Масква не губляе надзеі ў зручны момант пазбавіць Беларусь сувэрэнітэту. Раскрываецца таямніца перамоваў Уладзімера Пуціна і Аляксандра Лукашэнкі ў Завідаве. Сустракаючыся з прадстаўнікамі нацыяналістычнага руху «Нашы», У.Пуцін адказаў на пытаньні моладзі з гэтай прапрэзыдэнцкай арганізацыі. Прагучала і пытаньне нібыта ад маладой грамадзянкі Беларусі пра лёс «саюзнай дзяржавы». Пуцін перахапіў ролю галоўнага інтэгратара: «Я думаю, перадусім гэта залежыць ад Беларусі. Так, саюз патрэбны». І дадаў словы, якія могуць дорага каштаваць расейскай дыпляматыі: «І геапалітычна, і па вялікім рахунку ўвогуле мы — адна нацыя...» Многія выказваньні маскоўскіх палітэхнолягаў адносна сустрэчы ў Завідаве ня спраўдзіліся. Але маскоўскім палітмысьлярам у расейскай палітычнай сыстэме адводзіцца адна важная функцыя, якой не выконваюць іхныя браты па цэху ў іншых краінах Эўропы. Яны агучваюць у якасьці нібыта факту тое, што ў рэальнасьці існуе на ўзроўні жаданьня.

Пакуль У.Пуцін і А.Лукашэнка трымалі паўзу пасьля сустрэчы ў Завідаве, аналітыкі прапанавалі вэрсію за вэрсіяй адносна магчымага зьместу перамоваў і прычыны незвычайна працяглага маўчаньня гаваркога прэзыдэнта Беларусі. Згадвалі і трэці тэрмін Пуціна, і датэрміновыя выбары ў Беларусі, і тэрміновае аб’яднаньне. Як толькі яны загаварылі, стала ясна, што ні пра якія радыкальныя варыянты гутаркі не было. Бакі проста абмяркоўвалі, як латвей процістаяць амэрыканскаму ўплыву, а заадно і імкненьню грамадзтваў, ці прынамсі беларускае супольнасьці да дэмакратыі. У астатнім бакі засталіся на сваім. Расея — з сваімі мроямі аб пашырэньні на Захад. А.Лукашэнка — з курсам на гордую самаізаляцыю і інтэграцыю да стану «разам, але асобна». Гэта вынікае з заяваў, якія правіцель Беларусі зрабіў на адмысловай нарадзе па пытаньнях унутранай і замежнай палітыкі і выступу Пуціна перад «нашыстамі».

Народ, але ня нацыя

Пуцін выбраў для выказваньня на беларускую тэму аўдыторыю, складзеную зь сяброў нацыяналістычнай групоўкі «Нашы». З дапамогай «Нашых» Крэмль спадзяецца ўзьдзейнічаць на палітычных апанэнтаў — такая апошняя напрацоўка няўрымсьлівых маскоўскіх паліттэхнолягаў. Але «нашысты» — гэта таксама ў задуме пуцінцаў кузьня будучых кіраўнічых кадраў. Так што рэпліка Пуціна — свайго роду «праграма надоўга». Сэнс яе ясны: Расея прапануе Беларусі поўнае злучэньне. Ад таго робіцца трывожна за далёкую будучыню беларускага сувэрэнітэту.

Гэтае выказваньне не назавеш карэктным для кіраўніка дзяржавы, хоць яно і ўпакаванае ў камплімэнты. Раней нешта падобнае дазваляў сабе Лукашэнка: мы такія ж расейцы, толькі з знакам якасьці. Праўда, у Лукашэнкі гэтая формула мела хоць і своеасаблівы, але беларускі нацыяналістычны акцэнт. Маўляў, беларусы лепшыя. Пуцін авалодаў лукашэнкаўскай рыторыкай, але ўжывае як расейскі нацыяналіст, а не нацыяналіст савецкі.

Пакуль Беларусь будзе размаўляць па-расейску, Расея будзе лічыць яе «па сутнасьці» сваім фэодам. Так будзе, пакуль у самой Расеі ня зьменіцца мысьленьне палітычнай эліты. Складана сказаць, ці гэта магчыма нават у выпадку «Аранжавай рэвалюцыі» па-маскоўску.

Тонка сфармуляванае выказваньне Пуціна ілюструе ня толькі стан думак палітычнай ці там вайсковай эліты, але і пазыцыю расейскіх інтэлектуалаў. Расейская эліта не губляе надзеі пры зручным зьбегу абставінаў пазбавіць Беларусь сувэрэнітэту. Гэта незвычайнае для сучаснага сьвету жаданьне, якому і аналёгіі не падбярэш. Але яно сапраўды мае месца, і яно мацнейшае за ўсе іншыя жаданьні Масквы ў дачыненьні да Беларусі.

Церці паміж А.Лукашэнкам зь ягоным бачаньнем інтэграцыі і Масквою, якая выношвае небясьпечныя для беларускай незалежнасьці мроі, непазьбежныя. Пытаньне толькі ў формах і часе, калі яны выйдуць на паверхню.

Пакуль А.Лукашэнка справакаваў дыпляматычны скандальчык.

Лукашэнка: разам, але асобна

Нязьменнасьць свайго курсу на самастойнасьць ён прадэманстраваў выбарцам на чучале пасла Аяцкава.

Як паведамілі РІА «Навіны» ў сераду ў расейскім пасольстве, меркавалася, што Дз.Аяцкаў прыедзе ў Менск позна ўвечары 28 ліпеня. «Папярэдняя інфармацыя пра тое, што ён прыедзе ў чацьвер, не пацьвердзілася», — сказаў супрацоўнік пасольства. Новыя тэрміны прыезду ў Менск Дз.Аяцкава не называюцца. У пасольстве сытуацыю не камэнтуюць. Чаму так?

Бо напярэдадні прэзыдэнт Беларусі на буйной нарадзе па пытаньнях унутранай і замежнай палітыкі ва ўласьцівай яму зьедлівай форме абурыўся нядаўнімі панібрацкімі заявамі Аяцкава. «Вы знаеце заявы будучага ці, можа, ня будучага, пасла Расеі ў Беларусі Дзьмітрыя Аяцкава, ягоныя экстравагантныя выказваньні. Мы зь імі разьбіраемся. Мы цяпер не валодаем інфармацыяй: гэта інтэрпрэтацыя СМІ ці ён сапраўды гэтак гаварыў. Тым ня менш, дыму без агню не бывае».

Дз.Аяцкаў, якому мірсьціліся ляўры Чарнамырдзіна-2, усяго толькі сказаў, што «Лукашэнку ня трэба надзьмуваць шчокі, каб хтосьці там быў у яго на пасылках». Што сапраўды ня дужа адпавядае эўрапейскім уяўленьням пра дыпляматычны этыкет.

Пакуль што цяжка меркаваць, стане Аяцкаў «будучым» ці ня стане (агрэман ён атрымаў раней). Але будучаму расейскаму амбасадару ясна паказана на месца — пасла, а не якогась там «беларускага намесьніка», як яго ўжо менавала расейская прэса.

Заўважна, што адлуп экс-гараднічаму супаў з абвастрэньнем адносінаў з Польшчай праз Саюз палякаў і дыпляматычную вайну. Лупцаваньне пыхлівага пасла, як гэта часта бывала і ў папярэднія тры гады, мае ўраўнаважыць канфлікт на заходнім кірунку.

Беларускае кіраўніцтва хацела б захаваць цяперашні двухсэнсоўны стан, калі краіны існуюць «разам, але асобна».

Тры дарожанькі

У дзень, калі Аяцкаў даведаўся аб прыкрай неабходнасьці распакаваць валізкі, «зубры» вывесілі над Нямігай расьцяжку «Жыве незалежная Беларусь». Не, яны рызыкавалі ўласным лёсам не для таго, каб вітаць аплявуху Аяцкаву. Проста цяперашняя сытуацыя чараватая небясьпекамі для сувэрэнітэту Беларусі, і незалежнае грамадзтва гатовае мабілізавацца на яго абарону.

Магчымасьць перамогі на выбарах-2006 дэмакратычнага кандыдата моцна клапоціць А.Лукашэнку — гэта праяўлялася і на аўторкавай нарадзе. Ён шукае падтрымкі ў Расеі, але рана ці позна ад яго запатрабуюць «сплачваць доўг» за такую падтрымку.

Пасьля сустрэчы ў Завідаве на сайце politcom.ru зьявіўся артыкул маскоўскага палітоляга Тацяны Станавой з глыбокім аналізам — глядя из Москвы, вядома, — пэрспэктываў беларуска-расейскіх адносінаў. Так, Масква кідае Лукашэнку салодкія пернікі падтрымкі, піша яна. Аднак усе гэтыя «пернікі» адрасаваныя Аляксандру Лукашэнку асабіста, а «ў канчатковым рахунку мэта Масквы — дабіцца больш інтэнсіўных інтэграцыйных працэсаў у фінансава-эканамічнай сфэры». Напрыклад, ажыцьцявіць пераход на адзіную валюту з эмісійным цэнтрам у Маскве. «Лукашэнка вымушаны захоўваць дзьве свае ідэнтычнасьці, — разумее Т.Станавая, — па-першае, як лідэр незалежнай дзяржавы, дзяржаўнік, які адстойвае нацыянальныя інтарэсы беларусаў. Па-другое, як прыхільнік міжславянскай дружбы і асаблівых, цёплых адносінаў з Расеяй. Занадта цесная інтэграцыя з Расеяй можа пацягнуць страту першага складніка ідэнтычнасьці, а канфлікт з Расеяй — другога». Характэрна, што расейская палітоляг выразна адчувае супярэчнасьць нацыянальных інтарэсаў Беларусі і патрэбаў «міжславянскае дружбы».

Расея вабіць Лукашэнку страхоўкай ад неўнікнёнай калісьці выбарчай паразы, калі ён пойдзе «дарогай у Расею». Але Лукашэнка не ідзе «дарогай у Расею», бо абгрунтавана мяркуе, што пасьля такога паглыбленьня інтэграцыі непазьбежна страціць уладу. Магчыма, без паразы. Проста страціць. Чужая яечня ня вечна…

Захад заклікае Беларусь пайсьці «дарогай на Захад», але падае зьмену лідэра ўмоваю такога шляху. Таму дарогу на Захад Лукашэнка лічыць закрытаю. Ніхто не знайшоў для яго варыянту, пры якім яна адкрылася б. У выніку Беларусь трымаецца курсу на гордую самаізаляцыю.

Некаторыя тэндэнцыі разь- віцьця краіны падаюцца перадвызначанымі. Беларускі сувэрэнітэт ня быў зьліквідаваны за пятнаццаць часам няпростых гадоў, гаспадарка Беларусі пераарыентуецца на эўразьвязаўскі рынак збыту. Эканамічна Беларусь дрэйфуе на Захад, але гэта не суправаджаецца палітычнымі зьменамі, і гэта стварае рызыкі для сувэрэнітэту і стрымкі для эканамічнага разьвіцьця.

Ці існуе для А.Лукашэнкі шлях, якім ён мог бы пайсьці на Захад? А ці існуе шлях, па якім ён можа выйсьці за межы сваёй саматоеснасьці? Саматоеснасьці савецкага чалавека. Савецкага кіраўніка, якім ён навучаўся быць. Ідэальнага кіраўніка для савецкага часу.

Лукашэнка сканструяваў такую пабудову, пры якой ён стаў гарантам сувэрэнітэту і гарантам інтэграцыі адначасова. На пытаньне, ці так бывае, кожны знойдзе свой адказ. На пытаньне, колькі гэта можа доўжыцца, адказу няма ні ў кога.

Барыс Тумар

Як заява Пуціна адаб’ецца на будучыні беларуска-расейскіх адносінаў?

Андрэй Фёдараў, рэдактар аддзелу міжнароднай інфармацыі «БДГ»:

Тут трэба ісьці шляхам ад адваротнага: чаму Пуцін зрабіў такую заяву? Відаць, Расея будзе старацца яшчэ глыбей уцягнуць Беларусь у саюзную дзяржаву. Як будзе рэагаваць на гэта беларускае кіраўніцтва? Усё будзе залежаць ад абставінаў, у якіх будзе адбывацца гэты націск. На сёньня такі супраціў будзе. Аляксандар Лукашэнка разумее, што ўсялякія гарантыі — гэта зусім ня тое, што быць першай асобай з практычна неабмежаванымі паўнамоцтвамі.

Уладзімер Мацкевіч, палітык:

Ніяк. У Беларусі яшчэ больш пераканаюцца, што расейцы не разумеюць нашых справаў. Бязглузьдзіца ёсьць бязглузьдзіца! Зрэшты, што чакаць ад чалавека, які двойчы езьдзіў наёмным піяршчыкам на падтрымку Януковіча!..

Сяргей Леўшуноў, кандыдат юрыдычных навук:

Ніяк. У гісторыі ёсьць шмат прыкладаў, калі прадстаўнікі адной нацыі (як амэрыканцы і канадцы) жывуць у розных дзяржавах, і гэта ім не замінае. Так што гэта не нагода для стварэньня адной дзяржавы.

Андрэй Казакевіч, палітоляг:

Ніяк не паўплывае, бо для нашай улады такое выказваньне ня ёсьць ні абразай, ні выказваньнем варожасьці. На стасункі могуць паўплываць інтэграцыйныя прапановы ці эканамічныя, а не такія выказваньні, нават калі кіраўніцтва Беларусі палічыць іх абразьлівымі для сябе.

Алесь Лагвінец, палітоляг, выканаўчы дырэктар «Беларускага шуманаўскага таварыства» (Польшча):

Так уся расейская кіраўнічая палітычная кляса ўспрымае Беларусь. Цяжка сказаць, што гэта неяк паўплывае на дачыненьні зь Беларусьсю, бо гэтую ж тэзу падзяляе і бальшыня беларускай кіраўнічай эліты. Горш за ўсё тое, што гэта тэза пастаянна агучваецца і рэпрадукуецца. Беларускай грамадзкасьці варта адрэагаваць на гэтую заяву, каб не выглядала, што мы пагаджаемся.

Апытваў Аркадзь Шанскі

Выбары праз год

Лукашэнкаўцы хочуць правесьці выбары ўлетку, калі студэнты разьедуцца на вакацыі, а сярэдняя кляса — на адпачынак. Гэтак трэба разумець інтэрпрэтацыю нормаў заканадаўства Цэнтравыбаркамам, які абвесьціў, што наступныя прэзыдэнцкія выбары адбудуцца не пазьней за 19 ліпеня 2006 году.

Сакратар Цэнтравыбаркаму Мікалай Лазавік заявіў, што, паводле Канстытуцыі, выбары кіраўніка дзяржавы павінны прайсьці не пазьней чым за два месяцы да сканчэньня тэрміну паўнамоцтваў «папярэдняга» прэзыдэнта, пачаткам якога лічыцца інаўгарацыя 20 верасьня 2001 г.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0