Тандэм Юшчанка—Цімашэнка запусьціў маштабную прапагандысцкую кампанію «Кохаємося». Лёлік Ушкін перайшоў да палявых дасьледаваньняў украінскага сэксу.

Прыкладна год таму «маці гарадоў рускіх» нагадвала сталіцу з оруэлаўскай Акіяніі. Што ні кілямэтар, то білборд, зь якога на цябе лыбіцца Вялікі Брат у асобе Віктара Януковіча. Праўда, былы экспэрт па крадзяжы футравых шапак з публічнай прыбіральні ў Янакіеве не нагадваў, як той Вялікі Брат, што ты, чувак, жывеш у рэаліці-шоў. Подпіс на бігмордзе (гэтак тады называлі білборды) проста канстатаваў — «Таму»: на малюнку Януковіч таму, што патрыёт, таму, што разумная асоба…

Мінуў год, і мой любімы горад зноў затыканы аднатыпнымі білбордамі. Гэтым разам фіялетавага колеру з надпісамі: «Украіне патрэбныя касманаўты. Кахаемся!», «Украіне патрэбныя футбалісты. Кахаемся!», «Украіне патрэбныя «Оскары». Кахаемся!»…

Гэта першая маштабная кампанія ў галіне сацыяльнай рэклямы, якую ініцыяваў Юшчанкаў урад. Мэта павальнага каханьня — «украінцаў павінна быць 52 мільёны чалавек». Задача не такая ўжо і валюнтарыстычная: Цімашэнка ўзьняла бонус за нараджэньне дзіцяці да некалькіх тысяч зялёных.

Аднак больш прыкольна тое, як новая кампанія адбілася на ўкраінскім сэксуальным дыскурсе.

Сёньня любы сэксуальны подзьвіг або заляцаньне трэба разумець як акт ляяльнасьці рэжыму. Клясычная схема флірту палітызуецца: «Марычка, ну давай!..» — «Добра, аднак май на ўвазе: толькі таму, што краіне не хапае касманаўтаў». Як вынік, усе людзі са здаровым сэксуальным тонусам у вачах грамадзтва становяцца «аранжыстамі».

А што ж прадстаўнікі камуністычнай і алігархічнай апазыцыі? Натуральна, як палітычныя апанэнты кіроўнай кааліцыі яны хацелі б, каб кампанія «Кахаемся» гікнулася. Інакш у выніку дэмаграфічнага росту Юшчанка і К° атрымаюць піярную бомбу ды зробяць ім на выбарах у сакавіку’2006 электаральную Хірасіму. Але як канкрэтна павінен выглядаць сабатаж? Даводзіць са спасылкай на статыстыку, што ва Ўкраіне няма столькі сала, каб пракарміць 52 мільёны ратоў? Сьмешна.

Апазыцыянэрам застаецца адно — быць вельмі асьцярожнымі да прапаноў эратычнага характару. «Марычка, ну давай!..» — «Разьбегся! А можа, ты аранжыст хрэнаў? Ідзі да Цімашэнкі». Гэтакая калектыўная асьцярожная рэакцыя апазыцыянэраў на сэксуальныя прапановы адразу стварае ім нэгатыўны імідж — фрыгідных асобаў ды імпатэнтаў.

Як бачым, манапалізацыя і індактрынацыя сэксуальнага жыцьця — сапраўды супэрход аранжавага палітычнага піяру. Цікава, ці імпартуюць айчынныя паліттэхнолягі досьвед Украіны падчас кампаніі 2006 году?

Прыкольна было б убачыць наступным годам уздоўж праспэкту білборды «Краіне не хапае мянтоў. Кахайцеся!», «Краіне не хапае пераможцаў «Дажынак». Кахайцеся!», «Краіне не хапае сяброў будаўнічых атрадаў БРСМ для рэканструкцыі Аўгустоўскага канала. Кахайцеся!». Ну а на БТ замест роліка «Будзь здольная сказаць «Не» запусьціць трэк «Заўсёды кажы «Так!».

Цяжка прагназаваць вынікі такой рэклямы, аднак у любым выпадку антылукашыстам трэба не тармазіць. Як наконт налепак з заклікам «Беларусі не хапае Скарынаў. Кахайцеся!»?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0