Там — Эўропа, Эўрасаюз і NATO. Тут — цішыня закінутых хутароў. З вандроўкі праз Браслаўшчыну і Мёршчыну піша Сяргей Харэўскі. + Фотарэпартаж.

Мяжа з Латвіяй — найстарэйшая ў Беларусі. Фактычна яна ўтварылася ў 1919 г., а заканадаўча была аформленая Рыскай дамоваю 1921 г. Тая польска‑латыска‑расейская мяжа, што разорам прайшла па беларускай зямлі, захавалася да сёньня. У Латвіі апынуліся Дзьвінск, Краслаўка, Рэжыца, дзясяткі беларускіх вёсак былое Віцебскае губэрні. Старажытнае мястэчка Друя пасеклі папалам. На нашым беразе застаўся Сапежын, а прадмесьце Прыдруйск, што на другім беразе Дзьвіны, апынулася ў Латвіі. Па былой польска‑латыскай мяжы праходзяць межы Мёрскага й Браслаўскага раёнаў.

Мёршчына — надзіва раўнінны край, як для Паазер’я. Шырачэзныя разлогі пашаў і выганаў, з усюднай хваёвай стужкаю на даляглядзе. У зіхоткія люстэркі азёраў глядзіцца неба. Мажныя каровы й мітусьлівыя авечкі на зялёных‑зялёных лугах у россыпах рознакаляровых валуноў.

Пра блізкасьць Латвіі нагадвае й назва вёскі Латышы, хоць латышоў тут даўно ніякіх няма. А вось дзеці амаль усе ў Латвіі. «Там, там», — няпэўна махаючы на поўнач, кажуць тут людзі. Там — Эўропа, Эўразьвяз і НАТА. Тут — цішыня закінутых хутароў.

Пра тое, што гасьцей тут не чакаюць, у Мёрах пераконваесься адразу, як толькі захочаш пад’есьці. Адзіны рэстаран «Чайка» — «на спэцабслугоўваньні», у кавярні «Маладзёжная» нічога гарачага яшчэ не гатавалі. А кошты сталічныя! Пакуль зробяць гарачы рыс з сасіскамі, у пустынным шэрым будынку кавярні можна агледзецца. Усё ж, Мёрскі манастыр згадаў у сваім тастамэнце Сімяон Полацкі. Пэўна ж, неяк быў ён зьвязаны з гэтым кутком.

Ніякіх манастыроў на Мёршчыне няма. Затое ёсьць велізарны й прыгожы касьцёл, у якім вось ужо шмат гадоў шчыруе канонік а. Уладзіслаў Пятрайціс, які адрадзіў каталіцкі друк па‑беларуску. Разам зь пісьменьніцай Ірынай Жарнасек ён пачаў выдаваць газэту «Голас душы». Тады, у «перабудову», гэта была падзея нацыянальнага маштабу. Цяпер а.Пятрайціс ачольвае Мёрскі дэканат зь сямнаццаці парафіяў. Дзякуючы яго рупнасьці, беларушчына тут квітнее. Тутсама ладзіцца штогод фэст «Зорка Бэтлеему», што зьбірае па Калядах моладзь і дзяцей Віцебшчыны.

Мёршчына — радзіма шмат якіх рэлігійных дзеячоў. Адсюль родам ксёндз і пісьменьнік Ільдэфонс Бобіч, вядомы ў літаратуры як Пётра Просты, адзін з пачынальнікаў беларускага руху ў пачатку ХХ ст.; грэка‑каталіцкі сьвятар Тамаш Падзява, тэоляг і сацыёляг, пэдагог і публіцыст; яго паплечнік біскуп Часлаў Сіповіч, генэрал ордэну марыянаў, заснавальнік Беларускае каталіцкае місіі ў Брытаніі.

Ня пройдзе мінак і міма помніка ненароджанаму дзіцяці, работы скульптара Алеся Дранца, што стаіць перад касьцёлам. Ёсьцека ў Мёрах і выдатны гісторыка‑этнаграфічны музэй. Зусім не савецкі. Адкрыты яшчэ тады, у 1994. Яшчэ адзін душэўны краязнаўчы музэй у школе. І імпазантная капітальная набярэжная, даўжынёй у паўкілямэтра, з масткамі й парапэтамі, сходамі й лавамі, над чысьцюткім Мёрскім возерам. Патэнцыял велічэзны. А вось жа сёньня падарожжа на Мёршчыну — экстрым. Мабільная сувязь зьнікае. Пра інтэрнэт маўчу. Начаваць і сталавацца турыстам у Мёрах няма дзе. У лесе таксама! Бо памежжа.

Па дарозе на Друю, у бок самай мяжы можна ўбачыць найцікавейшы помнік дойлідзтва — касьцёл Маці Божай Шкаплернай, пабудаваны ў 1930‑я. Суворая й ляканічная, яго архітэктура выклікае ў памяці вобразы раньняга Сярэднявечча. А між тым гэта бэтон і цэмэнт. На імшу сюды зьбіраецца багата народу. І паркуе свае ровары пад касьцёлам. У цішы надвячоркам чуваць толькі рып пэдаляў і шоргат гумовых колаў па пяску.

Дарэчы, на Мёршчыне насамрэч багата помнікаў дойлідзтва. Мала хто й ведае, напрыклад, пра старажытную званіцу XVI ст., што зьбераглася ў раёне хутароў Навалака, недалёка ад Новага Пагосту, калёну ў гонар нашае Канстытуцыі 1791 году ў Лявонпалі ці пра тамтэйшыя стараверскія цэрквы. Дзіва што: да «абласнога цэнтру» 200 км, а да Менску — 250! Але найпершая праблема тут не адлегласьць, а поўная адсутнасьць хоць якое турыстычнае інфраструктуры. І зьнялюдзеньне. Пакрысе ўздоўж мяжы затухае жыцьцё, зарастаюць вербалозам былыя вёскі, хутары. Зьнікаюць у дзірване колісь брукаваныя дарогі.

На Браслаўшчыне — тое самае. Але тут сустракаюцца ўжо й закінутыя фэрмы, нейкія савецкія разваліны… Перарэзаныя, а некалі бойкія, дарогі ў Латвію й Літву. Мяжа. Разышліся берагі. Бальшыня тутэйшых некалі зьехала туды на заробкі. А цяпер ім на Бацькаўшчыну не даехаць. Дарагія візы й білеты, тлум з дакумэнтамі. Высьвятляецца, што дастаць пропуск у памежную цяпер зону надзвычай цяжка і для саміх беларускіх грамадзянаў. Усё залежыць ад ласкі старшыняў сельсаветаў. Паспрабуй тут дамоўся, калі прыехаў зь Віцебску ці Менску! А калі яшчэ й начальнік не зь мясцовых…

Друя сёньня — суцэльная руіна. Адно толькі адноўлены касьцёл і кляштар бэрнардынаў упрыгожваюць навакольле. Некалі акурат тут і быў закладзены славуты асяродак беларускіх марыянаў. Побач з падмуркамі старажытнае сынагогі — нядаўна пастаўлены мэмарыял на месцы адной з самых вусьцішных магілаў Беларусі. Тут увадначас былі забітыя больш як 700 чалавек, жыдоў зь Мёраў, Друі й Лявонпалю. Хоць помнік быў пастаўлены рупнасьцю саміх габрэяў, улады пасьпяшаліся прычапіць тут шыльдачку са сваім гербам і няўцямным надпісам «Воінскае пахаваньне. 5747». А мэмарыял ужо зацягваецца дзірваном. Тутсама, у Друі, захаваўся й велізарны жыдоўскі нэкропаль, на якім ацалелі надмагільлі ажно з XVII ст. Магутнае ўражаньне. І ад маштабаў і ад ашчаднага дагляду. «Во, як габрэі пра сваіх мёртвых клапоцяцца! А нашы й пры жывых нашчадках рады не дадуць»,— кажа мне выпадковы мінак, тутэйшы. І праўда, хрысьціянскія могілкі ў гаротным стане. Дзікасьць і запусьценьне.

А Дзьвіна тут магутная. Велічна й годна нясе свае пругкія воды да мора.

Хай людзі ўбачаць вашымі вачыма
Дасылайце на [email protected] вашы фатаздымкі. Зьмяшчайце народныя навіны. Паведамляйце пра пільныя здарэньні на тэлефоны
(029) 707-73-29,
(029) 613-32-32,
(017) 284-73-29
Хай людзі вас пачуюць!

На сутоку з Друйкаю — адзін з Барысавых камянёў. Цяпер расколаты. Тут ціхімі летнімі вечарамі рыбакі адзначаюць свой улоў. Бітае шкло. Нехта немаведама дзеля чаго запэцкаў старажытны камень саляркаю.

На тым беразе — Латвія, колішні Прыдруйск, цяпер Піедруя, НАТА, патэнцыйны праціўнік. Дамы, прынамсі, з вокнамі й дахамі. Зіхцяць купалы царквы й касьцёлу. Спакой і пэўнасьць. Навюткая латвійская застава. Ахайна й дыхтоўна. Кацеры і надзіманыя чаўны памежнікаў выглядаюць цацачна. Але ўсё тут сур’ёзна. Туды дарогі нам няма.

Мужыкі абапал ракі вудзяць рыбу. Стаяў, глядзеў. Думаў, а мо зачэпяцца кручкамі сьпінінгаў. Не чапляюцца. Чыя рыба смачнейшая?

У вёсцы Мяжаны, рыхтык у якім турыстычным буклеце, зграбны касьцёл адлюстроўваецца ў ставе. Касьцёл Маці Божае Анёльскае тут пабудаваў польскі дойлід Юліюш Клос у 1933 г. Ён збудаваў паў‑Браслава й палюбіў гэты край. Стары драўляны касьцёл, што ўлады не давалі давесьці да ладу, згарэў у 1985. Але празь дзесяць гадоў яго аднавілі, з цэглы, паводле праекту Ўладзімера Папругі, дойліда‑рэстаўратара зь Менску. Прапорцыі й абрыс былое сьвятыні былі ўзноўленыя дакладна. Пастараль: касьцялок на гары, а пад ім стаў, вакол вады ўсё скошана, стаяць лавы, шапацяць маладзенькія вербы, цікаўна сочыць рудое жэрабя… За імі пустыя навюткія дамы. Аграгарадок.

«Ня месныя» замест «тутэйшых»

Мястэчка Слабодка, што высока пасела на стромых гарах, крыху вырасла. Вялікія дамы пачалі налазіць адзін на адзін. Цяпер тут нерухомасьць каштуе як пад Менскам. Таму й лезуць. Вакол высачэзнага касьцёлу — кветкі, газоны, новая скульптура сьвятой Эўфрасіньні Полацкай. А вось жа хаты славутага разьбяра Пятра Зяляўскага я ўжо не знайшоў. Распытацца ў людзей не атрымалася. «Я не местный», — усё часьцей можна пачуць у гэтых краях. Некаторыя скульптуры гэтага народнага генія, старога Зяляўскага, які не даваў спакою ані ўладам, ані касьцёльнай грамадзе, зьберагаюцца цяпер у браслаўскіх музэях.

У Браславе, насуперак настойлівай рэкляме, таксама мала дзе можна прыткнуцца. Два невялікія гатэлі запоўненыя цалкам. У адзінай тутэйшай рэстарацыі толкам не паясі. Затое на разьвітаньне бармэнка раіць прыйсьці сюды вечарам на танцы. І праўда, маладухі тут ёсьць рэзвыя… Яшчэ можна схадзіць у кіно, паглядзець альбо жахі, альбо… жахі. Культурная палітыка.

Колісь брукаваныя сьцежкі на Замчышча шчодра заклалі асфальтам. Каб начальства ў машынах ня трэсла. А старасьвецкія будынкі вакол як былі ў занядбаньні, так і стаяць, чакаючы гаспадарскіх рук. Адно толькі, касьцёл стаў нібы нават большым. Вакол яго не сьціхае праца нават на зьмярканьні. Толькі падчас імшы становіцца ціха й урачыста. Тут шанаваны ўсімі каталікамі санктуарый Каралевы Азёраў — Маці Божае Браслаўскае. Гукі сьвятое імшы й сьпевы ліюцца над вечаровым Браславам. Маці Божая Валадарка азёраў, маліся за нас!..

На цьвінтары гарэзяць дзеці, чакаюць бацькоў. Шэпчуцца ў кутку дзяўчаты: «Ну да! Так я шчас і пайду! Вой… нада ж у касьцёл зайсьці, пастаяць, пакуль маці дахаты ня пойдзе…».

Як і дваццаць гадоў таму

Зрэшты, слаўны Браслаў жыве паўнавартасным жыцьцём. Дзякуючы касьцёлу, музэям і тлумам турыстаў, што наводзяць тут вэрхал тры месяцы на год… Так‑сяк, але даглядаюцца тут вакол дарогі, неяк круцяцца тубыльцы, спрабуючы зарабіць, прымаючы, частуючы й возячы адпачываючых.

Але ўжо за якіх кілямэтраў дзесяць у бок мяжы сьляды чалавечага існаваньня зноў прападаюць. Малады камарыны лес становіцца ўсё гусьцейшым. Абапал дарогі велізарныя падмуркі некалі ладных хатаў.

У Дрысьвятах усё тое ж самае, што й было гадоў дваццаць таму. Толькі стала меней людзей, меней машынаў, меней быдла. Няма ў іх і літоўскіх візаў. Дый ня езьдзяць нікуды. Беспрацоўе й нэндза. Адно толькі касьцёл для некаторых — збавеньнем. Праўда, да новага тутэйшага ксяндза ставяцца насьцярожана. Разгаварыць людзей, у чым справа, ня здолеў. Але, кажуць, дзеці яго любяць. Імкнуцца ў касьцёл. «І мае туды ходзяць», — кажа загадчык дрысьвяцкага клюбу. «А Вы самі?» — «А я не мясцовы».

Высьвятляецца, што загадчыкам клюбу працуе былы выпускнік Горацкае сельскагаспадарчае Акадэміі, сам родам з Дубровеншчыны. Заробкам у 400 тыс. задаволены. Іншае працы ў ваколіцах няма. Але як жонка, былая настаўніца, цяпер бяз працы, ды двое дзяцей, то заробак гэты… Толькі азёры й ратуюць — рыба. Дзякаваць Богу, тут яе шмат.

Ідучы па вуліцы Замкавай, з трох хат, падняўся да касьцёлу Сьвятых Пятра й Паўла. Таго самага, у беларускім стылі, што пабудаваў у 1928 годзе Леў Вітан‑Дубейкаўскі. Адсюль, са спарадкаванага, нарэшце, касьцёльнага цьвінтара, адкрываецца эпічная панарама на неабсяжныя тутэйшыя азёры, краі якіх сыходзяць за далягляд. Чысьціня й нішчымнасьць.

А на другім баку — ва ўсёй сваёй красе Ігналінская АЭС. І дымок там і пара, рыхтык як зь вясковае хаты. Поўнай нечаканасьцю для мяне стала тое, што ГЭС «Дружба народаў» пасярод Дрысьвятаў належыць… Літве. Як мае быць, плот, дрот. Тутэйшы люд тут болей ні пры чым. Стоячы гэтак блізка, разумееш усю сутнасьць «клопату» пра экалёгію Браслаўскага краю цяперашніх уладаў. То бок сам факт АЭС на беразе Дрысьвятаў яны не аспрэчваюць, бо ж тады трэба замахнуцца на савецкую практыку, а гэта для іх сьвятое… А вось жа паспрабаваць падпаскудзіць суседзям‑літоўцам, запярэчыўшы плянам стварэньня радыяцыйнага магільніка пры самой Ігналіне, то гэта можна. Зрэшты, Масква й не такому навучыць. Літоўская грамадзкасьць бязглуздых пратэстаў не заўважыла, а вось эўрапейскія палітыкі яшчэ раз пераканаліся, з кім маюць справу ў Менску. Культура палітыкі.

Дарэчы нагадаць, што калі рабілі радыяцыйны магільнік у Маларыце, каб закапаць расейскае «дабро»— заражаны радыяцыяй грунт, што выявілі ў цэнтры Берасьця, пры чыгунцы, нікога не пыталіся. Ані саміх жыхароў Маларыты, ані суседзяў за Бугам.

Зрэшты, шматлікія замеры ў раёне Дрысьвятаў за апошнія гады ніякае радыяцыі тут ня выявілі. Ды й электрычнасьць сюды, да нас, ідзе акурат з тае Ігналіны.

Дарога за Дрысьвятамі, ужо цалкам грунтовая, праз Опсу, вядзе да Відзаў. Шыкоўныя касьцёлы ў Пеліканах, Опсе і Відзах, што ўзвышаюцца над маленькімі мястэчкамі, здалёк выглядаюць ужо зусім сюррэалістычна сярод зьдзічэлага навакольля. Нават ня ведаю, ці цешыцца, што ў Відзах зрэзалі стары парк на плошчы. Нібы й старых дрэваў шкада. І ведаю, што з гэтай уладаю тут нічога добрага ня будзе… Але раскрыўся від на пекны касьцёл, і нібы ў вачах пасьвятлела. Ці тое завецца надзеяй?

Вакол, колькі сягае позірк, не відаць ні слупоў, ні дратоў, ні якіх машын. Спыніўшыся, нават не пачуеш сабачага брэху. Затое можаш убачыць лася, які паважна й салідна будзе разглядаць цябе, з адчуваньнем уласнай поўнай перавагі. Жоравы ходзяць зусім блізка, здаецца, і рукою бы дастаў. Шустрыя бабры ўжо завалілі былыя мэліярацыйныя каналы. Тупік. У засені старых прысадаў, у якіх надвячоркам шнуруюць кажаны, пабачыў руіны велізарнага дому. Пэўна ж, вось тут віравала жыцьцё. Людзі, што сьцягвалі сюды гэтыя велізарныя валуны, рылі склепы, ставілі ставы, садзілі ліпы, думалі пра ўнукаў. А сёньня й не разьбярэш, дзе хто й чыё тут што…. Пры мяжы.

    Здымкі аўтара і Алеся Матафонава

Мёры. Помнік ненароджанаму дзіцяці

Слабодка. Эўфрасіньня Полацкая

Відзы. Парк сякуць, трэскі лятуць

Друя. Барысаў камень

Цілі-цілі-цілі-бом. Мірны атам у кожны дом. На тым беразе Ігналіна.

Ідолта. Касьцёл, пабудаваны ў 1930-ыя

Касьцёл сьвятых Пятра і Паўла над Дрысьвяцкімі разлогамі

БЯЗ ВАС — НІЯК
Сайт nn.by робіцца на Вашы грошы. Ахвяраваньне можна перавесьці ў любым аддзяленьні банку, на любой пошце. На банкаўскай квітанцыі ў графе «Від плацяжа» трэба пазначыць: «Ахвяраваньне за Інтэрнэт». У графе: «Атрымальнік плацяжа» трэба пісаць: ПВУП «Суродзічы», УНП 190786828. У графе «Найменаваньне банку» трэба пісаць: «МГД ААТ «Белінвестбанк», вул.Калектарная, 11, Мінск, код 764». У графе «Рахунак атрымальніка» — 3012206280014. Пры перасылцы грошай па пошце тое самае трэба пісаць у рубрыках «Каму» і «Куды».
Раздрукаваць банкаўскую квітанцыю (pdf-файл 38Кб, A4).

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру