Лэнз Армстранг зрабіў тое, чаго не рабіў яшчэ ніхто, — сёмы раз запар выйграў самыя прэстыжныя вэляспаборніцтвы сьвету — «Тур дэ Франс». Гэты гоншчык стаў чэмпіёнам, перамогшы рак мозгу. Цяпер ён сыходзіць нязможаны.

Нечаканасьцю стала не сама перамога, а, хутчэй, лёгкасьць, зь якой яна была здабыта. Амэрыканец мог адчуваць сякую-такую трывогу толькі на адным этапе — у Вагезах, калі ён у адзіноце, без калегаў з каманды «Дыскавэры Чэнэл», апынуўся сярод самых магутных супернікаў. Потым у Альпах і Пірэнэях ён — нават калі заставаўся адзін — ехаў чуйна, імгненна рэагаваў на кожную атаку, дэманстраваў, што наймацнейшы. Яшчэ раз ён бліскуча давёў гэта падчас суботняй індывідуальнай разьдзелкі ў Сэнт-Эцьене.

Яна Ульрыха, колішняга чэмпіёна сьвету ў гэтай разнавіднасьці, Армстранг апярэдзіў на 23 сэкунды, і тым самым выйграў свой адзіны этап у «Тур дэ Франс» (і наагул) сёлета. «Калі летась я выйграваў некалькі этапаў, мяне называлі нахабнікам, калі сёлета не выйграваў — абвінавачвалі ў слабасьці. Маёй найважнейшай мэтай была перамога ў асноўнай клясыфікацыі і ў пачасавай каманднай гонцы», — тлумачыў амэрыканец у Сэнт-Эцьене.

У асноўнай клясыфікацыі Армстранг амаль на пяць хвілін апярэдзіў Івана Баса, больш як на шэсьць — Яна Ульрыха.

Цяжка ўявіць сабе гэтыя спаборніцтвы без амэрыканца, а давядзецца, бо ён ад’езьдзіў апошнія свае вэлясыпэдныя спаборніцтвы. Цяпер зьбіраецца заняцца дабрачыннасьцю, а можа, пойдзе ў палітыку. «Але пакуль што паеду з Шэрыл Кроў (папулярная сьпявачка — жыцьцёвая спадарожніца вэлясыпэдыста. — Рэд.) і блізкімі сябрамі на поўдзень Францыі. Будзем шмат есьці, нап’ёмся», — заявіў Армстранг пра свае найбліжэйшыя пляны, нібыта хочучы ўзяць рэванш за ўсе самаабмежаваньні, якіх даводзілася трымацца падчас 14-гадовай прафэсійнай кар’еры.

Амэрыканец, які зрабіўся чэмпіёнам сьвету сярод прафэсіяналаў, ледзьве дасягнуўшы 21 году, пераможца шэрагу клясычных гонак («Вакол Швайцарыі», «Вакол Люксэмбургу», «Дафін Лібэр»), стаў вядомы дзякуючы «Вялікай пятлі».

Ягоны посьпех быў тым гучнейшы, што першую перамогу ў 1999 годзе ён здабыў праз паўтара году пасьля таго, як перамог рак. Адны да сёньня ня могуць зразумець, як можна было перамагчы ў такім цяжкім спаборніцтве пасьля такой сур’ёзнай хваробы. Другія тлумачаць гэта надзвычайнымі магчымасьцямі Армстрангавага арганізму і тым, што пасьля хваробы ён зьмяніўся псыхалягічна (набраўся прафэсійных манер) і фізычна (схуднеў, дзякуючы чаму ў яго палепшыліся адносіны сілы да масы).

Але разам з кожнай перамогай абуджаліся таксама галасы сумненьня, якія чуваць і сёньня. Вядома, што Армстранг супрацоўнічаў з італьянскім доктарам Мікеле Фэрары, які сам сябе называў «Доктар Зло» і быў асуджаны на год турэмнага зьняволеньня за продаж італьянскім спартоўцам забароненых сродкаў. «Ён ужывае забароненыя сродкі. Ашуквае вэляспорт і заўзятараў», — сказаў нядаўна Майк Андэрсан, да нядаўняга часу мэханік Армстранга. Апошні пасьля такога выказваньня падаў на Андэрсана ў суд. Міжнародная фэдэрацыя вэляспорту нядаўна абнародавала зьвесткі, што амэрыканец спансараваў ёй набыцьцё найсучасьнейшай апаратуры для выкананьня аналізаў крыві, апаратуры, якой ён сам валодаў ужо некалькі год (допінг пры дапамозе пераліваньня крыві — адна з найпапулярнейшых допінгавых мэтодык сярод вэлясыпэдыстаў).

«Гісторыя сьведчыць, што пра некаторыя рэчы мы можам даведвацца празь некалькі год. Спадзяюся, што ўсе Армстрангавы дасягненьні — вынік ягонай працы і яго магчымасьцяў», — падкрэсьліў генэральны мэнэджар францускай каманды «Кафідзі» Эрык Баер. Сам абвінавачваны ў такіх грахах нязьменна адказвае: «Мяне абсьледавалі часьцей за ўсіх вэлясыпэдыстаў у сьвеце. Заўсёды быў чысты».

Лэнз Армстранг, нарадзіўся 18 верасьня 1971 г. у Даласе (Тэхас, ЗША).

Рост 177 см, маса 72 кг. Разьведзены, мае траіх дзяцей — сына Люка і народжаных у сьнежні 2001 году блізьнят Ізабэлу Роўс і Грэйс Элізабэт. Жыве ў Героне (Гішпанія), а па-за сэзонам — у Остыне (Тэхас). Прафэсійна займаецца вэляспортам са жніўня 1992 г. Каманды: «Матарола» (з 1992 да 1996), «Кафідзі» (1997), «Ю-Эс Постал» (1998—2004), «Дыскавэры Чэнэл» (2005). Найважнейшыя перамогі ў аднадзённых спаборніцтвах: чэмпіянат сьвету (1993, Осла), чэмпіянат ЗША (1993), «Клясыка Сан-Сэбасьцьян» (1995).

Хто пасьля Армстранга?

Ян Ульрых (Нямеччына / «Т-Мабайл»)

Адзіны апроч Армстранга пераможца «Тур дэ Франс» (1997), які яшчэ працягвае кар’еру. Акрамя гэтага, ён пяць разоў прыходзіў другі, адзін раз — чацьвёрты, а сёлета — трэці. На леташнюю перамогу яго натхніў сам Армстранг.

Аляксандар Вінакураў (Казахстан / «Т-Мабайл»)

Сыходзіць зь нямецкай каманды для таго, каб змагацца за перамогу ў «Туры» ў якасьці лідэра, хутчэй за ўсё, у францускай «Крэды Агрыколь».

Іван Баса (Італія / «Сі-Эс-Сі»)

Нядаўна заключыў новы кантракт з дацкай камандай на 1,5 млн эўра. Значна палепшыў сваю язду ў разьдзелках, працуе таксама з найвядомейшым італьянскім спартыўным урачом Чэкіні.

Алехандра Вальвэрдэ (Гішпанія, «Іль Балярыс»)

Перамог Армстранга на першым з альпійскіх этапаў сёлетняга «Тур дэ Франс». Потым з прычыны траўмы выбыў са спаборніцтваў. Гішпанцы называюць яго «новым Індурайнам».

Паала Савальдэлі (Італія / «Дыскавэры Чэнэл»)

Армстрангава каманда яшчэ шукае лідэра на наступны год. Савальдэлі, які выйграў «Джыра д’Італія», зьяўляецца ідэальным кандыдатам, калі толькі кіраўніцтва каманды не палічыць, што ім павінен быць нехта з амэрыканцаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0