абкружыў Данкана добрымі памочнікамі (Жынобілі, Паркер, Оры, Боўэн), а кіраўнік «Ваўкоў» здолеў даць у дапамогу Гарнэту толькі таленавітых буркуноў. Вынікі мелі значэньне для ўсёй лігі. Можа, дзякуючы посьпеху Жынобілі ў НБА нарэшце трапіць таксама трохразовы чэмпіён Эўралігі літовец Шарунас Ясікявічус, на якога цяпер усе глядзяць іначай і не сьмяюцца ўжо зь ягоных фінансавых апэтытаў (сама меней 10 млн даляраў за тры гады кантракту). Кажуць, што вось-вось гульца з «Макабі» (Тэль-Авіў) пераманіць «Індыяна Пэйсэрз».
Герой сэзону
Стаўся ім напэўна Робэрт Оры. Трыццаціпяцігадовы флянгавы «Сан-Антоніё Сьпёрз» некалі павінен быў стаць другім Скоці Піпэнам, але замест унівэрсальнага чэмпіёна атак і контратак зь яго выйшаў выдатны чорнарабочы ў абароне і кіданьні найважнейшых троек. Так зноў было ў фінале, у ключавым пятым матчы, калі «Біг Шот Роб» здабыў 21 пункт у апошнія 15 хвілін матчу і овэртайме. Трэнэр Грэг Попавіч мог бы сабой ганарыцца: цэлы сэзон ён бярог Оры, ведаючы, што яго каштоўнасьць узрастае ў плэй-оф, а асабліва ў фінале. Так і сталася. Хоры здабыў такім спосабам свой шосты чэмпіёнскі тытул, здагнаўшы такіх зорак, як Майкл Джордан ці Карым Абдул-Джабар! Раней ён выйграваў у 1994 і 1995 гадах з «Х’юстан Рокетс», а таксама ў 2000—2002 гадах з «Лос-Анджэлес Лэйкерз». Больш чэмпіёнскіх тытулаў толькі ў баскетбалістаў «Бостан Сэлтыкс», якія ў 1950—1960 гадах заваявалі 11 чэмпіёнскіх тытулаў за 13 год.