Той, хто хоць раз пачуў шчымлівае «Разьвітаньне з Радзімай» Міхала Клеафаса Агінскага, не забудзе яго ніколі. І той, хто аднойчы завітаў у Залесьсе, што на Смургоншчыне, дзе знакаміты кампазытар напісаў свой геніяльны твор — вернецца сюды абавязкова.

Да вялізных ліпаў і клёнаў старога парку, возера з млыном і палацу… Тут жыве дух старой добрай Заходняй Беларусі, яе гонару, годнасьці і шляхецтва. Дыхаецца тут вальней!

Апошні дзень ліпеня. Сьпёка на мяжы з вар’яцтвам. Маёнтак-музэй Агінскага чарговы раз прымае гасьцей. Ставіцца спэктакль «Фантазія ля-мінор» У.Драздова.

Адна справа — глядзець п’есу ў сьценах тэатру, зусім іншая — перанесьці яе дзеяньне ў будынак XIX ст. Хоць і ўзьнікае шэраг цяжкасьцяў: непрыстасаванае памяшканьне, праблемы з гукам і сьвятлом. Усё ж Менскі абласны драматычны тэатар рашыўся на такую «авантуру». І не дарма!.. У залескім маёнтку прысутнічае энэргетыка, аўра мінулых часоў: сьцежкамі старадаўняга парку хадзіў сам Міхал Клеафас, думаючы пра музыку, палітыку, асабістае жыцьцё.

Некаторыя падзеі і дыялёгі далёкіх дзён падзелаў Рэчы Паспалітай і вайны 1812 г. фантастычна супалі з сучаснымі беларускімі рэаліямі. На сцэне мы бачым трагедыю патрыёта-літвіна (часам яна нагадвае шызафрэнію), які робіць усё магчымае для волі і заможнасьці свайго краю, але дасягнуць гэтага немагчыма. Найлепшым сынам айчыны не хапае рашучасьці і волі, а Кацярына ІІ фактычна аднаасобна вырашыла палітычны лёс Рэчы Паспалітай. Чамусьці падумалася: сёньня беларусам, як і 200 год таму, не хапае рашучасьці ў адстойваньні сваіх правоў і моцы ў абароне сваёй краіны…

За жыцьцёвай трагедыяй таленавітага чалавека і патрыёта можна было сачыць на фоне маёнтку, які трымаецца з апошніх сіл, каб не разваліцца і ня стаць канчаткова гісторыяй: вокны наглуха забіты драўлянымі аканіцамі, цэгла вылятае са сьцен, пыл і шэрае павуціньне па кутах як прыкмета нежылога памяшканьня. Музэй у стадыі рэстаўрацыі, што цягнецца ня першы дзясятак год, — гучыць сумна і крыху безнадзейна… Ён трымаецца з апошніх сіл, яшчэ трымаецца. Мо таму, што тут жыве дух Агінскага?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0