Ад ліпеньскай сьпёкі плывуць мазгі і цямнее ў вачох. Статыстыка сьведчыць, што акурат у гэты час адбываецца найболей ДТЗ.

Паратунак ад сьпёкі

Ад ліпеньскай сьпёкі плывуць мазгі і цямнее ў вачох. Статыстыка сьведчыць, што акурат у гэты час адбываецца найболей ДТЗ. Кіроўца ЗІЛа ня справіўся з кіраваньнем машынай і задушыў кабету з Стара-Барысава. Нейкаму тынэйджару пад колы скутэра трапіў мясцовы вэтэран вайны. Добра, што абодва засталіся жывыя.

Асаблівую небясьпеку ўяўляюць ліхачы на маршрутках. На мінулым тыдні трох ці чатырох маршрутнікаў пазбавілі ліцэнзіі — за перавышэньне хуткасьці.

Я страхуюся, таму ежджу аўтобусам. Але й ён не вытрымлівае сьпёкі. Псуецца ля самай рэчкі. На Бярэзіне процьма людзей. Народ не пужае ні русальны тыдзень, ні інфармацыя пра кішэчную палачку. Людзі радуюцца, адпачываюць. Не да адпачынку толькі міліцыянтам, якія й на рэчцы не даюць спакою кіроўцам, выпісваючы тым штрафы за няправільную паркоўку — стаяць надта блізка ад вады. Хоць неяк аб экалёгіі задумаліся.

Культура «крыжачка»

Адпачыць ад сьпёкі таксама можна ў лесе. Барысаўская моладзь часта так і робіць. З музыкай і гарэлкай. Падчас свайго падарожжа з Дэрпту ў Беларусь у 1835 г. Фадзей Булгарын назваў беларусаў винолюбивой нацыяй. Сёньняшнія нашчадкі тых беларусаў цалкам адпавядаюць назьве, толькі цяпер аддаюць перавагу пладова-ягадным напоям, якія маюць прыгожыя беларускія назвы. Сёлета гіт сэзону — «Мара паляўнічага».

Толькі кантынгент, які ўжывае той дзіўны напой, не падобны да старасьвецкіх аматараў крамбамбулі — Радзівілаў ды Вішнявецкіх.

Сяджу на аўтобусным прыпынку і чакаю транспарту, каб даехаць да вёскі. З кайстрамі, набітымі той «Марай паляўнічага», на прыроду ідуць адпачываць трое скінгэдаў. Адзін зь іх падыходзіць да мяне як да старога добрага знаёмага, цягне руку і кажа: «Здароў!» Вітаюся. Заўважаю на руцэ татуіроўку з выявай свастыкі. Фашыкі ідуць далей. Мо прынялі мяне за свайго праз кароткую фрызуру, а мо памыліліся празь сьпёку.

Бамжы-нацыяналісты

Расьце новая генэрацыя моладзі — тыя, каму ад 16 і болей, — цалкам прасякнутая лукашэнкаўскай ідэалёгіяй і квазіпатрыятызмам. Акурат такі хлопец гадоў пятнаццаці прычапіўся да мяне на Дзень Рэспублікі, каб я прышпіліў на свой пінжак стужачку «За Беларусь!». Хацелася паслаць таго бээрэсэмаўца куды далей. Але стрываў.

Назаўтра пасьля Дня Рэспублікі раніцай падумалася, ці не праводзіла нешта накшталт бээрэсэмаўскай акцыі й апазыцыя ў Барысаве, бо на прыпынку «СШ №9» бачу бамжа зь бел-чырвона-белым значком на грудзях. Такія ў нас беспрытульныя — сьвядомыя.

Зьміцер Панкавец, Барысаў—Кастрыца

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0