«Бацькі спачатку нас асуджалі, потым не разумелі, але ўрэшце выйшлі разам з намі». Рух моладзі «Пара» адыграў асаблівую ролю ў Аранжавай рэвалюцыі ва Ўкраіне, а цяпер абвесьціў пра свой намер ісьці на парлямэнцкія выбары асобным сьпісам. Зь львоўскай актывісткай «Пары» Вольгай Сало гутарыць карэспандэнт «НН».

— Рэвалюцыя перамагла. Тыя, за каго вы змагаліся, атрымалі ўладу. Ці ёсьць патрэба ў існаваньні грамадзкага аб’яднаньня?

— Ёсьць, бо «Пара» ўзьнікла задоўга да выбараў прэзыдэнта. У 2003 г. Расея абазначыла свае прэтэнзіі да Тузлы, і моладзь стала на абарону тэрытарыяльнай цэласнасьці Ўкраіны. Мы пісалі лісты да сваіх дэпутатаў, ладзілі акцыі пратэсту. Калі мы вырашылі падтрымаць кандыдата Юшчанку, мы падтрымлівалі не яго асабіста, а зьмены, што ён увасабляе.

— Што гэта была за падтрымка?

— Народ, які жадае зьмяніць уладу, галасуе супраць яе. Адзінае, што магла ўлада, — сфальсыфікаваць вынікі, і нам заставалася толькі арганізаваць абарону выбару народу.

— Якія задачы «Пара» ставіць перад сабой цяпер?

— Цяпер асноўная праблема і задача — зьмена сыстэмы, каб мэтады кантролю ўлады народам больш цывілізаваліся. На пасадах засталіся людзі, для якіх быць пры ўладзе — азначае займаць высокую пасаду з прывілеямі і распараджацца рэсурсамі. Сыстэма ўлады павінна быць такой, калі чыноўнік, які пайшоў на незаконныя дзеяньні, аўтаматычна аказваецца па-за межамі гэтай сыстэмы бяз вулічных акцый пратэсту. Ён мусіць несьці адказнасьць за сваю безадказнасьць. Трэба, каб чыноўніку было лягчэй працаваць і складана парушаць законы. Бо цяпер людзі расчароўваюцца: рэвалюцыя адбылася, а зьмен няма…

— Чым цяпер займаецца арганізацыя?

— Юрысты з «Пары» распрацоўваюць канцэпцыю судовай рэформы, займаліся стварэньнем грамадзкіх рад. Мы выступаем пасрэднікам паміж народам, які хоча кантраляваць уладу, але ня ведае як, і самой уладай. Але асноўны напрамак дзейнасьці — дапамога людзям арганізавацца для вырашэньня агульных мясцовых праблемаў.

— Украінцы ўжо маюць досьвед перамогі. Што трэба рабіць, каб атрымаць яго беларусам?

— Галоўнае — мэта. Чым больш было рэпрэсій, тым больш народ абураўся. Бацькі спачатку нас асуджалі, потым не разумелі: «Вы нічога не дасягнеце» — але ўрэшце яны выйшлі разам з намі! Адыграў ролю і эканамічны рост. Людзі перасталі думаць толькі пра хлеб, яны задумаліся крытычна пра ўладу. Дыктатар не зацікаўлены ў тым, каб ягоны народ жыў добра, бо людзі абавязкова задумаюцца: а навошта мне дыктатар? Таксама вялікую ролю ў нашым яднаньні адыграў нацыяналізм. Беспардоннае ўмяшаньне Расеі ў выбары, такім чынам, зрабіла свой унёсак у перамогу рэвалюцыі.

Негвалтоўны супраціў і шчырасьць — асноўныя прынцыпы пасьпяховай дзейнасьці арганізацыі. Агрэсія выклікае агрэсію. Гвалт улады супраць мірных актывістаў выклікае агрэсію народу супраць улады.

Гутарыў Арцём Лява

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0