Квэ-квэ-квэ

Ад замежнікаў, панове-братове, больш клопату, чым карысьці. Хіба зваліўся б на Рэч Паспалітую швэдзкі патоп, каб на пасадзе ня швэда Вазу мелі, а каго з нашых? Не было б і рокашу яснавяльможнага пана Любамірскага ды Монтваў тых жудасных, дзе гэтулькі марна палягло… І з французамі што ня прынц, то валтузьня. Адзін выбраны ў час не даедзе, а колішні, даехаўшы, глядзіш і ўцёк! А саксонцы абодва, не перад сном успамінаючы? Гэта ж не пасьпееш з адной канфэдэрацыяй разабрацца, як ужо новая свой акцэс прапануе… Але ж як дуду надзьмеш, так дуда і грае, самі вінаватыя. Ці ж так было зь Ягелонамі, зь Янам Сабескім?

І ў іншых справах шмат ад чужаземцаў шкоды! Нават калі што добрае прапануюць, сачыць трэба, каб ня выйшла на благое. А дзеля гэтага і спрыт патрэбен, і вока пільнае. Хоць бы продка майго, Міколу, успомніўшы…

Распавесьці, кажаш? А як там, сыне-браце, нашы конікі? Не маркоцяцца, што ты іх без нагляду кінуў? Зайздросна табе, што мы тут грамадою ды пры цяпле, а табе толькі і занятку з шабляй за камарамі ганяцца? Бегаеш там, як кот па жорнах. Ты іх зь пісталета ў вока — і аман крывасмоку! Што ж, можа, і варта ўспомніць што-кольвечы дзеля навукі.

Вось, для прыкладу, чаму Радзівілы ад кальвінства адступіліся? Ты, браце-канфэдэраце, пысу не капыль і не пасьміхайся! Мікола, калі хочаш ведаць, і ў рэлігіях кеміў ня горш за біскупа ці там архімандрыта. Я да ўсіх з павагаю, але калі чаго зашмат, то чалавеку блытаніна ў галаве. Хоць бы тых арыянаў нагадаўшы. Рабілі і добрае, але ўжо шаблю драўляную насіць — гэта занадта. Што гэта, каб продак мой такую цацку начапіў? Ды я аб ім і ўспамінаць бы саромеўся, бо якія дзівы шляхціц з такою прыладай можа ўчыніць?

На шчасьце, мінулася тая мода, але пайшло кальвінства. Ізноў чалавеку тлумота. Адно што, прыкладам, такому, як я, усюды зірнуць цікава. Другое — каго выбраць, калі ўсе да сябе цягнуць? Трэцяе — на ўсіх грошай не набярэсься!.. Так, сёе-тое аглядаўшы, мушу прызнаць, што ў кальвінстве залішняя сьціпласьць, крыху нудотнасьцю нясе. А гэта, асабліва па нядзельных днях, не па маёй натуры. Бо калі ў храмах розныя выявы ды статуі залачоныя, маліцца весялей. Што да сьвятароў, то кожны прыдатны, абы стараваты ды глухаваты. Тады і споведзь ідзе бяз клопату, і патрабаваньні меншыя, бо, як ні кажы, век сваё бярэ і выдаткі зьмяншаюцца.

Але стрэліла некаму з Радзівілаў у галаву стаць кальвінам. А куды іголка, туды і нітка: прымавачка, пане-браце, да пана з падданымі ня горш, чым да мужа з жонкай, стасуецца. А што цёмны люд можа вытвараць з суседам-іншаверцам, мы, на шчасьце сваё, не зазналі: хопіць, што, пра іншыя народы чуючы, сьціхот бярэ. Так што і тут ня варта было рызыкаваць. А калі ўжо здарылася, то нельга прагледзець нагоду з гэткай прыкрасьцю разь-вітацца. А пачаць, як ні мяркуй, трэба было з іголкі.

І Мікола такі выпадак не прагледзеў. У Саксонію трапіўшы, спаткаўся там з князем Радзівілам, Перуном, Сіроткам, Чорным ці Рыжым, а можа, і Рыбанькам, ня памятаю. Кожны ў іх меў мянушку, нібы на вясковай вуліцы, але ж то князі: ім кожная прыхамаць за цноту служыць. Хоць бы з тым кальвінствам. Бо на той час князь ці то займеў да кальвінаў упадабаньне, ці то яшчэ ад таго афэкту не пазбавіўся. Як бы там ні было, у Дрэздэне ды Ляйпцыгу, дзе ад кальвінаў аж раілася, меў Радзівіл з імі сустрэчы. А як Мікола ў кальвінскіх хітрыках кемнасьць меў, то лепшага дарадцы князь і не шукаў. Думаеш, пане-браце, калі Радзівіл, то яму і дарадцы непатрэбныя? Памыляесься! Невядома, якія няшчасьці мог напаткаць, каб не было тады зь ім Міколы.

Пры адной размове гэткі абыходлівы француз, а іх там, ад караля Людовіка ўцёкшы, процьма, падае Радзівілу мяшэчак. Тут, кажа, тартуфэлі, рэдкая гародніна, смаку незвычайнага і дзеля здароўя вантробы выключная. Увагі патрабуе, але плён і задавальненьне пры спажываньні велізарныя. На вашых гародах прыжывецца лёгка, і мецьмеце пяршэнства ў славе па ўсім Вялікім Княстве. Хітра пройда падкаціўся: Радзівілы дзеля славы роду ні грошай, ні працы людзкой не ашчаджаюць.

Ну, тое-сёе, гергечуць, француз смалою ліпне, князь гжэчна ў падзяках рассыпаецца, а Мікола да ўсяго збоку прыглядаецца. І падалося яму, што ў вачах таго кальвіна — а француз, натуральна, кальвінам быў — нібы іскрынка нейкая, нібы чалавек жарцік замысьліў. А можа, і насьміхацца з князя прыйшла ахвота. Ну, гэтага Мікола аніяк ня мог дазволіць і пільнасьць падвоіў. Паслухалі князь зь Міколам, як тое ўсё захоўваць трэба, як па вясьне абыходзіцца, ды і разьвіталіся.

Ужо на сваёй зямлі Мікола зьвярнуўся да князя на адзіноце:

— Дазвольце, ясьнепане, мне самому заняцца тымі бульбінамі.

Ад пачатку, дзеля зручнасьці, так тую гародніну назваў. Рознае, кажа, бывае з замежнымі расьлінамі, а ў мяне ёсьць фальварачак у глушэчы. Калі што якое, неяк абыдзецца. А пры нясьвіскай рэзыдэнцыі ў выпадку чаго чутак ды плётак, а зь імі сьмеху, не пазьбегнеш.

Падумаў яснавяльможны, вус паторгаў, узважыў так ды гэтак і пагадзіўся. Аддаў мяшэчак Міколу і папрасіў пастарацца, каб ня горш ад тых саксонскіх французаў вынікі мець. На тым і разьвіталіся, а па дарозе на фальварак Мікола з пляменьнікам прыгоду мелі. Нехта некаму недзе шапнуў, што князь Міколу на перахоў скарб даверыў, ну і перастрэлі цікаўныя на лясной дарозе. Ды ня тых перастрэлі! Самых зухвалых Мікола з пляменьнікам да Аўрама на піва выправілі, астатніх, шаблямі пачаставаўшы, да галопу змусілі. Пытаеш, пане-браце, пра пляменьніка? А ты падумай, адкуль я ўсё ведаю? Усё ж у маіх мясьцінах адбывалася.

Прыехаўшы, ссыпаў Мікола прывезенае ў невялічкі сухі засек і трымаў, як было патлумачана. Сам сачыў, каб не халодна і не вільготна: жар сваім часам, паветра сьвежае — ня мог перад князем якім нядбальствам асьмешыцца. Бліжэй да вясны, лічы прадвесьнем, стаіць так перад засекам, вакенца адаткнуў, сонейка ў варыўню зазірнула. І раптам чуе:

— Квэ! Квэ! Квэ!

Што за праява? Адкуль жаба такою парою — сьпяць яшчэ вірлатыя, у гразь зашыўшыся. Нахіліўся, пазірае: анідзе аніводнай, толькі «квэ» ды «квэ» зрэдку. Заткнуў вакенца — сціхла. Схапіў бульбіну ды нажом наўкруга — аж там жаба раскірачылася ды паквэквае!

Ледзь ня бразнуўся Мікола зь перапуду. Але жуда бядзе не дапамога: стрываў, перахрысьціўся, згарнуў усё сьпехам у анучу ды да балота, там, дзе нячыстая сіла зьбіраецца. Зашпурнуў далей, рукі абтрос ды дадому. Сеў, паставіў пляшку перад сабою і пачаў думаць. Ня піў, а толькі чарку нюхаў, каб яснай галавою хутчэй да канцэпту дайсьці. Продак мой ня з тых, што кажуць: і ракаў не хачу, і ног не памачу. Адну загадку адразу высьветліў: святло прабілася, то і стварэньне ажыло, заквэкала ад радасьці.

Квакусе дык радасьць, а Міколу хоць плач. Гэта ж калі ксяндзы з папамі даведаюцца, то паразумеюцца і праз два вогнішчы правядуць! Вінаваты аднойчы — вінаваты і двойчы. Хіба пераканаеш іх, што не ягонымі стараньнямі жабы ў бульбіны ўплішчыліся? А што з князем? Зь яго княскім гонарам?

Скеміў Мікола, што ўсё з тымі кальвінамі зьвязана, з французамі. Трэба вам ведаць, што французы, не пры стале памінаючы, самую розную поскудзь есьці ахвотнікі. Смаўжа, напрыклад, ці сьлімака. Асабліва жабаў упадабалі. Ня плюйся, сыне-браце, і мяне, такое над сабою ўявіўшы, нудзіць неадольна, але так яно ёсьць, галаву ў заклад! А ў Саксоніі французам вялікае паслабленьне, вось і схітрыўся нехта гэтакі гатунак тартуфэляў тых выгадаваць, каб зварыў ці засмажыў — і, даруй, божа, ласуйся! А на мой пагляд, як той казаў, няма мяса — то і жаба не прыкраса.

Выкінуць бы ўсё, але як з дадзеным словам і ўзятым абавязкам? Да таго ж меў князь давер да навук саксонскіх.

Доўга думаў Мікола, але ж прыдумаў. Ключ ад варыўні пры сабе пакінуў, ад тае пары ніхто туды ні нагой. Жар ад парога ў парабка браў і попел яму аддаваў там жа. Ішло так, аж пакуль саджаць. А як надышла пара, плужок загадаў наладзіць, кошычкі падрыхтаваць ды бабам сядзець, чакаючы. Сам жа ў варыўні зачыніўся, кошык перад ім ды цабэрак з вадою. Як то кажуць, умеламу рукі не баляць: бярэ бульбіну над цэбрам ды вострым ножыкам шах! Жаба ў ваду, а палавінкі ў кошык. Так нарыхтаваў і панёс бабам. Жанкі ў яго паслухмяныя і, у прыклад пану, кемныя, як рэдка дзе. Наказаў ён класьці ў разору тыя палавінкі храсткамі ўверх і праз аднолькавыя прамежкі, прыгледзеў, як заворваюць, і барозны загадаў калкамі пазначыць дзеля пэўнасьці. Ну а далей па прымаўцы: хвою зрэзаў, то і пень прыбяры. Прыцемкам жабуцяк у вядро ды на балота: квэкайце колькі ўлезе ды за жыцьцё дзякуйце! Гэта вам не Саксонія і ня Францыя: жывіце, божыя стварэньні, адно бусла сьцеражыцеся!

Па восені, праўда, папрасіў Мікола яшчэ году. Растлумачыў князю, што плён пакуль невялікі, бо і глеба ў нас іншая, і да надвор’я расьліне трэба прызвычаіцца. На пацьвярджэньне ўласнай гадоўлі бульбіны паказаў і пераканаў пачакаць. А як па праўдзе, то сабраў няблага, толькі ня быў пэўны, ці не зашылася ў каторай жабуцька.

Дазвол атрымаўшы, супакоіўся, і ўсё пайшло звыклым парадкам. Па вясьне як ні пускаў сьвятло, нават люстэркам спрабуючы, — ані квэку. Што ні разразаў — усё чыстае. Але садзіць, як і летась, палавінкамі вырашыў. Бо кемны гаспадар заўжды свой гешэфт згледзіць. Такім чынам падвоіў барозны і такі плён загроб, што і засекаў не хапіла. Што, пытаеш, далей? А далей, як кажуць, кончан баль і скрыпкі ў торбу — скрыні на вазы ды да Нясьвіжу! Адны пад семянную, іншыя проста пад варыўню кухарскую.

Давялося Міколу два гады запар тлуміцца, пакуль жаданага дапяў, але на сваім паставіў і ад кальвінскіх глупстваў Радзівілаў асланіў: канчаткова адступіліся, даведаўшыся, як тое было. Праз гэта затрымалася бульба на шляху да нясьвіскіх гародаў, а — што за тым — і да перайманьня іншымі. Бо хто ж насьмеліцца Радзівілам наперад забягаць? Яшчэ і сёньня мала тыя тартуфэлі распаўсюдзіліся, але распаўзаюцца па засьценках… Так, глядзіш, пачнуць нас ня грэчкасеямі, а бульбашамі дражніць. А што, смачныя! Сам еў, і на пана глядзеў. А што з кальвінствам, пытаеш? А куды іголка, туды і нітка. Вярнуліся хто куды: адны ў царкву, другія да касьцёлу.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0