Быць адначасова нацыяналістам і пэсымістам немагчыма. Ці не таму апазыцыя недастаткова ўлічвае небясьпекі?

Пэсымізмам, адкрытым ці зьлёгку замаскаваным нявер’ем у магчымасьць перамогі над дыктатарскім рэжымам, прасякнута духоўная атмасфэра сёньняшняй Беларусі, асабліва асяродку інтэлектуальнай апазыцыі. Пэсымізм прыпісваўся й Васілю Быкаву.

Пастаноўка такога пытаньня памылковая ў прынцыпе. Скептычныя выказваньні вялікага пісьменьніка былі цьвярозаю ацэнкаю пэрспэктыў нацыянальна-культурнага адраджэньня народу. Часавы маштаб працэсу перавышае працягласьць жыцьця пакаленьня, якое стала пад бел-чырвона-белыя сьцягі ў канцы 1980-х. В.Быкаў быў гарачым прыхільнікам Адраджэньня й перакананым нацыяналістам. Быць нацыяналістам і пэсымістам адначасова немагчыма. Як немагчыма адначасова быць вялікадзяржаўным шавіністам і дэмакратам.

Народ, у адрозьненьне ад асобы, вечны. Але да тых часоў, пакуль жыве ў сувэрэннай дзяржаве. Быкаў неаднаразова і недвухсэнсоўна заклікаў зрабіць усё, каб захаваць сувэрэнітэт Беларусі. Ня верыць ілжывым абяцаньням росквіту ў нікім ня бачаным Саюзе Беларусі і Расеі.

Зь цягам часу ў сувэрэннага народу можа зьмяніцца гукавы выгляд мовы. Сучасныя кітайцы і японцы размаўляюць ня так, як дзьве тысячы гадоў таму. Але дзякуючы графічна нязьменным гіерогліфам, якія перадаюць не гучаньне, а сэнс слова, яны захавалі духоўны код сваёй культуры. Таму і не адмаўляюцца ад свайго архаічнага пісьменства.

У нас няма гіерогліфаў. Таму абарона мовы і сувэрэнітэту — зьвязаныя праблемы. Менавіта гаротны стан беларускай мовы ў Беларусі выклікаў горкія выказваньні В.Быкава. Але справа ўжо не безнадзейная, бо моўная праблема стала тэмаю грамадзкіх дыскусій. Больш за тое, можна сьмела сьцьвярджаць, што немагчыма прымусіць масквіча размаўляць так, як А.Лукашэнка. Таму што мова нашага прэзыдэнта — жахлівае беларуска-расейскае кайнэ. Каб было ў Аляксандра Рыгоравіча больш тонкае адчуваньне мэлёдыкі мовы, ён абавязкова выбраў бы адну зь іх.

«Трасянка» вельмі выгадная для А.Лукашэнкі па палітычных матывах. Яна забясьпечвае яму ўстойлівую электаральную падтрымку расейскай меншасьці ў Беларусі. І робіць у нейкай ступені праўдападобнымі яго інтэграцыйныя гульні ў Маскве. Апошні ягоны візыт да У.Пуціна зноў актуалізаваў дзьве праблемы — выбараў і сувэрэнітэту. Яны зьвязаныя і пераплеценыя між сабою самым мудрагелістым чынам.

Ёсьць рацыя ў тых маскоўскіх камэнтатараў, якія лічаць, што датэрміновыя выбары былі галоўным клопатам з боку А.Лукашэнкі. Пасьля леташняга рэфэрэндуму і атрыманьня фармальнай магчымасьці неабмежаванай колькасьці баляціровак на пасаду прэзыдэнта мажлівыя датэрміновыя выбары — казырная карта ў руках менскага дыктатара. Робіцца зразумелым яго намер правесьці так званы Ўсебеларускі народны сход у пачатку наступнага году. Яму важна дасягнуць з РФ выгадных «газавых» дамоўленасьцяў на зіму 2005/06. Тады нішто ня зможа перашкодзіць правесьці датэрміновыя выбары на просьбу народу ў канцы ацяпляльнага сэзону і дасягнуць патрэбнага выніку. А будучы пераабраным на новы тэрмін, ён атрымае перавагу перад У.Пуціным і будзе ў стане пачаць інтэграцыйныя гульні з чыстага аркуша.

Адзінай слабасьцю гэтага пляну зьяўляецца тое, што да вясны-2006 апазыцыя здолее скончыць свой пакутлівы працэс аб’яднаньня і будзе мець адзінага дэмакратычнага кандыдата ў прэзыдэнты. Хаця і мала часу на яго папулярызацыю. З двух ліх А.Лукашэнка выбірае меншае — змаганьне з аб’яднанай апазыцыяй, якую яшчэ можна будзе паспрабаваць раскалоць і моц якой ён відавочна недаацэньвае.

Пакуль абедзьве гэтыя небясьпекі апазыцыяй улічваюцца недастаткова. Раённыя сходы па выбарах дэлегатаў на Кангрэс дэмакратычных сіл, нягледзячы на супраціў мясцовай і цэнтральнай вэртыкалі, адбыліся ўжо больш чым у 80 раёнах. Агулам працэс скончыцца каля сярэдзіны жніўня. Але сам Кангрэс заплянаваны на другую палову верасьня. Там акрамя абраньня адзінага кандыдата плянуецца абмеркаваць і складаныя пытаньні фармаваньня ценевага ўраду і перадвыбарнай плятформы. Складаныя таму, што ўтрымліваюць зерні расколу.

А магчымая зацяжка з пачаткам кампаніі папулярызацыі лідэра аб’яднанай апазыцыі, якую і так складана праводзіць у зімовых умовах, можа падпаліць непатрэбную канкурэнцыю. Калі кіраўнікі «Дзясяткі», якая вырасла зь «Пяцёркі+», ня здолеюць знайсьці спосаб бесканфліктнага вырашэньня гэтых пытаньняў, то апазыцыя сама можа стаць суаўтарам новай «элегантнай» перамогі рэжыму А.Лукашэнкі. Паколькі, як здаецца, апошні ў чарговы раз абыграў маскоўскага партнэра.

ЮРЫ ХАДЫКА — прафэсар фізыкі, намесьнік старшыні БНФ.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0